На палях “Райаграсэрвіса” сёлета будуць расці не толькі зерневыя і зернебабовыя культуры, а і агародніна. Хоць у гэтым годзе гаспадаркам раёна не даводзіўся план па яе пасадцы, у таварыстве вырашылі пасадзіць 1,5 гектара капусты і паўгектара сталовых буракоў. Дырэктар ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс” У.У.Верташонак лічыць, што не трэба адмаўляцца ад вырошчвання агароднінных культур, бо кожны з нас мае ў іх патрэбу, і калі мы не вырошчваем агародніну самі, то адпраўляемся за ёй у магазін ці на кірмаш. Калі Уладзімір Уладзіміравіч працаваў на Лепельшчыне, іх сельгаспрадпрыемства прывозіла ў наш раён на рэалізацыю агародніну. Дык чаму не вырасціць сваё? Гэты факт і падштурхнуў адвесці плошчы пад названыя культуры.
Расаду капусты двух сартоў – ранняя “Чэрвеньская” і позняя “Зімовая” – для “Райаграсэрвіса” вырасціла Арэхаўская школа, якая штогод славіцца добрым капусным ураджаем. Дапамогу ў падрыхтоўцы глебы на завячэльскіх землях прадпрыемству аказаў былы фермер М.І.Рубанік. Гаспадаркай былі ўнесены і патрэбныя мінеральныя ўгнаенні – капуста лепей будзе расці на землях, падкормленых каліем, азотам і фосфарам.
На минулым тыдні за пару дзён уся расада была высаджана. Справай займаліся непасрэдна працаўнікі “Райаграсэрвіса”, а таксама людзі, накіраваныя цэнтрам занятасці. Узначаліла “дэсант” па пасадцы агародніны аграном гаспадаркі Т.А.Чарняўская. Высаджаная капуста палівалася адразу і яшчэ некалькі дзён пасля пасадкі. Затым былі пасеяны і сталовыя буракі.
Цяпер перад сельгаспрадпрыемствам стаіць задача вырасціць пасаджанае. Кожны добры гаспадар выдатна ведае, што агародніне патрэбны пастаянны догляд – праполка, ахова ад шкоднікаў. Як з гэтым справяцца аграрыі і ці будзе іх вопыт удалым – пакажа восень.
Вольга КАМАРКОВА.