Команда отдела по чрезвычайным ситуациям стала победителем чемпионата Ушачского района по мини-футболу

Cпорт

Пераможцамі чэмпіянату раёна па міні-футболе сярод працоўных калектываў у мінулыя гады станавіліся розныя каманды – лясгаса, аддзялення Дэпартамента аховы, ДЮСШ, ветэранаў, кубак за першае месца ўзнімалі над галавой капітаны працоўных калектываў, якія зараз ужо нават і не існуюць – у канцы 90-х, напрыклад, некалькі разоў запар на першым радку выніковага пратакола аказвалася дружына “Ленга-ЛТД”, выйгравала першынство і зборная дзяржустаноў. Зараз прадстаўніцтва каманд і геаграфія турніру скараціліся, але менавіта спаборніцтвы па міні-футболе ў апошнія гады збіраюць найбольшую колькасць удзельнікаў сярод усіх гульнявых відаў.

Для ўдзелу ў сёлетнім чэмпіянаце, які традыцыйна фінішаваў незадоўга да Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту, заявілася 8 каманд. На першым этапе яны правялі аднакругавы турнір, дзе вызначылася чацвёрка мацнейшых. У выніку “лішнімі” аказаліся каманды ДЮСШ-2, аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і дэбютанты спаборніцтваў – райгазаўцы. Квартэт жа мацнейшых каманд прадоўжыў барацьбу за медалі. Трэцяе месца заняла першая каманда дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, пакінуўшы без узнагарод зборную аграгарадка Арэхаўна, якая, дарэчы, выглядала вельмі дастойна ў гульнях з моцнымі сапернікамі, а па выніках папярэдняга этапу нават уваходзіла ў тройку лідараў. Апошняя ж гульня на турніры па сутнасці стала фінальнай, бо ў ёй вырашаўся лёс першынства. Для таго, каб стаць пераможцамі, маладому і дружнаму калектыву ПУП “НікСілБуд” неабходна было абыгрываць моцную каманду Ушацкага РАНС, якая фактычна прадстаўляла сабой вопытную зборную ветэранаў, бо за яе гулялі Андрэй Лодзіс, Сяргей Кіслы, Раман Фядосенка, Руслан і Мікалай Басуевы, іншыя ігракі, за плячыма якіх не адзін дзясятак турніраў самага высокага ўзроўню. І абыграць выратавальнікаў ігракам “НікСілБуда” было па сілах. Прапусціўшы на стартавых хвілінах зусім неабавязковы мяч, яны абрынулі на вароты больш вопытных сапернікаў шквал атак і хутка выйшлі наперад: нестандартна дзейнічаў у нападзенні Антон Дзярбасаў, ладна камбінавалі ў пазіцыйнай гульні Ігар Коршун і Ілья Бабаедаў, раз-пораз небяспечна прабіваў з розных дыстанцый Артур Гугін. Не адседжваліся ў абароне і ігракі каманды выратавальнікаў, таму паядынак насіў востры характар і адразу захапіў гледачоў, а больш за ўсіх, напэўна, перажываў за сына і сваю каманду кіраўнік “НікСілБуда” Мікалай Мікалаевіч Бабаедаў. У сярэдзіне другога тайма будаўнікі вялі з лікам 4:2, але “выратавальнікам” выратавальнікаў стаў А.Лодзіс, забіўшы з невялікім інтэрвалам два мячы. Гэта дазволіла камандзе РАНС звесці гульню да нічыёй і стаць пераможцамі турніру, на якім яна не прайграла ніводнага матча.

“Такога кубка і медалёў на раённых спаборніцтвах яшчэ не было!” – трымаючы ў руках прыгожы галоўны прыз, дзяліўся ўражаннямі ігрок каманды выратавальнікаў Р.Басуеў пасля цырымоніі ўзнагароджання. І сапраўды, арганізатары турніру, якімі выступалі аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і ФСК “Ураджай”, у гэтым плане пастараліся. Маюць яны і слушныя задумы наконт яго будучыні.

– У перспектыве на такіх спаборніцтвах можна вызначаць і ўзнагароджваць лепшых ігракоў у асобных гульнявых амплуа, – дзяліўся планамі нядаўна прызначаны старшыня фізкультурна-спартыўнага клуба Дзмітрый Дрозд. – Неабходна павысіць якасць судзейства, якое сёння было не бясспрэчным, магчыма, змяніць фармат правядзення чэмпіянату, яго тэрміны, каб далучыць да ўдзелу як мага больш каманд, бо масавасць, прыцягненне да заняткаў фізкультурай і спортам шырокага кола насельніцтва – наша галоўная задача.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *