Гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння “Белае” – адна з дзвюх размешчаных на Ушаччыне асабліва ахоўваемых тэрыторый. Дакладней, гэты заказнік наш раён дзеліць з суседнім Глыбоцкім: 483 гектары яго плошчы раздзяляюцца паміж адміністрацыйнымі адзінкамі прыкладна папалам.
Створаны заказнік быў у 1979 годзе з мэтай захоўвання вадаёма і яго насельнікаў. У яго склад уваходзіць аднайменнае возера ў басейне ракі Шоша і прылеглыя да яго тэрыторыі. Самыя блізкія ад мяжы заказніка населеныя пункты Ушаччыны – гэта вёскі Пруды, Астапаўшчына, Бараўляны Кубліцкага сельсавета. Возера Белае не вельмі вялікае: яго плошча каля 0,61 квадратных кіламетра, даўжыня – крыху больш 2 км, максімальная шырыня – паўкіламетра. Пры гэтым яно даволі глыбокае – 24,7 метра.
Чым жа гэта возера такое адметнае, што прымусіла эколагаў выступіць з ініцыятывай надання яму асаблівага статусу? Як сведчыць сама назва, Белае адрозніваецца чысцінёй сваёй вады (яе празрыстасць складае каля 4 метраў), дзякуючы чаму ў вадаёме водзяцца ляшчы, акуні, шчупакі, судакі, язі, гусцяра, краснапёркі – у цэлым каля 20 відаў рыбы. Берагі ў асноўным параслі сасновым лесам і кустоўем, а таму вадаём карыстаецца папулярнасцю ў баброў, якія стварылі тут вялікую папуляцыю, абляпіўшы хаткамі ўсё наваколле.
Але ж самым, бадай, галоўным багаццем Белага з’яўляецца даволі рэдкі для Беларусі від воднай флоры – мох фанціналіс, які ўтварае на возеры плаваючыя астраўкі. Пра гэтую прыгожую расліну, якая жыве толькі ў чыстай вадзе, варта расказаць падрабязней. Мох фанціналіс, які яшчэ называюць ключавым, вельмі прыгожы: яго сцяблы разгалінаваныя, пакрытыя мноствам лісця даўжынёй 1 і шырынёй 0,5 см. Звычайна ён расце групамі, прымацоўваючыся да камянёў на дне вадаёма. У вышыню расліна можа дасягаць 4070 см, а яе колер залежыць ад вады: там, дзе яна праточная, колер цёмназялёны, дзе, як у Белым, слабапраточная – светлазялёны. Адметна, што гэты мох вельмі прыгожа выглядае ў акварыумах, аднак утрымліваць яго “ў няволі” даволі складана, бо расліна патрабуе пастаяннага догляду і пэўнага цеплавога рэжыму.
Акрамя таго на тэрыторыі заказніка можна сустрэць рэдкія расліны баранец звычайны, дрэмлік цёмначырвоны, ласняк Лёзеля. А вось звесткі аб тым, што на возеры расце занесеная ў Чырвоную кнігу Беларусі кветка лабелія Дортмана (іх можна сустрэць у некаторых інтэрнэткрыніцах), не адпавядаюць рэчаіснасці: зза распаўсюджанасці назвы возера аўтары хутчэй за ўсё блытаюць вадаём з аднайменным у Лунінецкім і Пастаўскім раёнах.
Для таго, каб абараніць заказнік ад шкоднага ўздзеяння чалавека, на яго тэрыторыі дзейнічае шмат абмежаванняў па гаспадарчай дзейнасці – у прыватнасці, на возеры забаронена прамысловае рыбалоўства, узворванне зямлі бліжэй за 100 метраў ад берагавой лініі, здабыча торфу і сапрапелі і многае іншае. Заказнік Белае з’яўляецца аб’ектам экалагічнага турызму, на яго тэрыторыі абсталяваны месцы адпачынку, ну а сам вадаём найперш прыцягвае рыбаловаўаматараў.
Ушацкія азёры ўваходзяць па розных сваіх адметнасцях у дзясяткі “самыхсамых” беларускіх вадаёмаў: так, наша Оталава – шостае сярод усіх айчынных азёр па даўжыні берагавой лініі (38,8 кіламетра), Крывое – на такім жа месцы па чысціні (6,1 метра празрыстасці), а Трошча і Вечалле – адпаведна на 6м (38,2 метра) і 8м (35,9) па глыбіні.
Наталля БАГДАНОВІЧ.