Ветераны с нами. А.И.Белоусов принимал поздравления с Днём пограничника и юбилеем

70-годдзе Перамогі

Для ўшачаніна Аляксандра Іванавіча Белавусава канец мая – адметны час, калі ён адзначае не толькі сваё любімае свята – Дзень пагранічніка, але і ўласны дзень нараджэння. Сёлета ж мінулы тыдзень быў для падпалкоўніка ўрачыстым удвая, бо ён святкаваў 70­-гадовы юбілей. Сярод шматлікіх людзей, якія прыходзілі з віншаваннямі ў гасцінны дом Аляксандра Іванавіча, быў адзін з самых чаканых – старшыня Полацкай гарадской ветэранскай арганізацыі органаў пагранічнай службы Васіль Юр’евіч Трафіменка.

“Таварыш палкоўнік, на дзяржаўнай граніцы Ушацкага раёна здарэнняў не адбылося!” – такім жартоўным рапартам сустрэў юбіляр свайго даўняга сябра. І хоць служылі яны ў розных месцах савецкай граніцы, агульная працягласць якой складала 60 тысяч кіламетраў (Аляксандр Іванавіч – на Далёкім Усходзе, а Васіль Юр’евіч – у Сярэдняй Азіі), былыя вайскоўцы сцвярджаюць, што сяброўства пагранічнікаў – самае моцнае і не ведае ніякіх межаў.

– Я прыбыў ва Ушачы з пачэснай місіяй. Аляксандру Іванавічу пашчасціла з’явіцца на свет у хуткім часе пасля эпахальнай падзеі – Вялікай Перамогі над фашызмам. Знамянальна, што гэты чалавек прысвяціў сваё жыццё ахове дзяржаўнай граніцы краіны, якая выратавала свет ад карычневай чумы, – адзначыў В.Ю.Трафіменка, перш чым уручыць А.І.Белавусаву заслужаную ўзнагароду – медаль “70 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”.

Гэты дарагі падарунак да юбілею ўпрыгожыў кіцель ветэрана, які маладжаваму мужчыну вельмі пасуе. З захапленнем расказвае ён і пра яшчэ адзін сюрпрыз да святаў – паднесены дзецьмі і ўнукамі торт у выглядзе пагранічнай заставы, на якім былі ўсе адмысловыя атрыбуты: стаўбы, ручай і нават пагранічнік з сабакам. Ёсць у жыцці Аляксандра Іванавіча і яшчэ адзін падарунак лёсу, які побач і ў святочныя моманты, і падчас няпростых выпрабаванняў – гэта яго жонка Лідзія Васільеўна, якая ўжо амаль 45 гадоў дорыць мужу каханне, павагу і цеплыню. Гэтыя пачуцці пануюць у іх утульным доме, і вельмі хочацца, каб яго гаспадары яшчэ не адно дзесяцігоддзе шчыра і прыветна сустракалі тут сваіх гасцей.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *