Пратэрмінаваныя цукеркі, каўбаса і кісель. Не толькі факты продажу прадуктаў з сышоўшым тэрмінам годнасці, а і іншыя парушэнні выявілі спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі падчас месячнай планавай праверкі адасобленага структурнага падраздзялення “Харчгандаль” райспажыўтаварыства, у якое ўваходзіць 11 аб’ектаў гандлю.
Планавая праверка мае істотныя адрозненні ад звычайнага маніторынгу. Папершае, праверка ахоплівае ўсе бакі правяраемага аб’екта ад тэрміну годнасці прадуктаў да месца для мыцця рук, спецыялісты цэнтра гігіены і эпідэміялогіі маюць права праверыць бытоўкі, складскія памяшканні і іншае, падругое, калі пра маніторынг работнікі не ведаюць, то аб праверцы паведамляецца загадзя і ёсць магчымасць падрыхтавацца і ўхіліць усе недахопы. Але нягледзячы на гэта без парушэнняў ніяк не абышлося. У час праверкі (а доўжылася яна амаль месяц) мы таксама пабывалі на некаторых аб’ектах “Харчгандлю”.
“Родны кут” – адзін з самых часта наведваемых магазінаў райцэнтра. На першы погляд здаецца, што ўсё тут ідэальна, аднак каб знайсці недахопы, шмат часу не спатрэбілася. Напрыклад, у гандлёвай зале былі ўстаноўлены факты рэалізацыі паўторназамарожаных паўфабрыкатаў з птушкі, дэфармаваных банак (паштэт “Брэсцкі” і гуляш “Традыцыйны”). У аддзеле садавіны і агародніны знайшліся мандарыны, таматы і перцы з яўнымі прыкметамі сапсаванасці. У складскім памяшканні ў халадзільнай камеры для захоўвання рыбы знаходзіліся прадукты з сышоўшым тэрмінам годнасці, у другой камеры “суседнічалі” мясныя паўфабрыкаты з марожаным. У фасовачным памяшканні на момант праверкі была няспраўнай каналізацыя, у бытавым памяшканні па прычыне недахопу шафаў спецадзенне захоўвалася з асабістым адзеннем работнікаў. Не ва ўсіх з іх меліся медыцынскія даведкі. Усё вышэйпералічанае з’яўляецца парушэннем санітарных нормаў і правілаў. Трэба адзначыць і некаторыя плюсы, на якія была звернута ўвага правяраючых. У магазіне маюцца і добра працуюць кандыцыянеры, разгрузачная платформа абсталявана навесам, у падсобных памяшканнях праведзены касметычны рамонт, падчас выбарачнай праверкі прадуктаў не знайшлося пратэрмінаваных.
Заўсёды мнагалюдна і ў “Цэнтральным”, які карыстаецца не намнога меншай папулярнасцю ва ўшачан за кошт свайго ўдалага размяшчэння.
– Часта наведваю гэты магазін не толькі зза прафесійных абавязкаў, а і як пакупнік. І ў апошні час ён не выклікае вялікіх нараканняў на работу, тут стараюцца не дапускаць фактаў пратэрмінаваных прадуктаў, прытрымліваюцца ўсіх норм і не толькі напярэдадні праверак, – гаворыць памочнік урачагігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Н.М.Мароз.
Праверка пацвердзіла належнае таварнае суседства пры захоўванні і рэалізацыі тавараў, адсутнасць пратэрмінаванасці, усімі работнікамі пройдзены медагляд. Але ўсё ж атрымаць тытул самага ўзорнага магазіна “Цэнтральнаму” не ўдалося, бо парушэнне санітарных нормаў і правілаў знайшлося – у складскім і бытавым памяшканнях не праведзены рамонт столі, сцен, падлогі, а фасовачнае месца не абсталявана двухсекцыйнай мыечнай з падводам гарачай і халоднай вады.
А вось на размеркавальным складзе “Харчгандлю”, які размяшчаецца ў падвальным памяшканні адміністрацыйнага будынка райспажыўтаварыства, наогул карціна была нярадасная. Парушэнняў санітарных нормаў і правілаў спецыялісты цэнтра гігіены і эпідэміялогіі выявілі мноства: месца загрузкі і выгрузкі тавараў не абсталявана навесам, харчовыя прадукты захоўваюцца ў непасрэднай блізкасці ад камунікацый, якія працякаюць. Адсутнічае халадзільнае абсталяванне для часовага захоўвання харчовых прадуктаў, не створаны ўмовы для выканання норм асабістай гігіены – адсутнічае туалет, мыйка. Няма нават інвентару для ўборкі.
Чым жа выдзеліліся астатнія гандлёвыя кропкі? У магазіне “Прадукты” без маркіровачнага ярлыка прадаваліся сухары і пячэнне, адсутнічала гарачая вада, а на тэрыторыі “красаваўся” разбураны драўляны туалет. У “Вікторыі” таксама не было гарачай вады. У “Прыазёрным” пратэрмінаванымі аказаліся цукеркі беларускай вытворчасці, зноў жа без ярлыка прадавалася свежазамарожаная рыба. У магазіне “Заходні” на складзе разам захоўвалася якасная пекінская капуста і з прыкметамі псавання. Тут жа стары маразільны лар прыстасавалі для збору смецця. Без ярлыка прадавалася 6 кілаграмаў свініны. У магазіне “На Віцебскай” мелі месца пратэрмінаваныя цукеркі і “Магги на второе”. Ва “Усходнім” таксама не абышлося без пратэрмінаваных прадуктаў – рэалізоўваліся сметанковае масла, тэрмін годнасці якога сышоў у лютым, і яблычны кісель, ужываць які можна было да снежня мінулага года. У “Мясной лаўцы” вытрыманы ўсе патрабаванні, але ў продаж усё ж трапіў адзін кілаграм пратэрмінаванай варанай каўбасы. Толькі дробныя недахопы былі выяўлены ў “Раніцы” і “На Калінінскай”.
Па фактах выяўленых парушэнняў на АСП “Харчгандаль” быў складзены пратакол аб адміністрацыйным парушэнні. Яшчэ 4 пратаколы было складзена на пасадных асоб. Таксама была часова прыпынена і работа размеркавальнага склада да навядзення там парадку.
Вольга КАМАРКОВА.