Дом для спокойной старости. В отделении круглосуточного пребывания для пожилых людей и инвалидов нашёл приют 21 человек

Общество

Сацыяльная служба трывала ўвайшла ў наша жыццё. Сёння яе паслугамі карыстаюцца многія адзінокія пажылыя людзі, асобныя з якіх наогул не ўяўляюць свайго існавання без пабочнай дапамогі. Менавіта таму адкрыццё ў 2007 годзе ў аграгарадку Вяркуды аддзялення кругласутачнага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў стала знакавай падзеяй для нашага раёна.

Установа разлічана на адзінокіх, адзінока пражываючых грамадзян пажылога і старэчага ўзросту, непрацаздольных інвалідаў першай і другой групы, якім патрэбны дапамога, аказанне бытавых, санітарна-гігіенічных, а пры неабходнасці – і сацыяльна-медыцынскіх паслуг. Тут створаны ўсе неабходныя ўмовы для нармальнага пражывання, адпачынку. У памяшканні аддзялення абсталявана ўтульнае фае з мяккай мэбляй, тэлевізарам, дзе нашы бабулі і дзядулі любяць збірацца за праглядам тэлеперадач. У святочныя дні культработнікі раёна і школьнікі арганізуюць для нас канцэрты. Праводзяцца таксама сустрэчы з псіхолагам, прадстаўнікамі царквы. На прысядзібным участку культывуем бульбу, буракі, цыбулю, моркву, агуркі. Нядаўна набылі цяпліцу для вырошчвання памідораў і расады. Многія пастаяльцы з задавальненнем прымаюць удзел у работах на агародзе. Дарэчы, сабраная потым агародніна выкарыстоўваецца для арганізацыі іх харчавання.

Увогуле, значную ўвагу нада­ем забеспячэнню належнага мікраклімату ў аддзяленні, заняткам па інтарэсах. Зусім не выпадкова, што тут ужо знайшоў сабе прытулак 21 чалавек. Між іншым, свабодныя месцы ва ўстанове яшчэ ёсць. Заўважу, што з адзінокіх непрацаздольных грамадзян бярэцца штомесячная плата ў памеры 85 працэнтаў ад сумы пенсіі, але не больш за 80 працэнтаў ад поўнага кошту паслуг. Калі ж у чалавека ёсць працаздольныя дзеці, апошнія павінны даплаціць да поўнага кошту паслуг установы. Але ж, думаецца, гэта нішто, калі на коне самае дарагое – здароўе блізкага чалавека.

Атрымаць дадатковую інфармацыю пра аддзяленне і ўмовы размяшчэння ў ім можна па тэлефонах 2-20-32, 2-54-74.

Н.ГРАБОЎСКАЯ, загадчык аддзялення кругласутачнага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *