«День открытых дверей в белорусских агроусадьбах» прошёл на Ушаччине. Жители и гости района побывали в «Николаевском посаде» и водновосстановительном центре на Вечелье

Общество Ушаччина туристическая

“Мы проста ў захапленні! Не чакалі, што ўбачым адразу столькі цікавага!” – дзяліліся ўражаннямі ўдзельнікі акцыі “Дзень адчыненых дзвярэй у беларускіх аграсядзібах” пасля наведання турыстычных аб’ектаў Ушаччыны. І сапраўды, жыхары раёна і госці, што адпачываюць у санаторыі “Лясныя азёры”, зусім не пашкадавалі, што вырашылі правесці нядзельную раніцу 24 мая ў водна­аднаўленчым цэнтры на Вечаллі і ў аграсядзібе “Мікалаеўскі пасад”.

Ідэя запрасіць адпачываючых у здраўніцы на сёлятняе мерапрыемства, якая належыла інструктару аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяне Шарынай, аказалася вельмі ўдалай. Літаральна кожны вынес з яго свае асаблівыя ўражанні. Пенсіянерка з Мінска Марыя Іванаўна атрымала каардынаты ўшацкіх аграсядзіб, каб парэкамендаваць іх для адпачынку сям’і сына, якому надакучыў “бераг турэцкі”. Маленькая Алёна з Санкт­Пецярбурга паспела пасябраваць з сімпатычным шчанём і агледзець практычна ўсю немалую гаспадарку “Мікалаеўскага пасада” – коз, куранят, качак, трусоў, што для карэннай гараджанкі было вельмі захапляльным. Усім без выключэння спадабаліся смачныя беларускія стравы – салёнае сала, запечаная бульба і мясны пірог­дранік, якімі частавалі гасцей гаспадары аграсядзібы Мікалай Дзмітрыевіч і Тамара Сяргееўна Падрэзы. Ацанілі прысутныя і смак галоўнага ўшацкага брэнда – мінеральнай вады “Вечалле” і газіраваных напіткаў, дэгустацыю якіх арганізаваў агароднінасушыльны завод. Госці раёна доўга не адыходзілі ад палаткі з вырабамі майстроў ушацкага Дома рамёстваў: набывалі сувеніры, якія будуць нагадваць ім аб прабыванні на Ушаччыне.

Увогуле арганізатар мерапрыемства – аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, а таксама аказаўшы ім значную дапамогу аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі – паклапаціліся, каб відовішчаў і заняткаў падчас акцыі было шмат: дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў конкурсах, дарослыя глядзелі нумары творчых калектываў, паказальныя выступленні спартсменаў Ушацкай ДЮСШ і членаў новаўтворанага вейк­клуба “W.R.Center”.

Гэтая частка праграмы, безумоўна, была самай відовішчнай. Гаспадар цэнтра Сяргей Фамін расказаў пра гісторыю развіцця ва Ушачах водналыжнага спорту, адзначыў, што сёлета наш гарпасёлак ужо трэці год будзе прымаць этап кубка краіны па вейкбордзінгу, які, прынамсі, гэтай вясной быў афіцыйна прызнаны ў Беларусі відам спорту і занесены ў адпаведны рэестр. Да слова, Сяргей Васільевіч плануе ў бліжэйшы час удасканаліць абсталяванне трасы, памяняўшы двухжыльную цягу на трохжыльную, што дасць магчымасць больш якасна трэніраваць і выконваць трукі. Ну а калі па хвалях возера, выкручваючы “тантрумы” і “бэкролы”, паляцелі ўшацкія экстрэмалы Аляксандр Пугач і Канстанцін Тарасеня, гледачы, якія цалкам запоўнілі трыбуну, не шкадавалі апладысментаў. Атрымаць уяўленне аб базавых элементах вейкбордзінгу ім дапамагаў прафесійны каментарый гаспадара водна­аднаўленчага цэнтра. Дарэчы, ушацкія спартсмены літаральна напярэдадні вярнуліся дамоў са спаборніцтваў у Браславе, дзе адзначыліся паспяховым выступленнем – на нядаўна адкрытай трасе для гэтага імкліва набываючага папуляр­насць віду спорту.

Убачанае натхніла гледачоў настолькі, што некаторыя з іх выказалі жаданне таксама праехацца на вейкбордзе. “З гэтага хлопца будзе толк!” – канстатавалі члены клуба, назіраючы, як жыхар Цверы Уладзіслаў даволі спрытна для навічка трымаецца на хвалях. А яго жонка адзначыла: “Вельмі спадабалася адпачываць у вашым раёне, пастараемся вярнуцца сюды зноў”. Тое ж давялося пачуць ад работніц Смаленскага авіяцыйнага завода Р.Качаргіной і І.Кавалёвай, ад турыстаў з Масквы. А гэта значыць, што арганізатары “Дня адчыненых дзвярэй” дасягнулі сваёй мэты.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *