Штогод 5 чэрвеня ў Полацку маштабна адзначаецца дзень памяці першай беларускай жанчыны, прылічанай да сонму святых – Еўфрасінні Полацкай. Праславілася заступніца Беларусі сваёй міратворчай і асветніцкай дзейнасцю. На землях Полацкага княства яна заснавала шэраг духоўных устаноў, якія сталі асяродкам культуры і адукацыі. Між тым ушаноўваюць прападобную хрысціяне ўсяго свету. А таму ў гэты дзень у Полацк, як духоўны цэнтр, традыцыйна прыбывае мноства вернікаў. Вось і сёлета тут сабраліся ўсё вышэйшае духавенства Беларусі і тысячы паломнікаў з многіх краін свету. Далучыцца да асаблівага духоўнага дзейства пашчасціла і дэлегацыі Ушацкага раёна.
Гэта, бадай, больш выключэнне, чым правіла, калі так урачыста шануюць святую не на дзень яе нараджэння, а на дзень яе паўстання перад Богам. Еўфрасінні не стала менавіта 5 чэрвеня ў Іерусаліме. Там яна і была пахавана. Аднак з-за ваенных дзеянняў святыя мошчы былі перанесены ў Кіева-Пячэрскую лаўру, дзе захоўваліся амаль восем стагоддзяў. Толькі 105 гадоў таму мошчы святой Еўфрасінні вярнуліся на родную зямлю. Іх змясцілі ў сярэбраную раку, сродкі на якую ахвяравалі ўсе епархіі нашых зямель. Аднак пасля рэвалюцыі і падчас кампаніі па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў рака разам з крыжам Еўфрасінні Полацкай былі ліквідаваны. А мошчы адпраўлены ў Віцебскі краязнаўчы музей. Зараз святая змешчана ў новую сярэбранаю раку, вырабленую сучасным майстрам-ювелірам Мікалаем Кузьмічом. Каштоўны метал на яе выраб спецыяльным указам Прэзідэнта Беларусі быў выдаткавы з дзяржфонду.
У гэтыя дні прытулак, заснаваны Еўфрасінняй, прымае тысячы паломнікаў і вернікаў з многіх краін свету. Разам з сёстрамі яны не толькі моляцца святой, але і ўпрыгожваюць манастыр да свята. Абавязковы атрыбут – сцежка з зеляніны і кветак. Вернікі і яе лічаць святой. Многія ступаюць босымі нагамі і збіраюць траву як святыню.
Царкоўныя службы ў Полацкай Сафіі не служаць амаль сто гадоў. Старажытны храм вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў дзейнічае як музей. І толькі раз у год – 5-га чэрвеня – робіцца выключэнне. Літургіі вядуць у гонар апякункі Беларусі – святой Еўфрасінні Полацкай.
Менавіта ў Сафійскі храм прыйшла 12-гадовая Прадслава – свецкае імя полацкай княжны, каб служыць Богу. Аўтарытэт Еўфрасінні Полацкай яшчэ пры жыцці прызнаваўся далёка за межамі Полацкага княства. 3 яе парадамі лічыліся полацкія князі і веча. Асабліва важкім было яе слова ў судах і спрэчках паміж князямі. Узведзены стараннямі Еўфрасінні ў 1161 годзе каменны Спаса-Праабражэнскі сабор лічыцца адной з жамчужын старажытнага дойлідства. У гэты храм Еўфрасіння Полацкая ахвяравала і напрастольны крыж, які замовіла майстру-ювеліру Лазару Богшу. Сёння гэтая рэліквія ўваходзіць у сусветную дзясятку самых каштоўных прадметаў мастацтваў, што былі згублены. Святая адчыніла першую жаночую школу, садзейнічала адкрыццю бібліятэк са скрыпторыямі, іканапісных і ювелірных майстэрняў. У маленькай келлі ў адной са сцен Сафіі прападобная малілася і займалася перапісваннем кніг. Дзе дакладна знаходзілася гэтая келля, сёння невядома. Справа ў тым, што ў 1710 годзе храм быў знішчаны: узарваўся порах, які там захоўваўся, а пасля аднаўлення Полацкая Сафія стала зусім іншай – такой, як мы бачым яе сёння.
5 чэрвеня тут прайшла архірэйская літургія, а затым хрэсны ход, які ўзначаліў епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід. Людзі і духавенства пешшу ішлі ад Сафійскага сабора да манастыра, заснаванага Еўфрасінняй. Да іх на кожнай вуліцы далучаліся вернікі і жыхары Полацка. У імпрэзах у гонар нябеснай заступніцы прыняў удзел Патрыяршы экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел. Дарэчы, гэта быў першы візіт кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы ў Полацк.
У манастыр хрэсны ход заходзіў пад гукі званоў. На літургіі пад адкрытым небам сабраліся вернікі розных канфесій і ўзростаў. Яны спецыяльна прыехалі ў Полоцк, каб ступіць на намоленую стагоддзямі і мільёнамі людзей зямлю.
Цікавыя факты
Імя Еўфрасінні Полацкай носяць цэрквы ў гарадах Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі ЗША) і Таронта (Канада). Беларускі праваслаўны прыход святой Еўфрасінні Полацкай ёсць і ў Лондане.
Існуюць легенды пра цудатворныя здольнасці мошчаў Еўфрасінні Полацкай. Адно з першых цудоўных вылечванняў адбылося пасля перанясення мошчаў святой у Полацк. Сведкі расказвалі, што ў Спаскім кляштары жыла манашка, якая пакутавала цяжкім захворваннем. Сёстры, выконваючы жаданне хворай, прывялі яе ў храм і паднялі на памост, дзе яна прыклалася да мошчаў святой Еўфрасінні. Пасля гэтага манашка адчула такі прыліў сіл, што змагла падняцца і ісці без чужой дапамогі. Раніцай доктар сустрэў хворую без усялякіх прыкмет хваробы.
Усё сваё царкоўнае жыццё Еўфрасіння Полацкая насіла на сабе вярыгі – жалезныя ланцугі, у якіх для ўтаймавання плоці хадзілі манахі-аскеты. Рабіла яна гэта так бясшумна, што пра наяўнасць кайданоў не ведалі ажно да смерці прападобнай.
Еўфрасіння Полацкая прызнана праваслаўнай і каталіцкай царквой.
Паводле легенды, вяртанне Крыжа Еўфрасінні Полацкай стане пачаткам сапраўднага адраджэння Беларусі.