Ушачский клуб национальной кухни «Прысмакі» демонстрирует своё мастерство на различных мероприятиях

Культура

Уменне смачна гатаваць – адна з самых каштоўных якасцяў жанчыны. І нават зараз, у эпоху “хуткіх абедаў” і паўфабрыкатаў, кулінарныя таленты гаспадынь цэняцца нічуць не менш. І насамрэч, хіба магазінная каўбаса і пельмені могуць параўнацца з дамашнім студнем, дранікамі і мачанкай, рэцэпты якіх прыйшлі да нас ад прабабак. Менавіта для таго каб захаваць гэтую каштоўнасць, перадаць старажытныя кулінарныя сакрэты сучасным гаспадыням, у раённым метадычным цэнтры аддзела культуры райвыканкама ў 1998 годзе быў створаны клуб нацыянальнай кухні “Прысмакі”, які аб’яднаў лепшых гаспадынь Ушаччыны, што любяць і ўмеюць гатаваць. У хуткім часе клуб атрымаў званне “народны”, якое ўжо тройчы пацвердзіў. Зрэшты, яго дзейнасць не абмяжоўваецца сумесным прыгатаваннем страў: жанчыны атрымліваюць побытавыя навыкі ў вядзенні асабістай гаспадаркі, рыхтуюць розныя масавыя мерапрыемствы, вучацца правільна прымаць гасцей, афармляць і падаваць стравы і напоі, вядуць размовы аб правілах добрага тону, збіраюць не толькі рэцэпты рэгіянальных страў, але і творы вуснай народнай творчасці – прыказкі, прымаўкі, замовы, казкі, легенды на тэму харчавання.

Клуб “Прысмакі” з’яўляецца актыўным удзельнікам мерапрыемстваў самага рознага ўзроўню. Вось і нядаўна ўшацкія гаспадыні дэманстравалі сваё майстэрства на ХVIII Міжнародным фестывалі народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”, які праходзіў у сярэдзіне чэрвеня ў Паставах. Забаўляльная праграма “Гасцёўня прысмакаў” складалася не толькі з дэгустацыі пачастункаў, але і з прыпевак, загадак і іншых забаў у выкананні ўшачанак. Трэба сказаць, што на гэты буйны фестываль, удзел у якім прымалі сёлета прадстаўнікі Беларусі і Расіі, Украіны і Славакіі, Польшчы, Літвы, Латвіі і нават Венесуэлы, наш клуб запрашаюць ужо не першы год. Мы вельмі рады, што разам з іншымі ўдзельнікамі ўносім сваю лепту ў адраджэнне фальклорнай культуры, ды і проста прыносім людзям радасць.

М.САЗОНАВА, кіраўнік клуба.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *