Служат Беларуси. Юбилейные медали «70 лет Победы» вручены ветеранам и послевоенному поколению

70-годдзе Перамогі

Свой медаль “70 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941­-1945 гг.” ветэран М.С.Іваноў атрымаў задоўга да ўрачыстасцяў з нагоды гэтага вялікага свята, як і ўсе астатнія ветэраны, працаўнікі тылу, вязні фашысцкіх канцлагераў, пражываючыя на тэрыторыі раёна, – адпаведны Указ Прэзідэнт краіны падпісаў амаль год назад. Таму 8 мая, калі ў музеі народнай славы старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч уручаў Міхаілу Сцяпанавічу Ганаровую грамату Віцебскага аблвыканкама “За шматгадовы актыўны ўдзел у ветэранскім руху, значны асабісты ўклад у патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення”, юбілейная ўзнагарода ўжо займала сваё месца ў яго на грудзях, а пасля завяршэння мерапрыемства яе ўладальнікамі сталі яшчэ 14 нашых землякоў. Справа ў тым, што Палажэннем аб медалі “70 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941­1945 гг.” прадугледжана яго ўручэнне і людзям пасляваеннага пакалення: ваеннаслужачым Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, іншых войск і фарміраванняў, работнікам дзяржаўных органаў, грамадзянам, якія сваёй працай унеслі значны ўклад у героіка­патрыятычнае выхаванне грамадзян, увекавечанне памяці загінуўшых абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны, арганізацыю мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею Перамогі.

“Служу Беларусі!” – некалькі разоў раздавалася пад дахам музея, калі да старшыні райвыканкама падыходзілі людзі ў пагонах. Пад апладысменты членаў райвыканкама, іншых удзельнікаў урачыстасці ўзнагароды атрымалі намеснік ваеннага камісара раёна Віталь Генадзьевіч Леснічэнка, начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Сяргей Аляксандравіч Алабін, яго першы намеснік Аляксей Уладзіміравіч Андросаў, начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Іванавіч Станько. Армейскай выпраўкай і зараз выдзяляецца старшыня раённай арганізацыі воінаў­афганцаў Анатоль Валянцінавіч Рудкоўскі, разам з ім грамадскія аб’яднанні на цырымоніі прадстаўляў старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Мікалаевіч Малаткавец.

У розных сферах дзейнасці верай і праўдай служылі і служаць зараз сваёй краіне і астатнія ўзнагароджаныя. Юбілейныя медалі ўручаны былым кіраўніку справамі райвыканкама Яўгену Сцяпанавічу Гарановічу, намесніку старшыні Мікалаю Іванавічу Бухалку, які пасля выхаду на заслужаны адпачынак з органаў дзяржаўнага кіравання ўзначальвае раённае аб’яднанне прафесійных саюзаў. Узнагароды атрымалі таксама кіраўнікі, напэўна, самых стабільных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна – дырэктары КУСГП “Вялікадолецкае” Іван Піліпавіч Дарошчанка і ААТ “Дземенец” Аляксандр Віктаравіч Шарыпенка, ветэраны педагагічнай працы Іван Сямёнавіч Кулага, Лідзія Гаўрылаўна Ільюшэвіч, Алена Захараўна Кучко, якія зараз узначаль­ваюць ветэранскія “пярвічкі” ў Глыбачцы, Касарах і Дубраўцы. Медалём “70 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941­1945 гг.” за прапаганду ідэй гуманізму, хрысціянскіх каштоўнасцей адзначаны і благачынны Ушацкага раёна протаіерэй Вячаслаў Іванавіч Лобец.

Усіх узнагароджаных шчыра павіншаваў старшыня райвыканкама, выказаў ім словы ўдзячнасці за плённую дзейнасць. 70 год прайшло з часу апошніх баёў Вялікай Айчыннай вайны, напоўненай гераізмам і самаахвяраваннем, болем і смуткам… Яны ніколі не будуць забытыя, але працягваецца мірнае жыццё, і лепшымі падарункамі ў гонар пераможцаў становяцца мірныя працоўныя здабыткі ўсё новых і новых пакаленняў.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *