К акции «Ночь музеев» присоединились и ушачане

Общество

Квест у залах музея? Шчыра кажучы, гэтая ідэя мяне насцярожыла, паколькі выдатна памятаю аксіёму музейшчыкаў: экспанаты рукамі не кранаць, па залах рухацца ціха… Але дырэктар музея Марына Валер’еўна Дрозд супакоіла: “Гэта ж не першы раз, у мінулым годзе на “Ноч музеяў” дзеці таксама гулялі, супрацоўнікі музея пры гэтым прысутнічаюць, і ўсё праходзіць выдатна. Я больш хвалююся, каб у такое надвор’е хоць хто-небудзь прыйшоў”.

І хоць на вуліцы праз мінуту то і справа накатваў дождж і дуў некамфортны калючы вецер, каманды ў шостай гадзіне вечара ўсё ж сабраліся. Гэта былі і не каманды, а проста групкі знаёмых, якія падтрымалі ідэю сяброў і завіталі на “Ноч музеяў”. Адны чулі ад старэйшых па школе, што летась гэта было цікава, і паклікалі з сабой аднакласнікаў, першы сакратар райкама БРСМ Ірына Ціханава запрасіла сваіх знаёмых, гэта ж зрабілі і супрацоўнікі музея.

Не пашкадаваў ніхто. Кемлівыя маладыя людзі за паўгадзіны разгадалі ўсе рэбусы, склалі пазлы і выйшлі на загаданую пазіцыю – гармату, што стаіць ля музея. Пры гэтым яны паўтарылі гісторыю свайго партызанскага краю і, канечне, адкрылі нешта новае. Ну, напрыклад, адно з першых заданняў датычылася газеты, якая выходзіла ў раёне і падчас вайны. “Прымежны калгаснік” – яе назва агучана ў заданні, трэба было назваць яе сённяшнюю назву. Дзякуй музейшчыкам, такім чынам маладым людзям прыгадалі пра гісторыю нашага “Патрыёта”. Канверт з пазлам і чарговым заданнем – за тэлефонам, кулямётам… І таксама гісторыя экспаната, а праз яго і ўсяго партызанскага руху. Нават калі падлеткі і праходзілі раней з экскурсіяй па залах, аднак не так індывідуальна прадумана, як на гэты раз. Рэчы, якія прайшлі па заданнях, яны наўрад ці забу­дуць. “Я бачыла бюст Леніна і раней, аднак не ведала пра тое, што яго прынесла з калгаснай канторы і захавала ў вайну Юлія Захараўна Лаўрыновіч”, – дзялілася ўражаннямі Ганна Герцык – член каманды-пераможцы. Так, “Партызанкі” хутчэй дабраліся да гарматы, але ці гэта галоўнае… Азарт, цікавыя заданні, нязвыклая атмасфера – можна канстатаваць, што для моладзі фармат мерапрыемства быў абраны музейшчыкамі ўдала. У канцы ваенны камісар раёна У.Я.Пальчэх прыняў у маладых людзей партызанскую прысягу: самую сапраўдную, што і давалі ў гады вайны партызаны. А потым супрацоўніца музея Юлія Драбцова правяла для прысутных экскурсію па новай выставе віцебскіх мастакоў. Прысвечана экспазіцыя 70-годдзю Вялікай Перамогі, хоць далёка не ўсе палотны ваеннай тэматыкі. Яна вельмі разнастайная як па жанрах, так і тэхніцы выканання. Пейзажы, партрэты, абстракцыя… масла, акварэль. Змест многіх карцін гледачы б разгадалі і без каментарыяў: селішчанскі касцёл, Полацкая Сафія, а вось адшукаць хлопчыка з Бычкоў у пярэстай акварэлі, не прачытаўшы надпісу ці не паслухаўшы экскурсавода, не атрымалася б. Юля ж вельмі аблегчыла задачу гледачам, падрыхтаваўшы агляд самастойна, паколькі карціны прыйшлі без каментарыяў да іх.

Любую выставу лепш пабачыць, чым чытаць пра яе, таму я раю вам абавязкова завітаць у музей, не пашкадуеце, дадам толькі, што перадалі яе віцябчане спецыяльна да 9 Мая, аднак на Дзень Перамогі было вырашана пакінуць выставу партызанскіх мастакоў – тую першую, што і адкрывала выставачную залу 30 гадоў таму і якая захоўваецца ў запасніках музея. Гэтая ж – вельмі годны працяг.

Акцыя “Ноч музеяў” задумвалася, каб прыцягнуць цікавасць да музеяў, да багатай гісторыі краю, павялічыць колькасць наведвальнікаў. І на гэтую ноч усе музейныя работнікі планавалі разнастайныя мерапрыемствы, выстаўлялі самыя цікавыя экспанаты. І наведваць музей і ў гэту адзіную ноч ці вечар у годзе, як у другія разы – варта. Самая вялікая праблема ўшачан падчас любых мерапрыемстваў – лянота. Лянота руху, лянота мышлення. Потым нам, як правіла, абавязкова спадабаецца і на завяршэнні мы скажам шчыры дзякуй арганізатарам, але чаго каштуе прымусіць сябе ў выхадны дзень ці пасля работы схадзіць на канцэрт, спартыўную пляцоўку, выставу… Таму арганізацыя мерапрыемстваў пад пэўную групу насельніцтва і не на самацёк – гэта самы лепшы варыянт. Сёлетняя “Ноч музеяў” гэта пацвердзіла. І дзякуй маладым супрацоўнікам Ушацкага музея народнай славы імя У.Е.Лабанка, што яны пасля адных святаў годна падрыхтавалі і другое. Пасля выставы моладзь паглядзела кінастужку пра абарону Севастопаля, а дзверы музея былі адчынены для ўсіх жадаючых да позняга вечара.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *