“Сёння нас пахвалілі, – не хаваючы задавальнення, кажа Людміла Шунто. – Спецыялісты з райветстанцыі прыязджалі, правяралі якасць закладкі сенажу, адзначылі, што ўсё арганізавана як след”. Жанчына адклала ўбок сшытак, у якім вядзе ўлік паступаючай зялёнай масы, дзе з пачатку дня лічбаў значна прыбавілася, бо корманарыхтоўка ў гаспадарцы ў самым разгары, і ўзброіўшыся вядром, пачала перасыпаць соллю чарговы пласт зялёнкі. Хоць і задзейнічаны ў гаспадарцы на гэтым відзе работ не адзін дзясятак адзінак тэхнікі, а вось і для ручной працы месца знаходзіцца.
Непарыўны працэс забеспячэння статку якаснымі кармамі ў КУСГП “Вялікадолецкае” адпрацаваны гадамі. І якім бы не было надвор’е, ураджайнасць, мясцовыя земляробы заўсёды ўмудраюцца не толькі нарыхтаваць сена, сянаж і сілас пад уласныя патрэбы, але і стварыць рэзерв. Сёлета, напрыклад, з мінулагодніх запасаў засталіся некранутымі каля 4 тысяч тон сіласу і гэта пры тым, што гаспадарка зімой выручала не толькі некаторыя сельгаспрадпрыемствы нашага раёна, але і прадавала кармы ў Лепельскі, Глыбоцкі, Полацкі і нават Пастаўскі!
Аб гэтым я даведаўся ад мясцовых механізатараў, якія ў канцы мінулага тыдня завіхаліся ва ўрочышчы Чыстабор’е – 300 гектараў сёлета перададзена “Вялікадолецкаму” з былых кубліцкіх зямель. За Міхалкаўшчынай, дзе закладаўся курган сенажу, гэтыя плошчы адразу і не ўбачыш, але паступова праязджаючы праз усё новыя і новыя ўчасткі, дабраўся і да пачатку “зялёнага канвеера”. Зблудзіць тут было цяжка – правільнасць напрамку пастаянна падказвалі ехаўшыя насустрач трактары з запоўненымі здробненай масай прычэпамі.
Кормаўборачны комплекс “Палессе” Юрыя Альбіновіча ў суправаджэнні некалькіх буслоў здрабняў валкі ў нізіне, дзе пры іншым надвор’і наўрад ці заехаў бы якінебудзь трактар. Сёлета ж зза адсутнасці вільгаці тэхніка спакойна праходзіць амаль паўсюдна, таму трава раўнамерна запаўняла прычэп МТЗ1221 маладога механізатара Андрэя Смаляка. На адвозцы зялёнай масы ён працаваў побач з больш вопытнымі калегамі Рыгорам Паршонкам, Генадзем Букам і Мікалаем Хамёнкам. Нягледзячы на вялікую колькасць транспарту чаргі на загрузку не назіралася. “Там КВК працуе, – тлумачыць Ю.Альбіновіч, паказваючы рукой у напрамку Судзілавіч. – Хлопцы яшчэ і Рыгора Філімонава “абслугоўваюць”, разам чысцім Чыстабор’е! Рухайся за бусламі, яны зараз да яго паляцяць”. І сапраўды, ля спыніўшага рухавік “Палесся” птушкі не затрымаліся і на маё здзіўленне праз некалькі хвілін дружна паляцелі ў паказаным напрамку.
– Разумная птушка, – раскрываюць мне сакрэт “ручных” буслоў механізатары. – Суха вельмі, вось уся жыўнасць пад валкі і хаваецца: і мышы, і жабы, і насякомыя. Калі пачынаем траву здрабняць, яны разлятаюцца – а буслы тут як тут!
Р.Філімонаў у гэты дзень працаваў пасля вымушанага прастою – паломка вывела яго КВК са строю на пару дзён, але аператыўна адрамантаваўшы тэхніку, ён адразу далучыўся да работы – часам вялікадальчане даражаць, ды і ўбіраць плошчаў яшчэ хапала у розных частках вялікай гаспадаркі. Таму, хоць размова наша і праходзіла на пачатку сёмай гадзіны вечара, дадому ніхто яшчэ не збіраўся. Непадалёк кружыліся дзве касілкі, на якіх будучы фронт работ для кормаўборачных комплексаў рыхтавалі Віталь Бука і Сяргей Алексяёнак. Яго брат Васіль, які з пачатку касавіцы таксама старанна і адказна працуе з касілкай, у гэты дзень знаходзіўся на рамонце.
– Мяняе рэсоры на маім УАЗе, бо без калёс на нашых плошчах ніяк нельга, – разводзіць рукі ў бакі галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Віктаравіч Зянюк і жартоўна дадае: – Зза мяне зноў Васю не сфатаграфуеце!
Наогул, касцяк механізатараў тут склаўся даўно, людзі вопытныя, асвоіўшыя многія віды работ. Побач з імі паспяхова спраўляецца з працай і моладзь, прычым блізкіх родных акрамя прыгаданых братоў Алексяёнкаў сярод вялікадолецкіх механізатараў шмат. Разам з іншымі ад КВК Р.Філімонава адвозіць “зялёнку” яго брат Сяргей, побач працуюць Р.Паршонак і яго сыны Сяргей і Андрэй. А без прадстаўнікоў дынастыі Букаў не абыходзіцца ні адзін этап корманарыхтоўкі: Віталь косіць, а браты Генадзь і Віктар Букі – дзядзька і бацька маладога механізатара – адпаведна адвозяць і трамбуюць. Да таго ж Генадзь разам з Сяргеем Падворным паспеў папрацаваць яшчэ і з граблямі на валкаванні!
На трамбоўцы задзейнічаны два “Амкадоры”. У начную змену В.Буку змяняе Аляксандр Александроў, дапамагае ім і меншы пагрузчык Васіля Мылянава.
Па стане на раніцу панядзелка ў “Вялікадолецкім” было закладзена 2302 тоны сенажу, нарыхтавана 277 тон сена – больш чым у іншых гаспадарках раёна. Лічбы гэты значна падрастуць, бо яшчэ пад касьбу запланавана больш 400 гектараў у касарской і маладолецкай частках гаспадаркі.
Рыхтуючы кармы на стойлавы перыяд, не забываюцца вялікадальчане і пра справы надзённыя, вядуць работы па доглядзе за пашамі. З пачатку тыдня Ягор Мацюш, Ра Вутх і Юрый Казачонак працуюць на падкосе траў, на гуртах жывёлы задзейнічаны іншыя механізатары, вельмі дарэчы прыйшлася гаспадаркам новая тэхніка, атрыманая вясной.
Умовы надвор’я дазваляюць нарыхтоўваць усе віды зялёных кармоў, – тлумачыць дырэктар гаспадаркі Іван Піліпавіч Дарошчанка.– Пры гэтым скошаная трава імгненна сохне, таму на працягу дня пастаянна кантралюем стан зялёнай масы і аператыўна вырашаем, якім відам яе ўбіраць, пакуль усё ідзе сенажом.Людзей кормім на полі, прычым поўнасцю бясплатна, праўда, тых, хто працуе без парушэнняў дысцыпліны.
Да канца рабочага дня буслы яшчэ некалькі разоў пераляталі ад аднаго да другога кормаўборачных комплексаў, а трактары працягвалі грукатаць пустымі прычэпамі па шляху на поле і натужна гулі рухавікамі, цягнучы тоны сакавітай травы на зваротным шляху. Падумалася, што вялікадолецкім каровам голад зімой яўна не пагражае, а вось што будуць рабіць буслы, калі механізатары пераедуць на іншыя ўчасткі?
Дзмітрый Раманоўскі.