На мінулым тыдні месцам чарговага асабістага прыёму грамадзян дэпутатам Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў ад Ушацкай выбарчай акругі, дырэктарам Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Сяргеем Аляксандравічам Даніловічам стала Ільюшына. Нягледзячы на размешчаныя загадзя ў людных месцах аграгарадка аб’явы аб правядзенні мерапрыемства, жыхары населенага пункта не спяшаліся з пытаннямі да народнага абранніка. Ад імя жыхароў вёскі Жары да С.А.Даніловіча звярнулася старшыня мясцовага сельвыканкама Святлана Цімафееўна Міхейка, якая данесла да дэпутата просьбу вяскоўцаў аб падключэнні іх населенага пункта да хуткаснага інтэрнэта. Начальнік раённага вузла электрычнай сувязі Аляксандр Уладзіміравіч Шакута, з якім аператыўна звязаліся ўдзельнікі прыёму, патлумачыў, што з указанай вёскі да сувязістаў былі толькі лічаныя звароты аб такой паслузе, таму эканамічна неабгрунтавана і неэфектыўна праводзіць кабель на такую адлегласць. Між тым, хуткасны інтэрнэт у вяскоўцаў можа з’явіцца, а залежыць гэта ад колькасці жадаючых ім карыстацца. Таму С.А.Даніловіч даручыў старшыні сельвыканкама арганізаваць апытанне жыхароў Жараў і скласці калектыўны зварот у вузел электрычнай сувязі ад імя ўсіх жадаючых карыстацца паслугай. Гэта не азначае, што вёску адразу падключаць, але пытанне будзе накіравана на разгляд у Віцебскі філіял РУП “Белтэлекам”.
Па заканчэнні прыёму С.А.Даніловіч азнаёміўся са станам спраў у ААТ “Ільюшынскі” ў прыватнасці і ў раёне ў цэлым, разам са старшынёй райвыканкама па традыцыі наведаў некаторыя вытворчыя і сацыяльныя аб’екты гарпасёлка і прыняў удзел у цырымоніі ўзнагароджання працаўнікоў цэнтральнай раённай бальніцы на ўрачыстасці, якая праходзіла ў раённым Доме культуры з нагоды Дня медыцынскіх работнікаў.