«Хрустальный журавль» заглянул в Ушачи. Победители и лауреаты конкурса «Учитель года» разных лет делились своим педагогическим опытом на базе Ушачской школы

Общество

У Індыі і Непале з часоў санскрыту захаваўся адметны прывітальны жэст: вымаўляючы “намастэ” (у перакладзе азначае “я кланяюся табе”), людзі злучаюць далоні перад сабой. Прычым, у розных сітуацыях робяць гэта па­асабліваму: звяртаючыся ў думках да Бога – узнімаюць рукі да лба, вітаючы простага чалавека – трымаюць іх на ўзроўні грудзей, а педагога вітаюць злучанымі далонямі каля носу. Зрэшты, апошні жэст – невыпадковы: у свядомасці многіх народаў настаўнік лічыцца кімсьці сярэднім паміж звычайным чалавекам і Богам.

Упэўніцца ва ўнікальнасці прадстаўнікоў гэтай высакароднай прафесіі можна было падчас нядаўняга семінару-­акцыі, праведзенага на базе Ушацкай школы ўдзельнікамі клуба “Крыштальны журавель”. Сваім багатым педагагічным вопытам шчодра дзяліліся з калегамі з нашага раёна пераможцы і лаўрэаты абласнога і рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” розных гадоў.

– Наш візіт на Ушаччыну – гэта ўжо 46­ы выезд удзельнікаў клуба за час яго існавання, – расказала Ірына Віктараўна Багачова, начальнік упраўлення вучэбна­метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, педагог з 20­гадовым стажам. – І гэта чарговая порцыя крэатыўных ідэй, новыя сябры, радасць ад сустрэчы. Конкурсы педагагічнага майстэрства праводзяцца ў нашай краіне ўжо не адзін дзясятак гадоў. І галоўны крытэрый ацэнкі работы настаўніка – гэта ўрок, які заўсёды павінен быць сапраўднай падзеяй. Мы прыехалі не толькі для таго, каб паказаць сваё майстэрства, але і падсілкавацца вашымі ідэямі, павучыцца ў вас, пераняць вопыт. Такое супрацоўніцтва ўзаемавыгаднае.

Магчымасцю пазнаёміцца з лепшымі педагогамі Беларусі скарысталіся прадстаўнікі ўсіх школ Ушаччыны. Падчас сустрэчы куратар клуба, начальнік цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Іван Віктаравіч Фёдараў расказаў прысутным пра дзейнасць “Крыштальнага жураўля” і конкурсны рух прафесійнага майстэрства сярод настаўнікаў краіны. Пасля невялікіх візітовак лепшыя педагогі давалі адкрытыя ўрокі па беларускай, рускай і англійскай мовах, біялогіі, матэматыцы, гісторыі, хіміі, інфарматыцы.

– Ад сваіх “часовых” вучняў з 11 “Б” я ў захапленні, – падзяліўся сваімі ўражаннямі настаўнік англійскай мовы ліцэя г.Івацэвічы Брэсцкай вобласці, фіналіст конкурсу “Настаўнік года – 2004” Аляксандр Мар’янавіч Сарока. – Дзеці добра падрыхтаваныя, хутка рэагуюць на пытанні, камунікатыўныя, актыўныя. Правёў урок лёгка і свабодна. Вельмі прыемна адкрываць для сябе такіх дастойных школьнікаў.

У другой палове дня госці нашага раёна праводзілі майстар­класы, дзяліліся ўласнымі напрацоўкамі, разам з педагогамі Ушаччыны прадумвалі, як павысіць якасць ведаў, абмяркоўвалі праблемы развіцця сярэдняй школы і шляхі іх вырашэння.

Выклікаў цікавасць у прысутных і семінар “Сучасны ўрок – гэта…”, дзе былі разгледжаны галоўныя крытэрыі эфектыўнасці заняткаў. Удзельнікі акцыі падкрэслілі, што ўрок павінен быць яркім, эмацыянальным, арыентаваным на асобу вучня, каб ён адпавядаў патрабаванням падрыхтоўкі канкурэнтаздольнага выпускніка. А дасягаецца гэта, вядома, дзякуючы плённай штодзённай працы настаўніка, прафесіянала сваёй справы.

– Рад быў на свае вочы ўбачыць лепшых педагогаў рэспублікі, артыкулы пра якіх мы чытаем у “Настаўніцкай газеце”, – адзначыў дырэктар Глыбачанскай школы Віктар Пятровіч Котаў. – Пашанцавала наведаць цікавыя адкрытыя ўрокі, пагутарыць з вядомымі настаўнікамі А.Б.Пратасевіч, І.В.Дубко і іншымі. Прыемна даведацца, што і мы ў глыбінцы не адсталі ад сучасных форм і метадаў работы. Між іншым такія сустрэчы дазваляюць удасканальваць і развіваць сваю педагагічную дзейнасць, паляпшаць якасць і вынікі. Гэта цікава і карысна!

Пасля насычанага дня семінару яго ўдзель­нікі, члены клуба “Крыштальны журавель”, мелі магчымасць пазнаёміцца з Ушаччынай, яе памятнымі мясцінамі і краявідамі. Увечары ж гасцей раёна чакаў камфортны адпачынак на аграэкасядзібе “Мікалаеўскі пасад”, дзе для іх самадзейнымі артыстамі з ліку мясцовых педагогаў была падрыхтавана цікавая канцэртная праграма. За цёплы прыём, пражыванне і харчаванне настаўнікаў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама выказвае шчырую ўдзячнасць гасціннаму гаспадару сядзібы Мікалаю Дзмітрыевічу Падрэзу і яго сям’і.

У хуткім часе “жураўлі” разляцеліся па сваіх “гнёздах” – вярнуліся ў родныя школы. Але ж яны ў любы момант гатовы перадаваць свой вопыт. Гэта падзвіжнікі нялёгкай настаўніцкай працы, якія вельмі любяць сваю прафесію.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *