На страже законности. Профессиональный праздник отмечают работники прокуратуры

К профессиональному празднику

Нагляд за дакладным выкананнем заканадаўства ва ўсіх сферах жыццядзейнасці людзей, прафілактыка правапарушэнняў, барацьба з такімі згубнымі з’явамі нашага жыцця, як алкагалізацыя насельніцтва і звязанае з ёй бытавое насілле – гэтыя і іншыя напрамкі знаходзяцца пад увагай работнікаў пракуратуры, якія хутка будуць адзначаць прафесійнае свята. Аб актуальных момантах гэтай шырокай работы расказвае пракурор Ушацкага раёна Максім Міхайлавіч ПАДВОРНЫ.

У разуменні некаторых людзей пракурор – гэта чалавек, які выступае на працэсе, патрабуючы максімальнага пакарання абвінавачванага. Суд жа, на іх думку, ураўнаважыўшы словы “жорсткага” пракурора і “добрага” адваката, прымае сярэдняе рашэнне. Аднак гэты стэрэатып зусім няверны. Насамрэч пракурор не ставіць сваёй мэтай кагосьці абавязкова “пасадзіць”. Насупраць, з самага пачатку разгляду справы мы арыентуем суд не на суровы, а на справядлівы вердыкт, прычым, абмеркаванне пачынаем з варыянта прымірэння бакоў ці самага мінімальнага прадугледжанага пакарання, і толькі калі па законе гэта немагчыма, звяртаемся да больш суровых мер. Сведчаннем вышэй сказанага служыць факт, што ў большасці выпадкаў суд згаджаецца з нашай пазіцыяй. Так, прынамсі, было і на працэсах, якія праходзілі ў раёне апошнім часам.

Вядома ж, акрамя падтрымкі дзяржаўнага абвінавачвання супрацоўнікі пракуратуры ажыццяўляюць нагляд за выкананнем заканадаўства. З аналізу паказчыкаў работы за першае паўгоддзе бягучага года, спрацавалі мы сёлета больш эфектыўна, чым летась: аб гэтым сведчыць значна большая колькасць унесеных актаў пракурорскага рэагавання, да якіх належаць прадстаўленні, прадпісанні, пратэсты, афіцыйныя папярэджанні, іскі. І хоць гэта крытэрый паспяховасці нашай прафесійнай дзейнасці, задавальнення як жыхарам і патрыётам роднага раёна ён нам не прыносіць, бо сведчыць аб тым, што сітуацыя з выкананнем заканадаўства ў рэгіёне мае тэндэнцыю да пагаршэння. Сярод зваротаў, якія паступілі ад фізічных асоб сёлета, як і летась, пераважалі скаргі на нявыплату заработнай платы і дапамог: з 39 зваротаў 17 былі звязаны менавіта з парушэннем працоўных правоў. Нямала сёлета было выпадкаў, калі ўшацкія прадпрыемствы, якія па сваім фінансавым стане не маюць магчымасці аплаціць дзяржпошліну, прасілі пракуратуру аб хадайніцтве пры звароце ў суд (калі інтарэсы грамадзян і прадпрыемстваў прадстаўляе пракурор, дзяржпошліна не бярэцца).

Хочацца спыніцца яшчэ на адным моманце. Указам Прэзідэнта №498 зацверджаны парадак і пералік дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, адказных за зварот па сутнасці ў асобных сферах жыццядзейнасці насельніцтва. Дакументам у тым ліку акрэслены пытанні, па якіх фізічным і юрыдычным асобам належыць звяртацца ў пракуратуру, на практыцы ж здараецца, што грамадзяне ідуць да пракурора, нават калі ў іх, напрыклад, зламалася калонка. З аднаго боку, нам гэта прыемна, бо сведчыць аб даверы насельніцтва, але ж кожны павінен займацца сваёй справай.

Мне пашанцавала ўзначальваць дзеяздольны калектыў, кожны з работнікаў якога валодае і належнымі прафесійнымі, і годнымі чалавечымі якасцямі. Напярэдадні свята хачу павіншаваць усіх цяперашніх і былых работнікаў пракуратуры і пажадаць ім поспехаў у іх справах і памкненнях.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *