Пожар в Ковалевщине тушили ушачские спасатели во время очередных учений

Cлужба-101

На ўскрайку поля каля Кавалеўшчыны засталася няўбраная салома. У цёплы сонечны дзень невядомая асоба вырашыла тут “навесці парадак”, кінуўшы запалкі. Каб разгарэцца, сухой саломе не спатрэбілася шмат часу, у чыстае неба стаў узнімацца дым, а агонь па сухой леташняй траве хутка распаўсюджвацца і за межы поля, накіроўваючыся ў бок вёскі, зусім побач знаходзіўся і лес. Усхваляваныя жыхары пачалі тэлефанаваць у службу 101. Гул пажарных машын і сірэн парушыў звыклую цішыню населенага пункта…

На шчасце, гэта быў не сапраўдны пажар, а такім чынам развіваліся падзеі падчас чарговых вучэнняў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Падобныя выпадкі, асабліва вясной, не з’яўляюцца рэдкасцю, а таму ў чарговы раз было вырашана адпрацаваць алгарытм дзеянняў. Уся сітуацыя была максімальна набліжана да рэальнай.

Пасля паступлення сігналу на пульт аператыўнага кіравання аварыйна-выратавальнай пажарнай часці да месца ўзгарання былі неадкладна накіраваны выратавальнікі і пажарная каманда лясгаса. Услед за імі прыбылі хуткая медыцынская дапамога, міліцыя і газавая служба.

Тым часам агонь узмацняўся і пачынаў перакідвацца на прыдарожныя дрэвы, але пажарныя не далі распаўсюдзіцца вогненнай стыхіі далей. Хвілін праз дзесяць агонь быў поўнасцю патушаны і ніякай пагрозы для людзей, навакольнай прыроды ўжо не было.

А вось намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Вітальевіч Галяковіч, які прыняў удзел у мерапрыемстве, адзначыў, што спрацавалі службы не на самую высокую ацэнку. Напрыклад, акрамя машыны на тушэнне пажару павінен быў быць накіраваны і трактар лясгаса, але гэтага не адбылося з-за адсутнасці паліва.

Такім чынам, практыка паказвае, што падобныя вучэнні вельмі патрэбныя, каб у выпадку сапраўднага пажару ўсе дзеянні ўжо былі адпрацаваны і адладжаны.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *