Реализацию молодёжной политики в Ушачском районе на заседании исполкома обсуждали вместе с молодёжью

Образование и молодежь

Многае змянілася за апошнія дзесяцігоддзі, але адно засталося нязменным: імкненне нашай моладзі праявіць сябе, аб’яднацца для добрых спраў. Нельга не пагадзіцца з гэтай думкай, выказанай кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам на форуме “Маладосць. Традыцыі. Будучыня”. Менавіта на развіццё патэнцыялу маладых беларусаў, стварэнне спрыяльных ўмоў для іх вучобы, працы, пражывання накіравана маладзёжная палітыка нашай дзяржавы. Аб тым, як яна рэалізуецца ў рэгіёне, ішла гаворка на пасяджэнні райвыканкама, на якое, дарэчы, былі ўпершыню запрошаны члены нядаўна створанай Маладзёжнай палаты Ушацкага раёна.

Асаблівы год

У сувязі з аб’яўленнем у Беларусі 2015-га Годам моладзі ў раёне запланавана 65 мерапрыемстваў па ўсіх накірунках маладзёжнай палітыкі. Шэраг з іх прысвечаны святкаванню 70-годдзя Перамогі над фашызмам. Каманда раёна прыняла ўдзел у маладзёжным марафоне “Цягнік Перамогі”, правяла акцыю “Моладзь – ветэранам”, тэатралізаванае святочнае шэсце.

Апроч традыцыйных выкарыстоўваліся сучасныя формы работы, інтэрнэт-рэсурсы. Так, пераможным для старшакласніцы Ушацкай СШ Уладзіславы Коршун стаў удзел у абласным інтэрнэт-конкурсе “Міс фота БРСМ 2015”. Шырока будзе адзначаны сёлета Дзень моладзі. У яго рамках пройдзе конкурс непрафесійных фатографаў, будзе аформлена выстава “Месца моладзі ў жыцці раёна”. Пройдзе таксама раённы злёт моладзі, а вынікі Года моладзі падвядзе адмысловае свята.

Праца і сям’я

Адным з важных накірункаў маладзёжнай палітыкі з’яўляецца працаўладкаванне моладзі. У 2011-2014 гадах у раён прыбыла 266 маладых спецыялістаў, амаль палова з іх працуе на Ушаччыне на сённяшні дзень. Даволі высокі вынік па замацаванні маладых кадраў мае аддзел адукацыі, спорту і турызму – 71 працэнт. Як вядома, забеспячэнне жыллём – адно з галоўных пытанняў у плане замацавання маладых спецыялістаў. Яго арганізацыі раёна вырашаюць па-рознаму: ЦРБ, ДРБУ-105, сельгасарганізацыі выдзяляюць асобнае жыллё або пакоі ў службовых дамах ці кватэрах, ПМС і ПМК-66 – месцы ў інтэрнаце, райспажыўтаварыства, лясгас часткова аплачваюць наём жылля. Уладкавацца моладзі на работу дапамагае ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама – летась тут дапамаглі знайсці працоўныя месцы 101 маладому чалавеку. Шмат робіцца па пытанні часовай занятасці навучэнцаў – 66,4 працэнта студэнтаў і школьнікаў працавалі мінулым летам у сельгасарганізацыях, рамонтных брыгадах, займаліся добраўпарадкаваннем.

У многім вызначае будучае раёна падтрымка маладых сямей, якіх на Ушаччыне зараз пражывае каля пяцісот. Дарэчы, шлюбаў у раёне летась было заключана менш, чым у 2013 годзе, адпаведна знізіўся і паказчык нараджальнасці, што не можа не трывожыць. Сярод фактараў, якія ўтрымліваюць маладых людзей ад павелічэння сям’і, ёсць і матэрыяльныя, і гэтую прычыну можна і трэба ўхіляць. Так, у 2014 годзе 20 маладых сямей атрымалі фінансавую падтрымку дзяржавы на суму больш 130 мільёнаў рублёў на пагашэнне крэдытаў на пакупку жылля.

Патрыятычнае выхаванне

Як вядома, Ушацкі раён з’яўляецца базавым у вобласці па патрыятычным выхаванні, якое праводзіцца комплексна. У гэтым напрамку шмат робіцца грамадскімі аб’яднаннямі “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”, навучальнымі ўстановамі, актыўна задзейнічаны ў працэсе музей народнай славы. Для моладзі ладзяцца шматлікія акцыі, урокі мужнасці, вахты памяці, экскурсіі, сустрэчы з ветэранамі.

У вольны час

Шмат робіцца ў раёне і для прыцягнення моладзі да здаровага ладу жыцця. Існуюць добрыя ўмовы для заняткаў спортам, штогод праводзяцца спартакіяды школьнікаў і сельскай моладзі, першынствы па гульнявых відах. Спартыўныя секцыі працуюць як у райцэнтры, так і на сяле. Толькі ў гуртках, якія вядуць інструктары-метадысты ФСК “Ураджай”, займаецца 136 чалавек.

Вельмі важным аспектам з’яўляецца арганізацыя вольнага часу моладзі. У мінулым годзе ўстановамі культуры было праведзена 2927 мерапрыемстваў. Праявіць свае таленты моладзь можа праз конкурсы і фестывалі “Песні юнацтва нашых бацькоў”, “Пакаленне-2015”, “Эрудыт” і многія іншыя.

Больш 40 працэнтаў вучняў наведваюць гурткі раённага цэнтра дзяцей і моладзі.

* * *

Пры ўсіх станоўчых момантах у рэалізацыі маладзёжнай палітыкі маецца шмат нявырашаных пытанняў. Даволі нізкім застаецца працэнт замацавання маладых спецыялістаў, асабліва на сяле. Востра стаіць жыллёвае пытанне (па даных на пачатак года, на чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў было 211 маладых сямей). Не ўсе ўмовы маюцца ў раёне і для змястоўнага правядзення моладдзю вольнага часу. Дарэчы, менавіта гэты важны аспект падрабязна абмеркаваў старшыня райвыканкама В.В.Родзіч літаральна з кожным членам Маладзёжнай палаты: пацікавіўся, наколькі добра ведае моладзь славутасці раёна, чым займаюцца ў вольны час маладыя людзі ў аграгарадках і вёсках, як часта бываюць на экскурсіях, праводзяць таварыскія спартыўныя сустрэчы паміж школамі. Такія непасрэдныя зносіны былі, безумоўна, карыснымі для абодвух бакоў. Ну а каб першы ўдзел у пасяджэнні райвыканкама стаў для членаў Маладзёжнай палаты яшчэ больш адметным, старшыня раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнка ўручыла ім памятныя сувеніры, а старшыня райспажыўтаварыства Л.А.Долгая запрасіла ў кафэ на салодкі стол.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *