20 лет в канцелярии прокуратуры проработала Татьяна Латышева

К профессиональному празднику

На пытанне, хто самы карысны і незамянімы работнік ушацкай пракуратуры, пракурор раёна М.М.Падворны адказаў без роздуму: безумоўна, Таццяна Уладзіміраўна Латышава. “Без яе мы – нікуды! Проста заблыталіся б у тым гіганцкім дакументаабароце, з якім штодня спраўляецца наша загадчыца канцылярыі”, – патлумачыў Максім Міхайлавіч.

І гэтую думку падзяляюць усе работнікі пракуратуры, акрамя хіба што самой Таццяны Уладзіміраўны, якая з уласцівай яе характару сціпласцю лічыць, што яе дзейнасць хоць і важная, але не вызначальная. І яшчэ прызнаецца, што ніколі не любіла папяровую работу, але за 20 год працы ў канцылярыі пракуратуры настолькі да яе прызвычаілася, што стала лічыць “сваёй”. Ну а дапамагаюць бездакорна спраўляцца з абавязкамі выпрацаваныя за гады службы прафесійныя якасці – самадысцыпліна і арганізаванасць, добрая памяць і ўменне вылучаць галоўнае. І нават цяжка зараз паверыць, што пачынала яна прафесійную кар’еру на зусім далёкім ад юрыспрудэнцыі полі дзейнасці. “Я заўсёды добра малявала, любіла прыдумваць адзенне, вось і паступіла ў Віцебскі тэхналагічны тэхнікум, пасля заканчэння якога атрымала спецыяльнасць канструктара­мадэльера”, – расказвае жанчына.

Вучылася Таццяна добра, таму атрымала прэстыжнае размеркаванне ў Гродна, ды толькі сямейныя абставіны прымусілі вярнуцца ва Ушачы, уладкавацца ў РКБА закройшчыцай. Здаецца, усё, за што бярэцца гэтая жанчына, атрымліваецца ў яе на “выдатна”. Такім, прынамсі, быў і яе самы першы заказ – блузка і спадніца, за які “дэбютантка” адразу атрымала ўдзячнасць ад задаволеных кліентаў. А добразычлівы спакойны характар дапамог Таццяне за пяць гадоў работы ў вялікім жаночым калектыве (у той час у РКБА працавала каля 60 чалавек) абысціся без адзінага канфлікту з калегамі.

Вось толькі іншыя, больш глабальныя “канфлікты”, змянілі яе прафесійны лёс: у няпростыя 90­я сфера бытавога абслугоўвання прыйшла ў заняпад, давялося шукаць новае месца работы. Уладкавацца ў пракуратуру Таццяне Уладзіміраўне прапанаваў Мікалай Аляксандравіч Таранда, які ў той час узначальваў раённы орган. І не пашкадаваў: новая супрацоўніца вельмі хутка асвоіла свае абавязкі. “Ды і што там было спраўляцца, калі за год праз мяне праходзіла ўсяго 15 папак па 40 лістоў, – усміхаецца загадчыца канцылярыі. – Зараз жа іх сотні, і кожная складаецца з 7­8 тамоў…”

Зрэшты, у яе абавязкі ўваходзіць не толькі работа з дакументамі, але і рашэнне арганізацыйных пытанняў, даводзіцца мець зносіны і з людзьмі, якіх штодня ў пракуратуры бывае нямала. “Да нас наведвальнікі ідуць з набалелымі праблемамі, не ў лепшым настроі, – расказвае Т.У.Латышава. – Вельмі часта аказваецца, што прыйшоў грамадзянін не па адрасе: выслухаўшы сутнасць справы, накіроўваю яго ці то ў суд, ці да адваката, ці, напрыклад, у ЖКГ. А бывае, што чалавека дастаткова проста выслухаць: выгаварыцца ён, вылье сваю крыўду і нават перадумае скардзіцца…”

Таццяна Уладзіміраўна лі­чыць, што ёй у жыцці пашанцавала ў многіх аспектах. Па­першае, яна працуе ў цудоўным калектыве. Усе пяць пракурораў, з якімі давялося мець справу за гэты час, былі выдатнымі прафесіяналамі і сумленнымі людзьмі, вельмі многаму можна было навучыцца ў “старажыла” пракуратуры Віталя Эдуардавіча Банеўскага, адметнымі якасцямі валодае і самы малады работнік – Наталля Фёдараўна Аваднёва. Выключна ўзнёслымі эпітэтамі характарызуе Таццяна Уладзіміраўна і свайго мужа, з якім разам яны выхоўваюць дачку, даглядаюць састарэлую маці, прыкладаюць нямала сіл, каб утульным быў іх просты вясковы дом у родных Ціханятах – малой радзіме, якой жанчына не здрадзіла за ўсё жыццё. Дарэчы, аб гарадскім лёсе яна ніколі і не марыла – кажа, што не цярпіць шуму і мітусні мнагалюдных вуліц. “Ушачы нашы – самае прыгожае “мястэчка” – вельмі падабаецца мне гэтае слова: ёсць у ім нейкая спрадвечная цеплыня і дабрыня”, – разважае мая суразмоўца, калі мы развітваемся на ганку пракуратуры, упрыгожаным сочнай зелянінай вінаграднай лазы, вырашчанай, дарэчы, клапатлівымі рукамі гэтай прыемнай працавітай жанчыны. Яна з тых, хто ніколі не падвядзе, з тых, на кім трымаецца любая справа.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *