Владимир Андрейченко провёл приём граждан в Ушачах. С какими вопросами обращались к Председателю Палаты представителей Национального собрания ушачане?

Общество

Прыехаўшы ва Ушачы да часу прыёму грамадзян, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка наведаў аб’екты, якія і распачаліся дзякуючы падтрымцы нашага дэпутата: фізкультурна­аздараўленчы комплекс, тэмпамі будоўлі якога сенатар цікавіцца кожны прыезд, дзіцячы сад №4, капітальны рамонт якога распачаты сёлета. Старшыня райвыканкама В.В.Родзіч паказаў дэпутату, якія перамены адбываюцца ў гарпасёлку па добраўпарадкаванні, адказаў пра стан спраў на палетках і тых аб’ектах, з просьбамі па якіх звярталіся да Уладзіміра Паўлавіча раней, прынамсі – пра мадэрнізацыю і рамонт бальніцы, лёс аўтамабіля, выдзеленага спартсменам.

У.П.Андрэйчанка не толькі выдатна памятае праблемы, з якімі звярталіся ўшачане, але і людзей, якія ўжо прыходзілі да яго на прыём. А жыхары інтэрната ў Градзянцы, які раней належаў “Райаграсэрвісу”, а зараз перададзены на баланс камунальнікам, былі на прыёмах неаднойчы. Улічваючы іх калектыўную просьбу да дэпутата, раней і распачаўся рамонт старога памяшкання, якое ў рэшце рэшт падтрымліваецца ў годным стане, таму што памяняла гаспадара. На гэты раз іх просьба засталася незадаволенай, а прасілі пенсіянеркі Л.Віннік і В.Саліна, каб сума, якую яны затрацілі на замену акон, была ўлічана ім за аплату жылля.

Таксама незадаволенай пай­шла з прыёму і Н.Кодалава, якая, як і яе суседзі, што за ўласныя сродкі вялі да дома газ па Калінінскай, нязгодна з сумай выплат, якую налічылі яшчэ аднаму спажыўцу, што ўразаецца ў іх ветку. Жыхарам і раней давалася тлумачэнне, што ўлічаны ўсе затраты, якія пацверджаны дакументальна (паколькі некаторыя работы вяліся без прыцягнення арганізацый і заключэння дагавораў, то яны нідзе не зафіксаваны). І зараз паўтарылі, што пры нязгодзе з такім рашэннем яны могуць звяртацца ў суд. Як член газавага кааператыва магу да­даць, што сумамі, якія сплачва­юць нам новыя члены кааператыва “Зарэчны”, хоць і літаральна ўсе затраты зафіксаваны ў нас дакументальна, мы таксама незадаволены. Паколькі пераразлік робіцца адносна карзіны валют, якая з­за росту адной валюты і падзення другой застаецца практычна нязменнай, то і праз тры гады новыя абаненты выплач­ваюць практычна тую ж суму, што і мы. Па­жыцейску крыўдна, аднак такая зацверджана схема. Таму і параіць жыхарам з газам можна не крыўдаваць на законнасць, а сказаць дзякуй, што газ прыйшоў у дамы: жыхарам па Калінінскай дзякуючы таму, што побач праходзіла дзяржаўная труба і само падключэнне стала для іх хоць і затратным, аднак рэальным. Усім астатнім членам газавых кааператываў, што газ падведзены да населеных пунктаў і 70 працэнтаў выдаткаў бярэ на сябе дзяржава. Колькі жыхароў раёна хацела б аказацца на месцы “пакрыўджаных” уладальнікаў газіфікаваных дамоў ва Ушачы, Арэхаўне, Ільюшыне.

А вось там, дзе магчыма дапамагчы, Уладзімір Паўлавіч абавязкова гэта робіць. Асабліва гэта датычыцца просьбаў людзей, якія не могуць вырашыць свае праблемы з­за складаных жыццёвых абставін. Таму і дадзена даручэнне яшчэ раз зрабіць ацэнку кватэры Г.Рубіс, улічыўшы рэальны “ўзрост” дома. На месцы была вырашана і просьба Г.Качан аб выдзяленні пуцёўкі ў санаторый, які знаходзіцца недалёка ад Ушач. Жанчыне была прапанавана раней пуцёўка ў выдатны брэсцкі санаторый “Белая вежа”, аднак няма каму адвезці туды, ды і такую адлегласць вельмі складана пераадолець. Таму і параіў старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч Ганне Віктараўне паехаць у іншы, бліжэйшы санаторый, дапамогу ў дастаўцы ў які акажа арганізацыя, дзе ўвесь час адпрацавала жанчына.

Падымаліся падчас сустрэчы і такія злабадзённыя для ўшачан пытанні, як перавод кацельні поўнасцю на мясцовыя віды паліва, для гэтага неабходна набыццё адпаведных катлоў. Дзякуючы падтрымцы Уладзіміра Паўлавіча гэта будзе зроблена па лініі рэспубліканскай праграмы па энергазберажэнні (не давядзецца плаціць валюту за газ). Таксама патрэбны сродкі на будаўніцтва воданапорнай вежы ў Глыбачцы Ушацкага сельсавета і непасрэдна ў гарпасёлку. Паколькі невялікія перабоі з вадой узнікаюць у час масавага водазабору нават пры задзейнічанні рэзервовай ёмістасці, будаўніцтва свідравіны на фізкультурна­аздараўленчым комплексе перанесена на больш ранні час, чым прадугледжвалася праектам.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнка падзякавала Уладзіміру Паўлавічу за той прыклад сапраўднай, нефармальнай работы з людзьмі, які ён паказвае дэпутатам нізавога звяна, не забываючыся (пры яго занятасці і ўзроўні вырашаемых праблем) раз у квартал абавязкова сустрэцца з выбаршчыкамі. Папрасіла Вольга Мікалаеўна і магчымасці дэпутацкаму корпусу раёна пабываць на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, як некалькі гадоў таму для актыву раёна. Уладзімір Паўлавіч паабяцаў у хуткім часе гэта арганізаваць.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *