Ушачские мелиораторы дорожат любым заказом

К профессиональному празднику

У пятніцу ў меліяратараў быў запланаваны агульны збор калектыву ў сувязі з прафесійным святам: урачыстая частка з узнагароджваннем перадавікоў, невялікі канцэрт… і раз’езд па аб’ектах. Наяўнасць аб’ёмаў, а прасцей кажучы работы – гэта на сённяшні дзень асноўная і вялікая гордасць любога прадпрыемства. Таму і працуюць меліяратары, без перабольшвання, як ніхто ці вельмі мала хто ў раёне: прафесійна, аддана і многа. І сённяшняе інтэрв’ю з дырэктарам прадпрыемства Васілём Станіслававічам СПІРЧОНКАМ, напэўна, карысна будзе не столькі для членаў гэтага калектыву, як для іншых.

– Васіль Станіслававіч, за вашым калектывам з даўніх часоў замацавалася слава прадпрыемства, дзе, каб зарабіць, трэба добра папрацаваць. І расцэнкі ў вас па галіне былі ніжэйшыя, і сумежныя прафесіі асвойвалі, і заказы за межамі раёна шукалі…

– Пры прыёме на работу ў нас вядзецца абавязковая гутарка з патэнцыяльным работнікам, якога адразу папярэджваем, што ў нас не так цяжка, як у калгасе, а яшчэ больш. У 8 гадзін раніцы меліяратары не да прахадной падцягваюцца, а ўжо на аб’екце, а выязджаюць адпаведна ў 7 гадзін ці раней. У нас дзевяцігадзінны рабочы дзень, нярэдка прыхопліваем і суботы, каб у тэрмін здаць аб’ект.

– І няма летуноў, што шукаюць больш спакойныя і даходныя месцы?

– Чалавек заўсёды шукае, дзе лепей, у нас не затрымліваецца такая катэгорыя людзей, якія, я б сказаў, не вызначыліся ў жыцці. Ёсць і такія, што пакідалі калектыў і вярнуліся, як і тыя, што хацелі звольніцца і засталіся. Гэта з маладых. Ну а тыя, хто прайшоў 90-я гады, ведаюць, што часы бываюць розныя, і такія, калі трэба працаваць, падцягнуўшы паясы. Яны нікуды не бягуць з калектыву, разумеюць, што такое вытворчая неабходнасць, таму захоўваецца касцяк.

– І які заробак у вас?

– За красавік сярэдняя зарплата склала 5 мільёнаў 333 тысячы, з пачатку года – 4322 тысячы рублёў, атрымоўваюць яе нашы работнікі рэгулярна і да ўзроўню мінулага года яна павялічылася на 17 працэнтаў. Зімовыя месяцы не зусім тыповыя для меліяратараў, многія былі ў водпусках, займаліся рамонтамі, ды і за некаторыя работы проста не бяромся зімой, каб не павялічваць выдаткі. Мы выплачваем палявыя ці камандзіровачныя, а таксама кормім работнікаў, прычым яны аплачваюць толькі 10 працэнтаў кошту абедаў.

– Як і раней, працуеце за межамі раёна?

– Так, ужо не першы год працуем на “Нафтане” – на рэканструкцыі аб’ектаў, бетонных работах, добраўпарадкаванні. Субпадрадчыкам, як правіла, дастаюцца не самыя лепшыя віды работ, аднак мы рады любым заказам. Імкнёмся выконваць усё у тэрмін і якасна, таму і партнёрства з гігантам нафтаперапрацоўкі ў нас замацавалася. А наогул зараз вельмі і вельмі складана знайсці работу, паколькі бюджэтнае фінансаванне аб’ектаў меліярацыі менш, чым раней, ці ёсць аб’ект, а няма рэальных грошай. А яшчэ і ўскладняюцца ўмовы: калі раней плацілі авансы перад пачаткам работ, то зараз ты павінен мець 15 працэнтаў ад аб’ёму работ уласных абаротных сродкаў.

– Каб быць на плыву, ушацкія меліяратары асвойвалі сумежныя ці наогул нехарактэрныя віды работ – пракладалі водаправод, укладвалі плітку…

– І захоўваем гэту тэндэнцыю, паколькі меліярацыйныя работы займаюць толькі 28 працэнтаў ад нашых аб’ёмаў. У чэрвені здаём новы меліярацыйны аб’ект у Занавінні, а ў ліпені заканчваем рэканструкцыю ранейшага аб’екта Падбор’е-Вацлавова-Гігант. Таму і маем на сённяшні дзень сертыфікаты на дзевяць відаў работ: абсталяванне дарожнага палатна, бетонныя работы, водаправод, каналізацыя… Аказваем платныя паслугі насельніцтву па планіроўцы ўчасткаў, выкопванні саджалак. Прычым расцэнкі на гэтыя віды работ практычна па сабекошце, аднак плацежаздольнасць нашага насельніцтва нізкая.

– Васіль Станіслававіч, на прадпрыемстве існуе наладжаная работа па ўліку матэрыяльных каштоўнасцей і наогул адпаведнасці заробленага і атрыманага, падзяліцеся, калі ласка, вопытам.

– Пры прыёме на работу з чалавекам заключаецца дагавор аб поўнай матэрыяльнай адказнасці і кампенсацыі ўрону, калі ён нанесены прадпрыемству па віне работніка. Прарабы, майстры выпісваюць на сябе матэрыялы пад канкрэтны аб’ём работ, потым па зменным рапарце, напрыклад, механізатару ці вадзіцелю, перадаецца пэўны аб’ём паліва. У канцы рабочага дня параўноўваецца выкананы аб’ём і затрачаны час і матэрыялы, калі не ўкладваешся ў каштарысныя разлікі – кампенсацыя за свой кошт.

– Здараюцца выпадкі адхіленняў ад маршруту ці эканоміі паліва для сябе?

– Практычна не, таму што ў нас чатыры віды ўліку, у тым ліку навігацыйны, які дакладна паказвае, дзе быў і колькі зрабіў. І па ранейшых прыкладах пакарання людзі ведаюць, што зэканоміўшы на малым, згубіш больш, а дакладней – пазбавішся прэміі, якая можа дасягаць і 60 працэнтаў заробку. Так што чалавек проста не зацікаўлены ў гэтым і, паўтаруся, ён ведае, што перыядычна робяцца кантрольныя замеры. Штомесячна інжынерная служба аналізуе расход каштоўнасцей, аб’ёмы, пераправяраем, шукаем, на чым яшчэ магчыма зэканоміць. Напрыклад, разліковы расход паліва складаў 4,5, а фактычны і па навігатары – 3,8-3,9, такім чынам мы скарачаем выдаткі. Эканомія, эканомія і яшчэ раз эканомія – гэта абавязковы дэвіз сённяшняга часу. Не для таго, каб ушчаміць людзей, а каб захаваць прадпрыемства. Інакш у сённяшніх умовах проста не вый­граць тэндэра, не захаваць аб’ёмы, а значыць і не захаваць калектыў.

– Вы працавалі кіраўніком сельгаспрадпрыемства. Можна наладзіць такую ж сіс­тэму ўліку там?

– Такую ці падобную – абавязкова неабходна зрабіць. Паўтаруся, не тыя часы, каб не лічыць і не ду­маць, на чым эканоміць. У нас у КУСГП “Дубраўка” дыспетчар-нарміроўшчык у канцы кожнага дня збіраў падпісаныя брыгадзірам ці аграномам пуцявыя лісты, і мы аналізавалі зробленае і затрачанае. Паліва ў затратах пэўнага віду сельгасработ дасягае 20 працэнтаў, дык як жа не кантраляваць яго расход? За што плаціць зарплату, калі няма выручкі? За красавік на прадпрыемстве адным работнікам выраблена аб’ёмаў работ на 19,7 мільёна, а ўдзельная вага зарплаты – 27,7 працэнта ў аб’ёме выкананых падрадных работ.

– Васіль Станіслававіч, напярэдадні свята людзям будзе прыемна даведацца імёны лепшых працаўнікоў прадпрыемства.

– Лепшым прарабам прадпрыемства (у нас вядзецца спаборніцтва ўнутры калектыву) прызнаны Юрый Анатольевіч Сазанкоў, брыгадзір Іван Іванавіч Шамшура. Касцяк калектыву складаюць такія правераныя адказныя работнікі як Аляксандр Васільевіч Чэвідаеў, Аляксандр Уладзіміравіч Люцько, Міхаіл Фёдаравіч Лаюшка, Аляксандр Віктаравіч Каваленка, Сяргей Леанідавіч Гарбаценка, Уладзімір Андрэевіч Бародзіч і многія іншыя. З нагоды свята віншую ўвесь калектыў і ветэранаў вытворчасці, жадаю дабрабыту ў сем’ях, шчасця, здароўя і даўгалецця.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *