Главное — решение проблем людей. На сессии районного Совета депутатов подводили итоги первого года работы депутатов 27 созыва

Общество

Прайшло крыху больш года паўнамоцтваў дэпутатаў мясцовых Саветаў 27 склікання. На апошняй сесіі раённага Савета дэпутатаў, якая па сутнасці стала галоўным сходам года, абмяркоўваліся вынікі дзейнасці.

Прыярытэтнай задачай для народных абраннікаў з’яўляецца вырашэнне праблем насельніцтва, імкненне зрабіць жыццё нашых людзей дастойным. На працягу названага перыяду вялася паслядоўная работа па рэалізацыі планаў, праграм сацыяльна­эканамічнага развіцця раёна, рашэнні праблемных пытанняў. Акрамя гэтага, дэпутаты прымалі актыўны ўдзел і ў дабрачынных акцыях і справах, удзельнічалі ў абследаванні ветэранаў, помнікаў у перыяд падрыхтоўкі да 70­годдзя Вялікай Перамогі і многіх іншых мерапрыемствах. З мэтай развіцця і ажыццяўлення ініцыятыў моладзі, для ўдзелу іх у рашэнні значымых пытанняў была ўтворана Маладзёжная Палата Ушацкага раёна, у склад якой увайшоў 21 чалавек.

Парадак павінен быць усюды

Прадаўжалася за гэты год работа па добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў, павышэнні камфортнасці пражывання людзей. Найбольш эфектыўна гэта справа ішла на тэрыторыі Вялікадолецкага сельсавета, таму нездарма ён стаў пераможцам раённага агляду­конкурсу па добраўпарадкаванні за мінулы год. Дапамогу ў навядзенні парадку ўжо не першы год аказваюць замацаваныя арганізацыі раёна і горада Полацка. Падтрымліваюцца  ў належным стане месцы воінскіх пахаванняў і масавай гібелі насельніцтва. Праведзена значная работа па навядзенні парадку на вытворчых тэрыторыях раёна. Асаблівай увагі ў гэтым плане заслугоўвае санаторый “Лясныя азёры”, дзе выкананы вялікі комплекс мерапрыемстваў, на якія расходавана 1,4 мільярда рублёў.

Ёсць сярод нас і неабыякавыя людзі, якія не толькі ў ідэальным парадку трымаюць свае прыватныя дамы, тэрыторыі, а і выступаюць з ініцыятывай навядзення парадку на агульных тэрыторыях. Так, ураджэнец вёскі Жары В.С.Карабань, які жыве і працуе ў Лепелі, накіраваў на добраўпарадкаванне могілак у родным населеным пункце 22 мільёны рублёў.

Асабістая падсобная гаспадарка

У раёне назіраецца тэндэнцыя змяншэння асабістых падсобных гаспадарак грамадзян – на пачатак года іх налічвалася 4899, на 114 менш, чым у 2014 годзе. Рэалізуецца Праграма развіцця асабістых падсобных гаспадарак на 2011­2015 гады, праводзімая ў дадзеным накірунку работа сельвыканкамаў, Саветаў дэпутатаў, сельгасарганізацый, спажыўкааперацыі дазволіла ліквідаваць многія звароты, нараканні грамадзян. Аднак перыядычна ўзнікаюць праблемы ў арганізацыі збору малака ў насельніцтва з улікам вялікага кола аб’езду па населеных пунктах, іх аддаленасці, невялікай колькасці збіраемага малака. Не выконваецца таксама і заданне па закупе маладняку буйной рагатай жывёлы ў насельніцтва.

Трэба адзначыць павышэнне якасці работы спажывецкай кааперацыі па арганізацыі закупу лішкаў сельскагаспадарчай прадукцыі ў насельніцтва, увядзенне ў практыку работы правядзенне не толькі веснавых, але і восеньскіх кірмашоў у сельскіх населеных пунктах. У мінулым годзе на іх было рэалізавана тавараў на суму 1,1 мільярда рублёў. Насельніцтву за здадзеную прадукцыю выплачана 3,5 мільярда, агульны тэмп росту па закупе прадукцыі – 103,3%, бульбы – 120, садавіны – 280.

Звароты не застаюцца без увагі

Колькасць зваротаў грамадзян у райвыканкам за год зменшылася на 37 працэнтаў – са 187 да 118. Большая частка з іх датычылася жыллёва­камунальнай гаспадаркі – грамадзян хвалявалі праблемы водазабеспячэння і рамонту жылфонду. 13 зваротаў закраналі пытанні дарожнай гаспадаркі.

А вось сельвыканкамамі разгледжана 259 зваротаў, што на 48 больш, чым год раней. У першым квартале бягучага года іх таксама стала больш. Тэндэнцыя росту зваротаў у сельвыканкамы сведчыць аб аўтарытэце сельскіх органаў улады ў вырашэнні важных пытанняў, пры своечасовым прыняцці мер людзі не звяртаюцца ў вышэйстаячыя органы.

Старэйшыны – добрыя памочнікі

Старэйшыны як ніхто добра ведаюць праблемы і патрэбы людзей, часта самі вырашаюць некаторыя пытанні. Для пацвярджэння гэтых слоў прывядзём некалькі прыкладаў. Старэйшына вёскі Гарадзец Жарскага сельсавета В.П.Валяйцёнак праводзіць вялікую работу па зборы сродкаў самаабкладання: у 2012­м годзе – 1,5 мільёна рублёў для рамонту мастка праз раку, у 2013­м – 2,2 на падсыпку дарогі, у 2014­м – 2, 2 на ўстаноўку прыдарожнага крыжа. Старэйшыны вёсак Жары і Старое Сяло Жарскага сельсавета Т.І.Макрыдзіна і В.І.Крысёнак пастаянна арганізоўваюць і праводзяць суботнікі ў сваіх населеных пунктах. Старэйшына Двор Пліна Ушацкага сельсавета Н.І.Дунец з’яўляецца ініцыятарам усіх мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні, праводзіць растлумачальную работу з людзьмі. Дагледжаны падворак старэйшыны Вялікіх Долец Н.М.Піскун з’яўляецца прыкладам для жыхароў аграгарадка. Старэйшына вёскі Пятніцы Сарочынскага сельсавета П.І.Грышчанка арганізаваў суботнік па навядзенні парадку на грамадзянскіх могілках, пастаянна аказвае дапамогу аднавяскоўцам у набыцці паліва, па яго пісьмовым звароце абсталяваны крытыя аўтобусныя прыпынкі. Можна прывесці яшчэ шэраг падобных прыкладаў…

Лепшыя сельскія дэпутаты

Ёсць шмат станоўчых прыкладаў работы дэпутатаў сельскіх Саветаў. Рэальную дапамогу старшыням сельскіх Саветаў у рабоце аказваюць М.А.Рахманенка, І.Д.Пугачоў, М.П.Хоміч (Вялікадолецкі сельсавет), І.А.Краснова, Ж.В.Аваднёва (Вяркудскі), А.М.Малахаў, Л.В.Каліноўская, А.А.Залатая (Глыбачанскі), Л.І.Крывёнак, А.С.Хмялеўскі, В.В.Кальчэўскі (Кубліцкі), Т.Б.Бондарава, А.Б.Мачульская, М.М.Каліцкі, Л.А.Мікіцевіч (Жарскі), А.С.Баратынскі, В.У.Хамёнак, Н.І.Дунец, В.М.Жукава (Ушацкі), В.У.Друк (Сарочынскі). Але, як адзначыла ў сваім дакладзе старшыня раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнка, патэнцыял сельскіх дэпутатаў задзейнічаны не ў поўнай меры, асабліва ў пытаннях добраўпарадкавання і правядзення растлумачальнай работы з людзьмі.

Дэпутатамі становяцца людзі неабыякавыя, працавітыя і актыўныя. Яны ахвяруюць сваім уласным часам, адкладваць асабістыя справы для вырашэння тых ці іншых пытанняў. Аб рабоце ў сваіх выбарчых акругах расказваюць некаторыя з іх.

Таццяна Барысаўна Бондарава, дэпутат Жарскага сельскага Савета дэпутатаў:

– Вырашыць усе праблемы людзей адначасова немагчыма, але я заўсёды імкнуся дапамагчы, стараюся паспрыяць вырашэнню праблемы. Да мяне, як да намесніка дырэктара ААТ “Ільюшынскі”, часта звяртаюцца наконт узворвання прысядзібных участкаў, і ў гэтым плане людзям заўсёды дапамагаю. Нядаўна праведзена работа з абавязанай асобай, пастаянны кантроль, наведванні, парады і падтрымка далі добры вынік – М.Селезень з Броўчына стала на шлях выпраўлення і адноўлена ў бацькоўскіх правах. Ведаючы, як для пажылых людзей важна простая ўвага, таму пастаянна наведваю ветэранаў сваёй выбарчай акругі, былых работнікаў прадпрыемства.

Анастасія Анатольеўна Залатая, дэпутат Глыбачанскага сельскага Савета дэпутатаў:

– Я з’яўляюся самым маладым сельскім дэпутатам і, вядома ж, мне складаней, чым маім вопытным калегам. Але і да мяне звяртаюцца аднавяскоўцы са сваімі праблемамі. Каб апраўдаць аказаны мне давер, я хачу і імкнуся дапамагаць. Самымі актуальнымі пытаннямі аказаліся нарыхтоўка дроў, высечка кустоўя, абрэзка дрэў. Вельмі хочацца, каб наш населены пункт быў чыстым і прыгожым, таму сама заўсёды прымаю ўдзел ва ўсіх суботніках і агітую да гэтай справы жыхароў. Актуальнай для нас застаецца барацьба з баршчэўнікам. Лічу, што гэтую праблему трэба рашаць усім разам, не перакладваючы на некага іншага.

Галіна Сяргееўна Рудзёнак, дэпутат раённага Савета дэпутатаў:

– Дэпутатам выбаршчыкі абіраюць мяне ўжо не першы раз і я добра ведаю ўсё, што хвалюе грамадзян маёй Двор­Плінскай акругі і роднага Матырына. У асноўным гэта ямачны рамонт і грэйдзіраванне дарог, пытанні забеспячэння, нарыхтоўка дроў. Людзі агучваюць мне свае пытанні, я ж у сваю чаргу звяртаюся ў канкрэтныя раённыя службы. І ў гэтым плане вельмі ўдзячна ЖКГ і ў прыватнасці дырэктару С.Б.Завадскаму за разуменне і аператыўнае вырашэнне праблем. Таксама лічу, што рабіць нашы вёскі чыстымі павінны мы самі, таму агітую сваіх аднавяскоўцаў і ўсіх выбаршчыкаў прымаць удзел у навядзенні парадку.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.

на здымку: старшыня раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнка ўручае грамату райсавета Г.С.Рудзёнак.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *