
Гэты конкурс быў вельмі асаблівым – для дзяцей узростам да 10 гадоў. Ушацкія выканаўцы выступалі ў падгрупе 8-10.
“Вельмі цікавы ўзрост (самі дзеці эмацыянальныя, рухавыя, непасрэдныя), аднак і складаны, паколькі цяжка дабіцца нейкіх вынікаў пры тым, што гэта вучні пачатковых класаў школы мастацтваў, – гаворыць загадчыца эстраднага аддзялення і выкладчыца вакалу Алена Анатольеўна Сазонава. – На нас працавала іх нестамляемасць – рыхтаваліся па некалькі гадзін, вялікі дзякуй і харэографу Наталлі Веньямінаўне Корневай, якая прыходзіла, займалася ў свой вольны час, бо вучыцца танцам на эстрадным аддзяленні пачынаюць толькі з трэцяга класа. І як заўсёды, бацькам, якія рыхтавалі касцюмы, наогул траціліся, паколькі літаральна на ўсе конкурсы зараз патрэбны стартавы ўзнос. Добра, што ён быў невялікі. І, канечне, малайцы самі дзяўчынкі. Музыку яны выконвалі сапраўды эстрадную, з добрым гукам, прычым, вельмі складаную – джазавую і блюзавую па накірунку. Дзяўчаты вытрымалі ўсе патрабаванні конкурсу і набралі найбольшую колькасць балаў”.
Якое месца зоймуць, яны маглі прадбачыць яшчэ па рэакцыі публікі ў зале. Ну а пасля падыходзілі члены журы – пераважна эстрадныя выканаўцы Беларусі, віншавалі і казалі: “Бачна ваша школа”. І яна сапраўды бачна, бо не жарты – узяць тры з чатырох дыпломаў пры тым, што прэтэндавала на іх трыццаць канкурсантаў.
З дыпломамі, вялікімі мяккімі цацкамі, і канечне, прыўзнятым настроем, вярталіся юныя вакалісткі. Наперадзе чарговыя заняткі і падбор імя для пакуль што неназванага трыо.