Прафілактычнае мерапрыемства «П’янаму не месца за рулёў» праходзіць на Ушаччыне з 11 па 20 чэрвеня.
Цяжкасць вынікаў дарожна-транспартных здарэнняў, якія адбываюцца па віне нецвярозых вадзіцеляў, значна вышэйшая ў параўнанні з іншымі аварыямі: у 1,5 раза больш смяротных выпадкаў і атрымання грамадзянамі цяжкіх траўм. Наезды, сутыкненні і пераварочванні п’яныя аўтааматары звычайна здзяйсняюць незалежна ад дарожных умоў і надвор’я, часцей у выхадныя і святочныя дні, з 18 да 23 гадзін вечара. Дарэчы, пры ўтрыманні ў крыві вадзіцеля 1 праміле алкаголю (адпавядае ўжыванню прыкладна 150 грамаў гарэлкі) верагоднасць учынення ім аварыі павялічваецца ў 5-10 разоў, а пры 1,5 праміле – у 55.
За 5 месяцаў бягучага года супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі на тэрыторыі раёна затрыманы 31 нецвярозы вадзіцель – усе яны на тры гады пазбаўлены права на кіраванне аўтатранспартам і аштрафаваны. Паўторна на працягу года селі за руль “падшафэ” двое ўшачан – у адносінах іх узбуджаны крымінальныя справы.
Паважаныя грамадзяне! Калі вы ўбачылі п’янага пешахода ля праезнай часткі ці нецвярозага вадзіцеля, паведаміце пра гэта ў міліцыю па нумары 102. Магчыма, ваша інфармацыя не дазволіць зламаць лёс чалавеку і зберажэ яму жыццё.
А.ЛІСОЎСКІ, старшы дзяржаўтаінспектар аддзялення ДАІ.