Сезон необычного деликатеса. Каждый май гродненская фирма «МОКА» ведёт заготовку виноградной улитки в Ушачском районе

Общество

Апошнімі днямі дарога на Мосар стала больш ажыўленай, чым звычайна. З усіх куткоў раёна людзі едуць сюды, каб здаць вінаградных смаўжоў. Ужо не першы май ва Ушацкім раёне ідзе нарыхтоўка малюскаў. Як гэта адбываецца, мы вырашылі высветліць на месцы.

Пачнём з таго, што вінаградны смоўж з’явіўся ў Беларусі ў 16 стагоддзі, яго завезлі прадстаўнікі шляхты. Прыхільнікам еўрапейскага далікатэсу лічыўся магнат Радзівіл. Ва ўладаннях нясвіжскага князя побач з рэдкімі экзатычнымі раслінамі малюск быў упрыгожаннем старыннага парка. Ведаючы пра яго прыклад, завозіць смаўжа пачалі і іншыя паны ў пазнейшы час. Існуе меркаванне, што вінаграднага смаўжа менавіта на Мосаршчыну завёз граф Забэла, якому належала тут зямля. Ён вельмі любіў вандраваць па свеце і шмат чуў пра выдатныя стравы з вінаградных смаўжоў, вось і прывёз малюска на свае землі, каб частаваць ім сваіх гасцей, якія любілі адпачываць на мясцовых азёрах. У хуткім часе смоўж “рассяліўся” на тэрыторыі ўсяго раёна. Сёння, па даных Нацыянальнай акадэміі навук, месцы пражывання малюска зафіксаваны больш чым у 60 раёнах Беларусі, але ў вялікай колькасці смоўж сустракаецца ў Гродзенскай, Віцебскай і Брэсцкай абласцях. На Віцебшчыне ж найбольшыя яго аб’ёмы выяўлены ў Глыбоцкім, Ушацкім і Чашніцкім раёнах.

Калі ў нас смаўжы не выклікаюць апетыту і жадання прыгатаваць з іх далікатэсную страву, то ў франзуцаў, італьянцаў, іспанцаў яны вельмі папулярныя, прычым і нятанныя. Дастаўляць гэты прадукт да стала еўрапейцаў узялася Беларусь, у нашай краіне ёсць адна зарэгістраваная фірма, якая займаецца нарыхтоўкай і экспартам вінаграднага смаўжа ў прамысловых маштабах – гродзенскае ТАА “МОКА”, якое існуе з 1995 года. На экспарт адпраўляецца абсалютная большасць тавару. На працягу 10 гадоў фірма выйграе аўкцыён на нарыхтоўку смаўжа на тэрыторыі нашага раёна, з таго часу кожны май яе прадстаўнікі прыязджаюць на Ушаччыну. Чаму менавіта май і Мосаршчына? Апошні веснавы месяц лічыцца сезонам збору смаўжоў, а ў чэрвені малюск пачынае адкладваць яйкі і яго ўжо нельга нарыхтоўваць. Мосарскія мясціны прадстаўнікі “МОКА” выбралі таму, што ў навакольных краях хапае смаўжоў, ды і для нарыхтоўкі і захоўвання знайшлося зручнае месца.

На адной з вуліц вёскі ў двары пустуючага дома мы знайшлі той самы пункт прыёму. Дарогу сюды ўжо добра ведаюць пастаянныя здатчыкі, якія выкарыстоўваюць магчымасць для дадатковага заробку.

– У вашым раёне ў нас кожны год добра ідзе нарыхтоўка. Мы закупляем у насельніцтва вінаграднага смаўжа ў жывым выглядзе, сёлетняя цана – 3300 рублёў за кілаграм. Як толькі мы прыязджаем сюды на сезон, і рэкламаваць асабліва сябе не трэба, людзі адразу пачынаюць актыўна збіраць смаўжоў. Прычым, гэта не толькі мясцовыя жыхары, прыязджаюць і з Ушач, Сарочына, Старога Сяла, Слабады, нават з Кубліч і іншых вёсак. Спецыяльныя скрыні напаўняюцца даволі хутка, і кожныя тры дні з Гродна прыязджае машына за прадуктам, – расказвае нарыхтоўшчыца Алена Пятроўна Блажэй. – Многія сапраўды лічаць гэта рэальным заробкам. Мяркуйце самі: некаторыя здатчыкі за раз прывозілі смаўжоў на 600­800 тысяч рублёў, а некаторыя штодня здаюць на 150­200 тысяч рублёў.

Да нарыхтоўшчыкаў і іх “ураджаю”, дарэчы, прад’яўляюцца і пэўныя патрабаванні. Галоўнае, як ужо ўпаміналася, смаўжы павінны быць жывымі, а ў дыяметры ракушкі – не менш 26 міліметраў, без пашкоджанняў і ўсялякіх прымесяў – галінак, травы і інш. Калі ж ёсць прымесі, то робіцца скідка. Нельга іх мыць, паліваць вадой. Ёсць і яшчэ адзін нюанс ці парада: калі вы нарыхтоўваеце смаўжоў, то лепш іх здаваць адразу, бо малюскі губляюць сваю вагу.

За час нашай размовы з нарыхтоўшчыкамі з’явіліся і здатчыкі. Двое маладых людзей з Белага прывезлі на машыне чатыры мяшкі смаўжоў. Яны адразу высыпаюцца ў невялікія скрыні, і Алена Пятроўна правярае іх якасць. Даход хлопцаў склаў больш за 330 тысяч рублёў.

Не першы раз завітаў у пункт прыёму і В.У.Сальнік (на здымку). На веласіпедзе ён прывёз тры кошыкі смаўжоў, якіх назбіраў у Дутчыне ля вадаёма. Аб тым, што яны свежыя і “таварныя”, сведчыў іх выгляд: усе як на падбор вялікія, чыстыя, яны ажыўлена “кішэлі” ў кошыках, яўна не разумеючы, куды трапілі. “Пацягнулі” смаўжы Віктара Уладзіміравіча на 33 кілаграмы.

Паколькі смаўжы павінны быць жывымі, то зацікавіла нас і пытанне, як жа яны захоўваюцца. Для гэтага выкарыстоўваюцца звычайныя пластмасавыя скрыні, у якіх ёсць доступ паветра, ставяцца яны ў халоднае месца, а потым транспартуюцца ў халадзільніках пры пэўнай тэмпературы. Смаўжы хаваюцца ў свае “домікі” і засынаюць. Пасля дастаўкі на прадпрыемства ў спецыяльным цэху іх перапрацоўваюць. За мяжу, а гэта ў асноўным Францыя, Іспанія, Германія, смаўжы часцей пастаўляюцца ў замарожаным выглядзе. Невялікая частка прадукцыі застаецца і ў межах краіны.  Гэты далікатэс можна паспрабаваць у сталічных рэстаранах. Вінаградныя смаўжы падаюцца ў выглядзе вытанчанай стравы: запечаныя з сырам, па­італьянску, па­каралеўску, гатуюць салаты з вінаграднага смаўжа з авакада. Замарожаных смаўжоў прадаюць і ў некаторых магазінах Гродна. Той, хто рызыкнуў паспрабаваць вінаграднага смаўжа (у іх ліку і нарыхтоўшчыца А.П.Блажэй) кажуць, што іх мяса чымсьці нагадвае зеляніну. Да таго ж яно вельмі карыснае: у ім шмат бялку, адсутнічае халестэрын, ёсць мноства неабходных для арганізма вітамінаў, а таксама кальцый і магній. Патрэбы еўрапейцаў у гэтым прадукце штогод задавальняюцца толькі на 60­70 працэнтаў, у нас жа наўрад ці такія стравы ўвойдуць у штодзённы рацыён.

Сёлетні сезон нарыхтоўкі вінаграднага смаўжа заканчваецца. Разлічаная навукоўцамі квота ў нашым раёне – 16 тон ужо амаль выканана. У наступным годзе прадстаўнікі гродзенскай фірмы плануюць зноў прыехаць за ўшацкімі смаўжамі.

Вольга КАМАРКОВА.

На здымку:нарыхтоўшчыца А.Блажэй.

Цікавыя факты пра смаўжоў

З даўніх часоў лічыцца, што вінаградны смоўж найлепш дзейнічае на мужчынскую патэнцыю, бо ў яго мясе 70% бялку і 30% амінакіслот, якіх дастаткова для вырашэння праблем. Нездарма французаў лічаць самымі шчадралюбнымі, а далікатэс  са смаўжоў быў любімай стравай рымскага імператара Юлія Цэзара.

Смаўжы з’яўляюцца сыравінай і для фармацэўтычнай прамысловасці. У Англіі створаны экстракт, на прыгатаванне адной дозы якога патрэбна тысяча смаўжоў. Яе хапае, каб чалавек быў бадзёры і нестамляемы некалькі тыдняў у самых экстрэмальных умовах.

Яшчэ з антычных часоў мяса смаўжоў рэкамендавалася есці цяжарным жанчынам, у нашы часы яго раяць дзецям і дарослым пры захворваннях, якія патрабуюць рэгенерацыі і ўмацавання косных тканак.

У іспанскім горадзе Трысіо штогод праходзяць “гонкі” смаўжоў. Малюск, які важыць каля 10 грамаў, павінен як мага далей зацягнуць груз, роўны кансервавай бляшанцы.



1 комментарий по теме “Сезон необычного деликатеса. Каждый май гродненская фирма «МОКА» ведёт заготовку виноградной улитки в Ушачском районе

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *