Сярод працуючай моладзі Ушаччыны шмат старанных і адданых Молодёжная досваёй прафесіі людзей, актыўных, гатовых узяцца за любую даручаную справу. Стала добрай традыцыяй напярэдадні Дня моладзі ўшаноўваць лепшых маладых работнікаў арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама заносіць іх імёны на своеасаблівую маладзёжную Дошку гонару, ну а “Патрыёт” традыцыйна знаёміць чытачоў з яе героямі.
Валерыя ДЖУРАЕВА. Трэнер-выкладчык дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы заўсёды ў акружэнні сваіх выхаванцаў, якія не толькі з задавальненнем прыходзяць на трэніроўкі па дзюдо, а і імкнуцца правесці з ёй і свой вольны час. Знайсці падыход да юных дзюдаістаў, умацаваць іх фізічнае і псіхалагічнае здароўе, падрыхтаваць дзяцей да спаборніцтваў розных узроўняў Валерыі дапамагае вышэйшая адукацыя па спецыяльнасці, а таксама вялікая апантанасць сваёй прафесіяй. Яна актыўная ўдзельніца ўсіх спартыўных мерапрыемстваў, за тры гады работы заслужана заваявала аўтарытэт і павагу сярод навучэнцаў і іх бацькоў, а таксама ў родным калектыве.
Таццяна ЖУКОЎСКАЯ. Зусім нядаўна ўлілася ў калектыў Сарочынскага лясніцтва пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Спачатку праходзіла на Ушаччыне тэхналагічную практыку, а потым была прынята на работу па спецыяльнасці інжынер па лесааднаўленні і меліярацыі. Дзяўчына вельмі дысцыплінаваная і адказная, а таму ў калектыве не баяцца давяраць ёй складаныя ўчасткі работы.
Алена КРУМІНЯ. З праграмным забеспячэннем і камп’ютарнымі тэхналогіямі гэтая прыгожая дзяўчына на “ты”, бо атрымала адпаведную вышэйшую адукацыю і ўжо 2 гады з’яўляецца інжынерам-праграмістам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Для Алены не праблема распрацаваць інструкцыі па рабоце з праграмамі, аформіць тэхнічную дакументацыю, асвоіць і прымяніць новыя тэхналогіі. Прымае актыўны ўдзел і ў грамадскім жыцці, з’яўляецца членам БРСМ, абрана старшынёй пярвічнай арганізацыі РГА “Белая Русь” аддзела адукацыі, спорту і турызму. Вельмі любіць падарожнічаць, нераўнадушная да жывёл і захапляецца ёгай.
Вольга ТЫЧЫНА. Тры гады займае пасаду намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада №4 гарпасёлка, а агульны педагагічны стаж – 9 гадоў. Выдатна валодае метадамі работы з дзецьмі дашкольнага ўзросту, ажыццяўляе кантроль за арганізацыяй адукацыйнага працэсу, вядзе работу з бацькамі па пытаннях выхавання дзяцей у сям’і. Таксама Вольга з’яўляецца кіраўніком метадычнага фарміравання выхавацеляў малодшых груп і ў мінулым годзе стала дыпламантам абласнога конкурсу на лепшае раённае метадычнае фарміраванне.
Юлія СПІРЫДЗЁНАК. Міліцэйская форма да твару гэтай маладой дзяўчыне. Яна – участковы інспектар міліцыі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі. Пасля заканчэння Акадэміі МУС вярнулася ў родны раён. Вельмі старанная, ініцыятыўная, актыўная, камунікабельная. Хутка знайшла агульную мову з калегамі ў пераважна мужчынскім калектыве і не шкадуе, што зрабіла менавіта такі прафесійны выбар.
Сяргей БУГАЙ. У экстрэмальнай сітуацыі гэты малады чалавек не губляе самавалодання, дзейнічае смела і рашуча. А інакш і немагчыма, бо ён абраў прафесію выратавальніка і 4 гады працуе на пасадзе вадзіцеля пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 г.п.Ушачы. Неаднаразова ўдзельнічаў у ліквідацыі складаных надзвычайных сітуацый. Толькі ў бягучым годзе Сяргей 9 разоў выязджаў на тушэнне пажараў, падчас якіх выратавана 7 пабудоў і матэрыяльных каштоўнасцей на суму больш за 103 мільёны рублёў. З’яўляецца членам зборнай каманды па пажарна-прыкладным спорце, актыўны ўдзельнік і раённых спартыўных мерапрыемстваў. За ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, настойлівасць і прынцыповасць неаднаразова адзначаўся кіраўніцтвам.
