Более 72% ушачан доверяют милиции. Проведён мониторинг общественного мнения населения

Общество

Лепшы спосаб даведацца пра тое, як ацэньваюць тваю работу людзі, – правесці анкетаванне. Вось і ў студзені бягучага года ладзіўся маніторынг грамадскай думкі жыхароў раёна пра работу Ушацкага райаддзела міліцыі. Удзел у ім прынялі больш за 100 рэспандэнтаў розных узроставых груп і прафесій.

Аналіз атрыманых даных паказаў, што ступень даверу насельніцтва міліцыі складае 72,6 працэнта, што з’яўляецца добрым паказчыкам дзейнасці службы. Пры гэтым поўнасцю давяраюць праваахоўнікам 37,3 працэнта апытаных.

Ацэньваючы аператыўнасць рэагавання нарадаў на заявы і паведамленні грамадзян, 88,9 працэнта рэспандэнтаў палічылі яе своечасовай. У ацэнцы прафесійных і асабістых якасцей супрацоўнікаў нашага РАУС 40,7 працэнта грамадзян заявілі, што пры зносінах з імі міліцыянеры праявілі выключна ветлівасць і ўвагу, 38,7 працэнта адзначылі прафесіяналізм супрацоўнікаў. 54 працэнты рэспандэнтаў, якія звярталіся ў РАУС, задаволены рашэннямі, прынятымі па іх заявах, і паўнатой праверак, яшчэ 9,5 працэнта ўказалі на доўгі тэрмін разгляду, але таксама задаволены аб’ектыўнасцю вырашэння праблемы. Аб даверы грамадзян сведчыць і той факт, што 64,7 працэнта апытаных у выніку рэальнай пагрозы жыццю, здароўю і маёмасці без лішніх роздумаў звернуцца за дапамогай у міліцыю. Па-ранейшаму высокай застаецца колькасць тых, хто гатовы дапамагчы нашым супрацоўнікам у барацьбе са злачыннасцю (65,3 працэнта).

Апытанне паказала, што адчуваюць бяспеку ад злачынных замахаў у сваім населеным пункце 50 працэнтаў грамадзян. Найбольшая колькасць тых, хто выказаў трывогу, асцерагаюцца неадэкватных паводзінаў у грамадскіх месцах асоб у стане алкагольнага ап’янення, хуліганства і грабяжоў.

Падчас правядзення маніторынгу ад жыхароў раёна паступіла некалькі заўваг і прапаноў, якія, па іх меркаванні, могуць палепшыць крымінагенную абстаноўку ў раёне. Так, напрыклад, атрымана інфармацыя пра незаконную рэалізацыю фальсіфікаванай алкагольнай прадукцыі (самагону) жыхарамі г.п.Ушачы, вёскі Сарочына і аграгарадка Арэхаўна. У ходзе праведзеных мерапрыемстваў у двух з іх сапраўды выяўлена і канфіскавана самагонная брага, у адносінах грамадзян складзены адміністрацыйныя пратаколы.

Наступны зварот таксама датычыўся рэалізацыі спіртнога, праўда, ужо праз гандлёвую сетку раёна. У прыватнасці, чалавек прапанаваў забараніць продаж гэтай прадукцыі на разліў у кафетэрыі “Спадарожнік” (в.Сарочына), дзе сістэматычна парушаецца грамадскі парадак. У выніку разгляду звароту ўстаноўлена, што Ушацкае райспажыўтаварыства атрымала спецыяльны дазвол (ліцэнзію) на права ажыццяўлення рознічнага гандлю алкагольнымі напоямі, які падоўжаны рашэннем райвыканкама да 2021 года. У пералік гандлёвых кропак, якія ажыццяўляюць продаж на разліў, уваходзіць і кафетэрый “Спадарожнiк”. Але ж пры пацвярджэнні інфармацыі аб здзяйсненні тут супрацьпраўных дзеянняў кафэ можа быць выключана з гэтага пераліку.

У тым жа Сарочыне непакоіць жыхароў і частае перавышэнне вадзіцелямі транспартных сродкаў хуткаснага рэжыму. Толькі з 1 студзеня па 29 красавіка бягучага года супрацоўнікамі ДАІ ў населеным пункце выяўлена 58 такіх парушэнняў. Намесніку генеральнага дырэктара РУП “Віцебскаўтадар” накіравана прадпісанне абсталяваць на аўтадарозе Р-46 “Лепель – Полацк – мяжа Расійскай федэрацыі” ў в.Сарочына нерэгулюемы пешаходны пераход. Пакуль гэтае пытанне не вырашана, знаходзіцца на кантролі.

Паступіла ад ушачан таксама прапанова ўвесці ў гарпасёлку на скрыжаванні вуліц Ленінскай і Савецкай святлафор. Праведзеныя ў лютым супрацоўнікамі аддзялення ДАІ замеры інтэнсіўнасці транспартнага і пешаходнага руху на гэтым участку паказалі, што ніводная з умоў увядзення святлафорнага рэгулявання згодна п.8.15 СТБ 1300-2014 не выконваецца. Да таго ж скрыжаванне не з’яўляецца месцам канцэнтрацыі дарожна-транспартных здарэнняў. Улічваючы ўсё гэта, устаноўка святлафору ва Ушачах на сённяшні дзень лічыцца не­мэтазгоднай.

Дзякуем жыхарам раёна за актыўны ўдзел у апытанні і праўдзівыя адказы. Маніторынг грамадскай думкі аб рабоце міліцыі будзе праводзіцца і надалей і ўлічвацца ў дзейнасці райаддзела ўнутраных спраў.

С.ГАРДЗІЁНАК, начальнік штаба Ушацкага РАУС.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *