Музей з такой назвай працуе пры Жарскім клубе ўжо не адзін год. Пасля закрыцця ў Жарах школы яе сцены не асірацелі – у асноўным будынку прапісаліся сельскі клуб і бібліятэка, а пабудову, у якой раней таксама праходзілі школьныя заняткі, было вырашана пераўтварыць у музей сялянскага побыту.
Усю душу ва ўвасабленне гэтага плана ў жыццё ўклала загадчыца культустановы Галіна Васільеўна Судак, якая шукала для яго экспазіцыі цікавыя экспанаты: не толькі сама прыносіла свае рэчы, а і прыцягнула да справы амаль усіх жыхароў вёскі.
– У многіх людзей штосьці захавалася з даўніх часоў – ці то ручнікі, ці то посуд і іншыя вясковыя рэчы быту. Каб яны не валяліся дзесьці на гарышчах, прасіла аднавяскоўцаў перадаць у музей, тым самым зрабіць уклад у напісанне гісторыі. У Жарах адгукнуліся на мае прапановы і “Сялянская хатка” стала напаўняцца самымі разнастайнымі і нечаканымі рэчамі: даматканымі ручнікамі, калаўротам, ступамі, збанкамі, кацялкамі, прасамі, нават старадаўні драўляны ложак з’явіўся! – расказвае Г.В.Судак.
Музей складаецца з двух пакояў, першы – поўная імітацыя вясковай сялянскай хаты з печчу, падвешанай калыскай і, здаецца, усімі рэчамі старадаўняга вясковага побыту, якія толькі могуць быць. У другім пакоі таксама пануе вясковая атмасфера, але тут ужо сабраны самаробныя лялькі, зробленыя ў тым ліку і ўдзельнікамі гуртка “Умелыя рукі”, які дзейнічае пры клубе. Тут сваё месца занялі і пастаянныя насельнікі хаткі дзед Васіль і баба Рамона, зробленыя ў чалавечы рост і апранутыя ў беларускае адзенне.
Найчасцей “Сялянскую хатку” наведваюць школьнікі, але дзверы гэтага музея гісторыі вясковага побыту адкрыты для ўсіх гасцей без выключэння.
Вольга КАМАРКОВА.