Депутаты, руководители предприятий, идеологический актив и руководство района побывали в Доме правительства по приглашению В.П.Андрейченко

Общество

Дзе вучаць быць дэпутатам? Напэўна, імі нараджаюцца, паколькі выбіраюць на гэтую грамадскую работу самых неабыякавых, актыўных і ініцыятыўных. А вось паказаць дэпутатам мясцовых узроўняў, чым займаецца Парламент, як вырашаюцца пытанні мясцовага значэння зыходзячы з агульнадзяржаўных інтарэсаў, як з’яўляюцца законы, якіх чакалі іх выбаршчыкі, ці чаму не прымаюцца, калі здаецца, што гэта самае патрэбнае… Гэтыя мэты ставіліся падчас вучобы, калі дэпутаты раённага Савета дэпутатаў, старшыні сельвыканкамаў, ідэалагічны актыў і кіраўнікі прадпрыемстваў на чале са старшынёй райвыканкама В.В.Родзічам і старшынёй раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнка накіроўваліся ў Дом урада па запрашэнні нашага дэпутата, старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі. Далучыліся да дэлегацыі дэпутат абласнога Савета дэпутатаў С.А.Даніловіч і памочнік дэпутата У.П.Андрэйчанкі В.М.Шыпко.

У гэты пятнічны дзень было запланавана сумеснае пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, на якім справаздачу перад Парламентам трымаў урад. Намеснік прэм’ер­міністра А.М.Калінін спачатку расказаў пра становішча ў будаўніцтве, транспарце, сувязі, камунальнай гаспадарцы, а потым адказаў на пытанні дэпутатаў. Яны былі самымі рознымі: ацэнка жылля пры прыватызацыі, ільготы афганцам, павелічэнне аплаты за пражыванне ў інтэрнатах, камунальных паслуг, газіфікацыі вёсак, падатковыя льготы забудоўшчыкам, якія атрымліваюць жыллё без аддзелкі… Хоць задавалі іх дэпутаты розных выбарчых акруг, бачна, што датычацца яны практычна ўсіх беларусаў, што сведчыць пра веданне народнымі абраннікамі праблем людзей. Яны і не могуць быць адарваны ад народа, паколькі сістэматычна працуюць у сваіх выбарчых акругах. Аднак ведання праблемы недастаткова, каб адначасова выканаць усе пажаданні людзей. Прыкладам таму служыў адказ віцэ­прэм’ера на пытанне аб далейшай газіфікацыі вёсак. “Праграма газіфікацыі населеных пунктаў завершана, трэба вызначаць прыярытэты, і калі будзе вырашана, што менавіта зараз краіна ў стане фінансаваць далейшую газіфікацыю, то будзе зацверджана наступная праграма, а аблвыканкамы складуць спісы населеных пунктаў” .

На пасяджэнні ішоў зацікаўлены дыялог, прычым дэпутаты задавалі пытанні, якія датычацца не толькі насельніцтва, а і выказваліся за зніжэнне нагрузкі на прадпрыемствы, у прыватнасці камунальнай гаспадаркі за кошт павышэння аплаты паслуг. Усім добра вядома, што беларусы плацяць за іх намнога меней, чым суседзі з прыбалтыйскіх краін ці Ра­сіі, аднак нават пры складаным становішчы ў краіне ўрад не ініцыіруе рэзкі пераход да стопрацэнтнай аплаты. Паступова ён плануецца (як зазначыў А.Калінін – да 2017 года), аднак галоўны прынцып – ад субсідзіравання камунальных паслуг – да субсідзіравання чалавека, гэта значыць, што льготы на частковую аплату такіх паслуг атрымаюць маламаёмасныя катэгорыі грамадзян, а не ўсе, як зараз.

Дэпутаты задавалі пытанні міністрам, якія ці давалі адказ, ці бралі яго як “работу на дом”, выказвалі свае прапановы па ўдасканальванні дзейнасці.

На ўсё патрэбны сродкі, а вось каб эканоміка і грамадства дынамічна развіваліся, дэпутатамі і выпрацоўваюцца законы. Ініцыяваць іх могуць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Савет Міністраў, Прэзідэнт і насельніцтва, калі збяруць 50 тысяч подпісаў. Потым іх распрацоўкай займаюцца дэпутаты ў пастаянных камісіях і прафесійныя юрысты. Калі закон будзе прыняты з усімі папраўкамі, ён накіроўваецца ў Савет Рэспублікі, дзе ці прымаецца, ці адхіляецца. Пры адабрэнні сенатараў закон кладзецца на подпіс Прэзідэнту. За год на пасяджэннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прымаецца каля сотні законаў. Ад распрацоўкі новага да першага чытання праходзіць практычна год.

Пра ўсё гэта расказваў ушацкай дэлегацыі Уладзімір Паўлавіч ужо пасля таго, як мы папрысутнічалі на пасяджэнні Парламента. Старшыня Палаты прадстаўнікоў так падрабязна спыніўся на адным з асноўных накірункаў дзейнасці парламентарыяў – заканатворчай. Сустрэчы з абраннікамі: у працоўных калектывах, на пасяджэннях райвыканкамаў і сесіях раённых Саветаў дэпутатаў, прыёмы па асабістых пытаннях – гэта яшчэ адзін з накірункаў дзейнасці. А таксама – міжнародная дзей­насць і кантрольная за работай урада – тое, што мы і бачылі.

Законы ж павінны быць рэальнымі, арыентаванымі на ўзровень развіцця эканомікі. Зараз вельмі няпросты час, у многім залежыць ад сусветнага крызісу. Аднак, як зазначыў Уладзімір Паўлавіч, простых часоў не было ніколі і зараз трэба працаваць, захоўваць працоўныя месцы, шукаць рынкі. Прэзідэнт, урад актыўна працуюць над гэтым, заключаючы дагаворы з новымі краінамі, на месцах жа У.Андрэйчанка прапанаваў ушачанам ствараць новыя невялікія прадпрыемствы. “Гігантам складаней перабудоўвацца, а вось такія прадпрыемствы, як ваша “Твестуба”, могуць гэта зрабіць прасцей. Стварайце моладзі ўмовы для развіцця прадпрымальніцтва, выдзяляйце такія ўчасткі, дзе падведзены інжынерныя сеткі. Крызіс мінуе, а Ушаччына будзе развівацца. Я ж дапамагаў і буду рабіць гэта і далей”.

Пераканацца, наколькі важкая падтрымка нашага дэпутата У.П.Андрэйчанкі, удзельнікі выязной вучобы змаглі, слухаўшы справаздачу віцэ­прэм’ера ў галіне будаўніцтва. З­за праблем у галіне згорнуты і не фінансуюцца многія сацыяльныя аб’екты. У нас жа ўзвядзенне фізкультурна­аздараўленчага комплексу працягваецца толькі дзякуючы падтрымцы У.П.Андрэйчанкі. Дзякуючы яму мы сёлета распачалі рэканструкцыю дзіцячага сада №4 і газіфікацыю пяці кааператываў. Мікрараён Е.Лось не толькі з газам, але і ў асфальце, людзям не патрэбны гумавыя боты, каб пасля дажджоў дабрацца ў цэнтр. Водаправод праведзены да дамоў па Полацкай і Каранеўскага, камфортна стала ў адрамантаваных аддзяленнях бальніцы, рэканструкцыя якой будзе працягвацца, паколькі Уладзімір Паўлавіч лічыць належнае медыцынскае абслугоўванне адной з галоўных патрэб насельніцтва. Ён спрыяў, каб на Ушаччыну некалькі год таму размеркавалі рэкордную колькасць медыкаў.

Мадэрнізацыя агароднінасушыльнага завода, асфальтаванне дарогі Ушачы­Лепель праз “Лясныя азёры”, рамонт інтэрната ў Градзянцы, выдзелены транспарт для спартсменаў, медыкаў, камунальнікаў, сродкі на добраўпарадкаванне гарпасёлка…

Калі прыгадвала зробленае з дапамогай Уладзіміра Паўлавіча, перад вачыма прайшлі тыя людзі, што прыходзілі на прыём да дэпутата. А яшчэ больш тых, каму ён дапамог асабіста. Непадробны клопат пра людзей, веданне жыцця, шчырае жаданне дапамагчы – тыя рысы, што вылучаюць Уладзіміра Паўлавіча як чалавека і як дэпутата. Ну а ўручаючы ў парламенце пасведчанні дэпутатам раённага Савета дэпутатаў, ён падкрэсліў, што галоўныя рысы, якімі павінны валодаць дэпутаты – гэта ініцыятыўнасць і адказ­насць. Усё астатняе пры жаданні з’явіцца, не сорамна папрасіць падказкі, ніколі не позна вучыцца, а вось ініцыятыўнасць і адказнасць павінны быць закладзены ў чалавеку.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў сфатаграфаваўся з ушачанамі на памяць у Авальнай зале – той, дзе і прахо­дзяць пасяджэнні, паказаў свой працоўны кабінет, таксама пабывалі мы ў музеі беларускага парламентарызму. Нехта быў тут упершыню, нехта паўторна, аднак уражанняў хапіла і тым, і другім.

– Летась здавала іспыт па канстытуцыйным праве, а зараз вось увачавідкі пабачыла, як усё адбываецца, – казала дэпутат райсавета Наталля Бугай, якая нягледзячы на дэкрэтны адпачынак знаходзіць час для выканання грамадскай нагрузкі.

– Для мяне не толькі ў навіну, як працуюць палітыкі, аднак і вялікі гонар, што ўключылі ў склад дэлегацыі. Уражанняў шмат, – казала старшыня Маладзёжнай палаты Ушацкага раёна Ганна Герцык – адзіны школьнік у дэлегацыі.

– Вельмі даўно знаёмы з Уладзімірам Паўлавічам і шчаслівы гэтым, таму што ён уяўляе ўзор кіраўніка­практыка, які аднолькава паважліва ставіцца да людзей, незалежна ад таго, хто перад ім, – выказваўся дырэктар ААТ “Дземенец” Аляксандр Віктаравіч Шарыпенка.

Ну а асаблівы гонар ад таго, што твой прадстаўнік у Палаце прадстаўнікоў – яе старшыня, адчувалі літаральна ўсе ўшачане, якія назіралі за работай аднаго дня парламентарыяў. У гэты ж дзень ушацкую дэлегацыю чакала яшчэ многа ўражанняў і падчас наведвання музея Вялікай Айчыннай вайны.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *