Ушачские дружинники проявили себя на областной спартакиаде среди членов добровольных дружин

Образование и молодежь

Надпіс “Дружыннік” на чырвонай павязцы, якую з гонарам насілі героі-добраахвотнікі, маладому пакаленню ўспамінаецца толькі па савецкіх фільмах. Зараз жа, калі гэты рух адрадзіўся, у моладзі з’явілася магчымасць самім стаць членамі такіх каманд. На сённяшні дзень на Ушаччыне іх налічваецца 21, у якія ўваходзяць больш за 100 чалавек.

Напрыканцы мая на базе палка патрульна-паставой службы ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама прайшла абласная спартакіяда сярод членаў добраахвотных дружын. Наш раён на ёй прадставілі Уладзімір Лабань, Сяргей Дунік, Дзмітрый Гардзіёнак, Аляксей Селявёнак і Ілья Міхейка. У план спаборніцтваў уваходзіла спартыўна-прыкладное мнагабор’е, пераадоленне паласы перашкод, спецыяльная падрыхтоўка і перацягванне каната.

– А вы, напэўна, з Ушач? – пацікавіўся ў нашых хлопцаў адзін з удзельнікаў спартакіяды, убачыўшы, як тыя спрытна кідаюць гранаты (снарады, сапраўды, ляцелі рэкордна далёка, а адзін увогуле не ўдалося знайсці). – Цяпер разумею, што значыць партызанскі край!

Для таго, каб годна прайсці ўсе іспыты, патрэбны добрая загартоўка і выдатная фізічная форма. Ну і нялішняй, вядома ж, з’яўляецца падтрымка балельшчыкаў. Менавіта таму суправаджала нашу каманду першы сакратар райкама БРСМ Ірына Ціханава.

– Я ўпершыню выязджала на такія спаборніцтвы. І, паверце, была ўражана, наколькі гэта цяжкае выпрабаванне. Тым больш, што ўскладняюць барацьбу няпростыя ўмовы надвор’я. У той дзень было дастаткова горача – і калі гледачы маглі схавацца ў ценю, то дружыннікам трэба было бегаць па полі, выконваць розныя практыкаванні. Але ўшачан гэта не напужала, у выніку ганаровае 6 месца з 18 было за нашай камандай. Хлопцы сказалі, што абавязкова палепшаць вынік у наступным годзе, – падзялілася ўражаннямі Ірына.

А мы ў сваю чаргу жадаем нашым юнакам заўсёды заставацца ў выдатнай фізічнай форме, каб наперадзе іх чакалі новыя перамогі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *