Работники Ушачского промкомбината прилагают все усилия для бесперебойной работы предприятия

К профессиональному празднику

Нядаўна на Ушацкі прамкамбінат патэлефанавалі з абкама галіновага прафсаюза, каб атрымаць звесткі аб колькасці прастояў, і пачуўшы адказ, што іх не было ўвогуле, здзівіліся: “Ніводнага з пачатку года? Вы першае прадпрыемства, дзе не было такіх выпадкаў!”

І сапраўды, адміністрацыя прамкамбіната і ў першую чаргу яго ды­рэктар Г.А.Грыдзюшка ў гэты складаны эканамічны час прыкладае без перабольшвання тытанічныя намаганні, каб забяспечыць бесперабойную работу прадпрыемства.

– Пастаянна сядзім на сайце па тэндарах ісеtrade.by, шукаем любую магчымасць атрымаць новыя заказы, – расказвае Галіна Анатольеўна. – Калі за ўвесь мінулы год мы прынялі ўдзел у 22 тэндарах, то за першы квартал бягучага – ужо ў 24-х. Выйграць жа ўдалося толькі 6 з іх, ды і тое па асобных лотах і з цаной, якая іншы раз ніжэйшая за сабекошт. Пры гэтым даводзіцца бясконца рыхтаваць пакеты дакументаў, вазіць узоры прадукцыі, несці адчувальныя страты без упэўненасці, што яны акупяцца. Відавочна, што тэндарная сістэма атрымання заказаў патрабуе карэкціроўкі, бо яна эфектыўная толькі для буйных прадпрыемстваў, а такія дробныя, як наша, ставіць у заведама пройгрышнае становішча.Грунтоўна зменшыла магчымасці атрымання перспектыўных заказаў тэндэнцыя да цэнтралізаванага пашыву спецадзення ў буйных арганізацыях накшталт “Віцебскаблгазу” і “Віцебскэнерга”, філіялы якіх раней былі сярод кліентаў прамкамбіната. Каб застацца на плыву, нашы прамыслоўцы згаджаюцца нават на самыя дробныя заказы: так, нядаўна шылі 16 касцюмаў для работнікаў Наваполацкай ТЭЦ, прычым, розных памераў, што павялічвае сабекошт. Складаная сітуацыя, абумоўленая аб’ектыўнымі фактарамі, склалася ў рабоце сталярнага цэха прадпрыемства: хлебазаводы сталі выкарыстоў­ваць пластыкавыя латкі, былыя заказчыкі драўляных вырабаў зараз аддаюць перавагу металічным дзвярам, пластыкавым вокнам, ламініраванай падлозе. Уплывае на эканамічнае становішча вялікая дэбіторская запазычанасць: некаторыя прадпрыемствы не разлічыліся за атрыманую яшчэ летась прадукцыю. Даводзіцца ісці на бартарныя разлікі, напрыклад, з віцебскай “Ганнай”, Ушацкім райспажыўтаварыствам, Полацкім і Новалукомльскім хлебазаводамі – на апошнім, прынамсі, будуць выраблены тарты, якія стануць падарункам для работнікаў прамкамбіната да іх прафесійнага свята.

Зразумела, што пералічаныя вышэй цяжкасці прымушаюць шукаць любыя крыніцы эканоміі. На прадпрыемстве праведзена аптымізацыя: скасаваны чатыры стаўкі вартаўнікоў (іх абавязкі выконваюць качагары), няма больш і асобнай пасады спецыяліста па кадрах. Дапамагло захаваць станоўчы паказчык рэнтабельнасці продажу (ён па выніках работы за першы квартал склаў 1,1%) набыццё партыі тканін па зніжаным кошце на магілёўскім “Магатэксе”, якую, па словах нашых прамыслоўцаў, яны “паспелі схапіць па акцыі”. Асвойваецца выпуск новай прадукцыі: нядаўна пачалі шыць недарагія сінтэпонавыя коўдры з сыравіны магілёўскага “Хімвалакна”, з якім наладжаны партнёрскія сувязі. Па-ранейшаму карыстаецца попытам якасная пасцельная бялізна ўшацкай вытворчасці, з якой рэгулярна выязджаюць па суседніх раёнах і нават спрабуюць рэалізоўваць у Мінску.

– На нашых камплектах спяць не толькі ўшачане, але і жыхары Лепеля, Глыбокага, Полацка, Докшыц, а таксама маёй малой радзімы Шаркоўшчыны: калі еду да родных, абавязкова прыхопліваю з сабой хаця б невялікую партыю для рэалізацыі. Нават такі “дробны маркетынг” у агульным ліку дазваляе падцягваць паказчыкі, – расказвае Галіна Анатольеўна Грыдзюшка.

Упартая карпатлівая работа дала пэўны плён. Так, выручка ад рэалізацыі за студзень-красавік бягучага года склала 1933 мільёны рублёў (за адпаведны леташні перыяд – 1597 мільёнаў), тэмп росту 121%. Як адзначае галоўны эканаміст Таццяна Андрэеўна Яфімава, прадпрыемства можа занесці сабе ў актыў адсутнасць запазычанасці па заработнай плаце, якая за першыя чатыры месяцы года складала ў сярэднім 3326 тысяч рублёў (у 2014-м – 3185 тысяч). Тэмп росту прадукцыйнасці працы ў параўнанні з мінулым годам склаў 140 працэнтаў: як і патрабуецца, ён апераджае рост заработнай платы. І хоць яе нельга назваць вялікай, прадпрыемству ўдаецца захоўваць асноўны касцяк работнікаў. Не адзін дзясятак гадоў аддалі яму Галіна Вікенцьеўна Жаваранак, Іна Уладзіміраўна Лабань, Ларыса Віктараўна Апёнак, Алена Анатольеўна Пугачова, Валянціна Канстанцінаўна Мугака, Мікалай Аляксандравіч Спірыдзёнак. Не падводзяць больш вопытных калег Наталля Русецкая, Марыя Хамёнак. Выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі тэхнолаг вытворчасці Алена Казьяніна, якой даручана вельмі адказная работа – выраб узораў прадукцыі для тэндараў. “Алена – сапраўдны віртуоз сваёй справы: можа проста паглядзець на малюнак мадэлі і адразу зрабіць лякалы. Не заўсёды ўдаецца атрымаць заказ, але яшчэ не было выпадку, каб нашы ўзоры не спадабаліся”, – адзначае дырэктар ААТ.

Думаецца, менавіта прафесіяналізм усіх работнікаў прадпрыемства – ад яго кіраўніка да простай швачкі – з’яўляецца галоўным фактарам, які дазволіў прамкамбінату другі год запар трапіць на вяршыню рэйтынгу “Лідар галіны”, які складаецца незалежнымі экспертамі. Гэтая агульнадзяржаўная рэйтынгавая праграма ставіць на мэце вызначыць лепшыя прадпрыемствы ў плане іх канкурэнтаздольнасці і інвестыцыйнай прывабнасці. Па крытэрыі “прадукцыйнасць працы” Ушацкі прамкамбінат атрымаў золата рэйтынгу сярод усіх прадпрыемстваў вобласці, якія займаюцца вырабам спецадзення, а таксама ўвайшоў у чацвёрку лепшых вытворцаў рэспублікі па крытэрыі “прыбытак ад інвестыцыйнай, фінансавай і іншай дзейнасці”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *