Вестка пра тое, што ў бліжэйшы час давядзецца прадстаўляць газету, стаць адным з чатырох прадстаўнікоў пішучай браціі Віцебшчыны на ўрачыстым мерапрыемстве па падвядзенні вынікаў рэспубліканскага конкурсу на лепшае асвятленне ў СМІ дзейнасці органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС Беларусі, выклікала хутчэй абвостранае пачуццё адказнасці, чым хваляванне ці радасць. Справа ў тым, што два гады таму “Патрыёт” ужо станавіўся абсалютным пераможцам гэтага конкурсу ў намінацыі “Цеснае і плённае супрацоўніцтва”, чым, вядома, паставіў высокую планку як для іншых газет, так і для нас саміх. Шчыра кажучы, двойчы ўвайсці ў адну раку не спадзяваліся, тым больш што сёлета колькасць прадстаўленых на конкурс работ стала рэкордна высокай – 158. А таму абыйсці ўсе “раёнкі” краіны і другі раз запар стаць лаўрэатам было асабліва прыемна. Гэтай перамозе папярэднічала шматгадовае супрацоўніцтва з праваахоўнымі органамі: асвятленне гэтай тэматыкі на старонках нашай газеты, удзел у розных рэйдах, акцыях і нават аператыўных мерапрыемствах, членства ў добраахвотнай дружыне Ушаччыны.
Я адчувала вялікі гонар – не столькі тады, калі стаяла на сцэне побач з прызнанымі “акуламі пяра”, у тым ліку рэспубліканскага ўзроўню, і нават не ў той момант, калі нас вітаў выконваючы абавязкі міністра ўнутраных спраў краіны М.А.Мельчанка, кіраўнікі розных сілавых структур. Адчуванне значнасці дасягнутага прыйшло, калі апусціліся кулісы, змоўкла музыка, заварушылася зала, і многія, хто сустракаўся на шляху, шчыра паціскалі руку, прамаўляючы: “Гэта ж вы з Ушачы?! Віншуем!”, “Па доўгу службы аналізую дзейнасць рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. І ведаеце: “Патрыёт” – мая любімая газета!”.
Яшчэ не раз успомняцца словы аднаго з выступаючых на мерапрыемстве: “Кожны гераічны ўчынак заслугоўвае высокага грамадскага прызнання. І ўдвая каштоўна, калі пра подзвігі праваахоўнікаў расказваюць прафесійныя журналісты. Прыемна, што самаадданая і сумленная работа маіх калег атрымлівае годнае асвятленне ў СМІ. Гэта вельмі важна для нас!”.
А для нас, як для журналістаў, вельмі важным з’яўляецца прызнанне нашай работы, часам незаўважнай, але такой уплывовай.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.