“Лічу, што кожны мужчына можа і павінен быць універсалам, – акуратна ўкладваючы чарговую цагліну, разважае Ігнат Ігнатавіч Ананьеў. – Зразумела, што чалавек не можа адразу ўсё ўмець і ведаць, а захацеўшы, можна навучыцца асновам любой справы! Мяне, напрыклад, печы класці ніхто не вучыў, але асвоіў, што дазваляе не толькі зэканоміць, але і падзарабіць. Цяпер руку ўжо набіў, а ў маладосці не абыходзілася без прыгод – першая складзеная мной печ ледзьве не стала прычынай пажару!”
Было гэта даўно, не адзін дзясятак год таму на Міёршчыне. Тады ўраджэнец Шумілінскага раёна Ігнатавіч (як зараз клічуць яго вяскоўцы) яшчэ і не думаў аб тым, што будзе жыць у нашым. Сваю працоўную дзейнасць пачынаў на адным з заводаў Наваполацка, але потым сталася так, што звязаў жыццё з будоўляй, “шабашнікам” аб’ехаў многія рэгіёны краіны.
– Жывёлагадоўчыя аб’екты ўзводзілі, рамантавалі, працавалі і ў Селішчы, – успамінае пачатак васьмідзясятых гадоў мінулага стагоддзя мужчына, якому зараз ужо далёка за шэсцьдзясят. – З мясцовымі людзьмі пазнаёміўся: аказаліся на дзіва шчырымі, гасціннымі. Але рашаючым фактарам таго, што набыў тут дом, з цягам часу перацягнуў у вёску не толькі сям’ю, а нават і цешчу, стаў усё ж прыродны – я літаральна закахаўся ў гэтую мясцовасць, лясы і асабліва азёры, бо вельмі люблю рыбалку.
Краявідамі селішчанскага наваколля Ігнат Ігнатавіч не толькі зачароўваецца, у любую пару года пасвойму адчувае іх прыгажосць, але і стварае яе ўласнымі рукамі. Многіх турыстаў і гасцей раёна, якія едуць праз Селішча да касцёла Святой Веранікі, здзіўляе і захапляе відовішча, калі на ўскрайку дарогі зза павароту раптам выглядвае пашча кракадзіла! Форму менавіта гэтай рэптыліі набыў звычайны выварацень старога дрэва, майстэрскі апрацаваны рукамі жывучага непадалёк І.І.Ананьева. “Спачатку ля яго спыняцца гараджане, а потым і ў двор да мяне завітаюць, я ўжо нават прывык”, – усміхаецца гаспадар. На падворку яго невялікай хаты і сапраўды ёсць на што паглядзець. Яшчэ адзін кракадзіл, толькі меншы, прытаіўся ў цені елачак ля невялікага басейна, па якім кружацца некалькі лебедзяў. “Яны лёгкія, бо зроблены з пенапласту, таму і плаваюць нават пры слабым ветрыку”, – тлумачыць гаспадар прычыну пастаяннага руху фігур. Наогул, тут усё выраблена з падручнага матэрыялу: і расправіўшыя над сядзібай крылы буслы, і сустракаючы гасцей ля ўваходу ў дом леў – для стварэння амаль у поўную велічыню штучнага цара звяроў Ігнат Ігнацьевіч выкарыстоўваў драўляны каркас і гліну. Нягледзячы на адсутнасць мастацкай адукацыі канструкцыя атрымалася не толькі даволі падобнай да арыгіналу, але і вельмі практычнай – яе можна пераносіць у любы куток гэтага імправізаванага заасада. “Прыглядае” за яго насельнікамі “намеснік” І.І.Ананьева – так мужчына жартам называе вырабленага з саломы, дрэва і зноўтакі гліны селяніна, што пры добрым надвор’і сядзіць на лаве ў двары, а ў дождж заступае на варту ў калідоры. Завітаўшы да Ігната Ігнатавіча, я быў не першым, хто ў прыцемках павітаўся з гэтай фігурай, прыняўшы яе за жывога чалавека. “Гэта нічога, – усміхаецца гаспадар. – Быў выпадак, калі адзін з аднавяскоўцаў нападпітку прыняў яе за знаёмага, размаўляў і зваў разам ісці да хаты!”
З апошніх элементаў добраўпарадкавання прадэманстраваў мне І.І.Ананьеў самаробную гармату. Грозная зброя, нібы з карцін часоў Айчыннай вайны 1812 года, на самой справе змайстраваная з надзвычай мірных рэчаў: конскіх колаў, выкінутага кімсьці кавалка трубы і… сцягнутага ў жонкі вазона для кветак! “Для душы раблю, вось і атрымліваецца крыху, – сціпла зазначае Ігнат Ігнатавіч. – Навокал нас многа рэчаў, на першы погляд, звычайных. Але калі прыкласці фантазію ды некаторыя намаганні, то з іх, ужо непатрэбных і адслужыўшых свой век, могуць атрымацца вельмі неблагія вырабы”.
Іх гаспадар майструе ў вольны час не толькі для сябе, але і для радні, кажа “прычэпяцца, дык і прыходзіцца рабіць”, а эстэтычнае задавальненне практычныя ўвасабленні яго фантазіі прыносяць многім незнаёмым людзям.
– Прытармозіць аўтамабіль: “Ці можна паглядзець бліжэй?” Ды глядзі на здароўе, за гэта грошы не бяруць, – расказвае мужчына. – Некаторыя фатаграфуюць, дзяцей ля іх здымаюць. Спытаў аднойчы, дзе тыя здымкі можна паглядзець, дык казалі – у нейкім “Юцюбе”…
На прыгаданым партале роліка з падворка І.І.Ананьева, шчыра кажучы, я не адшукаў: а магчыма і пажартавала моладзь над гасцінным пенсіянерам. Але доказ цікавасці да элементаў добраўпарадкавання двара Ігната Ігнатавіча пабачыў на свае вочы – не паспела наша рэдакцыйная “Ніва” ад’ехаць ад сядзібы і на некалькі метраў, як на яе месцы прыпыніўся аўтамабіль з гродзенскімі нумарамі і з прыадчыненага бакавога шкла з’явіўся аб’ектыў фотакамеры.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.