Яна МАСЬКО. Сапраўдны ўрач павінен не толькі валодаць вялікім багажом ведаў па спецыяльнасці, але быць уважлівым і чулым да пацыентаў. Гэтыя рысы характэрныя Яне. З’яўляецца ўчастковым тэрапеўтам і паралельна сумяшчае абавязкі ўрача-дэрматолага. За першы год работы атрымала толькі станоўчыя водгукі ад пацыентаў у свой адрас, заслужыла павагу і сярод сваіх калег.
Ганна ЛЕМЕШ. Бухгалтар першай катэгорыі ўліку таварна-матэрыяльных каштоўнасцей райспажыўтаварыства. За паўтара года работы ў названай арганізацыі зарэкамендавала сябе граматным спецыялістам, які ўмее працаваць з людзьмі. Гэта стала падставай і для абрання маладой дзяўчыны сакратаром пярвічнай арганізацыі БРСМ. Ганна прымае ўдзел у аглядах мастацкай самадзейнасці сярод работнікаў і калектываў спажыўкааперацыі вобласці. Сябруе са спортам і ў вольны час не супраць наведаць трэнажорную залу.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ. Як сапраўдны журналіст яна заўсёды ў гушчыні падзей і ўсіх масавых мерапрыемстваў. На працягу пяці гадоў на старонках “Патрыёта” асвятляе сацыяльную тэматыку, у тым ліку пытанні аховы здароўя, адукацыі, работу праваахоўных органаў, саюза моладзі, актыўным членам якога і з’яўляецца. Акрамя гэтага ўзначальвае прафсаюз рэдакцыі, уваходзіць у склад добраахвотнай дружыны па ахове правапарадку. Ініцыятыўная, старанная і добразычлівая ў адносінах да калег і герояў сваіх публікацый.
Марына ДРОЗД. У 2014-м годзе ўзначаліла музей народнай славы імя У.Е.Лабанка, а да гэтага год працавала загадчыкам мастацкага аддзела ўстановы. Вылучаецца стараннасцю і працаздольнасцю. Імкнецца арганізаваць як мага больш экскурсій, разнастайных выстаў у музеі. Добразычлівая з калегамі і наведвальнікамі музея. Паспявае прымаць актыўны ўдзел і ў грамадскім жыцці, бо з’яўляецца членам БРСМ.
Вікторыя КРУМІНЯ. За бухгалтарскі ўлік райвыканкама можна не хвалявацца, бо за гэты сектар адказвае граматны і вельмі адказны спецыяліст у асобе Вікторыі, якая працуе тут з 2010 года. Яна паспяхова спраўляецца з вялікім аб’ёмам работы і ўсімі абавязкамі. Любіць дакладнасць і акуратнасць – патрабавальная да работнікаў у плане поўнага і правільнага афармлення дакументаў. Вольны ад работы час прысвячае кнігам, мастацкай фатаграфіі, падарожжам па Беларусі і замежжы. Актыўная ўдзельніца мерапрыемстваў, якія праводзяць БРСМ і “Белая Русь”.
Юлія КАЗАК. Любіць танцаваць і з радасцю навучыць гэтаму іншых. У раённым цэнтры культуры і народнай творчасці Юлія з’яўляецца кіраўніком танцавальнай студыі танца “Канфеці” (малодшая група) і “Авантаж” (старэйшая група). Яе “танцоры” пастаянныя ўдзельнікі многіх раённых канцэртаў. Заўсёды знойдзе падыход да сваіх навучэнцаў, добразычлівыя адносіны складваюцца і з членамі калектыву. Вельмі творчы чалавек, акрамя танцаў можа і спяваць, і маляваць. Любіць сваю справу, а ўвесь вольны час імкнецца прысвяціць сваёй сям’і.
Лідзія ШКАРУБА. Якую кнігу прачытаць у водпуску, узяць з сабой у падарожжа, якія выданні пачытаць маленькім дзецям? Гэта вам заўсёды з задавальненнем параіць Лідзія. У цэнтральнай раённай бібліятэцы яна працуе з 2007 года, апошнія чатыры гады на пасадзе загадчыкам бібліятэчнага маркетынгу. Жыццярадасная, ветлівая, умее зацікавіць чытачоў-наведвальнікаў бібліятэкі. Ушачане ведаюць Лідзію як вядучую раённых культурна-масавых мерапрыемствах. Да таго ж яна з’яўляецца і грамадскім інспектарам па ахове працы работнікаў культуры.
Алена АРЦЕМ’ЕВА. Намеснік галоўнага бухгалтара агароднінасушыльнага завода. Працоўны шлях на прадпрыемстве пачала тры гады таму. Выдатна валодае бухгалтарскай справай, вылучаецца акуратнасцю ў вядзенні дакументаў. Таксама прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці калектыву, з’яўляецца сакратаром пярвічнай арганізацыі БРСМ на прадпрыемстве. За добрую работу пастаянна заахвочваецца кіраўніцтвам завода.
Марыя ДУДЗІНА. Працуе ў раённым аддзеле ўнутраных спраў з 2013 года. Хоць і мае эканамічную адукацыю, аднак тут яе работа звязана з крыху іншым накірункам – рэгістрацыяй адміністрацыйных і крымінальных правапарушэнняў у спецыяльнай базе даных. Гэтая справа па душы маладой дзяўчыне, а таму і выконвае яе бездакорна, старанна, часта гатова для гэтага ахвяраваць сваім асабістым часам. Выдатна ладзіць з калегамі па рабоце і карыстаецца сярод іх аўтарытэтам.
Артур ЛАБАНЬ. Гэтаму маладому чалавеку не баяцца давяраць складаную работу ў раённым участку філіяла “Энергазбыт”, дзе ён працуе тэхнікам. Артур з’яўляецца адказным за арганізацыю ідэалагічнай работы ў калектыве, адстойвае інтарэсы ўчастка ў судзе. Кожны месяц праводзіць кантрольныя абходы па праверцы якасці работы кантралёраў, ажыццяўляе кантроль за своечасовай аплатай абанентамі электраэнергіі. Вылучаецца сваёй ветлівасцю і тактычнасцю ў адносінах да спажыўцоў, умее ў патрэбны момант разрадзіць абстаноўку з праблемнымі абанентамі.
Антон ПОЛАЗАЎ. Электрамеханіка сувязі станцыйнай групы РВЭС ніколі не пужае вялікі аб’ём работы, бо за яго плячамі ўжо 9 гадоў працоўнага стажу. А пачынаў дзейнасць са звычайнага электраманцёра. Кіраўніцтва характарызуе яго як вельмі настойлівага і адказнага работніка, які выконвае заяўкі ў самыя кароткія тэрміны. Немалаважна, што Антон імкнецца павышаць свой прафесійны ўзровень – зараз ён з’яўляецца студэнтам Віцебскага філіяла Вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі.
Васіль ПАРШОНАК. Рамонтны рабочы санаторыя “Лясныя азёры” з 2002 года бездакорна і добрасумленна выконвае сваю справу на прадпрыемстве. Рамонтных жа работ у санаторыі хапае заўсёды. Прычым спраўляецца з усімі заданнямі настолькі ўмела, што паспявае яшчэ дапамагаць сваім калегам. Свой вольны ад работы час імкнецца прысвяціць сям’і.
Міхаіл ЗАХАРЭНКА. Любыя віды зварачных работ пад сілу электрагазазваршчыку Арэхаўскага ўчастка жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Яго работа вельмі запатрабаваная, а таму працаваць прыходзіцца не толькі ў Арэхаўне, а і па ўсім раёне. У Міхаіла ўжо пяцігадовы стаж работы і даволі высокі 5 разрад, ён імкнецца яшчэ больш развіваць прафесійнае майстэрства і набірацца вопыту. А вольны час прысвячае любімым захапленням – паляўніцтву і рыбалцы.
Алена ПАДВОРНАЯ. Педагагічнай дзейнасці прысвяціла больш за 10 гадоў, апошнія два з іх ва Ушацкай дзіцячай школе мастацтваў, дзе праводзіць заняткі па фартэпіяна і з’яўляецца канцэртмайстрам. Вельмі любіць сваю справу і гэта дапамагае ёй дасягаць выдатных вынікаў у рабоце. Яе паважаюць калегі і любяць вучні, у Алене вельмі гарманічна спалучаюцца прафесіяналізм, працавітасць, чалавечнасць і жаночае абаянне. Яна прымае актыўны ўдзел у канцэртах, якія праводзяцца ў школе, а таксама раённых.
Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.