Подарки к великому празднику. Как организации Ушачского района помогли ветеранам накануне 9 мая

70-годдзе Перамогі

У Беларусі ветэраны і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны – катэгорыя людзей, якая пастаянна знаходзіцца пад дзяржаўнай увагай і клопатам, а іх сацыяльная падтрымка носіць комплексны характар. Напярэдадні святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі ва ўсіх населеных пунктах раёна былі абследаваны ўмовы жыцця ветэранаў, вязняў фашысцкіх канцлагераў, работнікаў тылу, сямей воінаў, якія загінулі ў час вайны. З гэтай мэтай яшчэ ў студзені па асабістым распараджэнні старшыні райвыканкама В.В.Родзіча былі створаны рабочыя групы, у склад якіх увайшлі прадстаўнікі райвыканкама, сацыяльнай службы, райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Яшчэ адно абследаванне сацработнікі правялі сумесна з дэпутатамі раённага і базавага ўзроўню. Ветэранам вайны, якія мелі ў гэтым патрэбу, была аказана дапамога ў рамонце дамоў, надворных пабудоў, агароджаў, электраправодкі і г.д. Робяцца абследаванні найперш таму, што многія нашы ветэраны – людзі непатрабавальныя, сціплыя, самі не заўсёды мусяць звяртацца з просьбамі да органаў мясцовай улады, нават калі маюць пэўныя праблемы. Да такіх належыць, напрыклад, герой апублікаванага ў святочным нумары нашай газеты артыкула Сямён Сцяпанавіч Кляпец. Калі высветлілася, што веранда яго хаты ў вёсцы Пруды знаходзіцца ў аварыйным стане, было вырашана яе адрамантаваць, зрабіўшы ветэрану падарунак да свята Перамогі. Да гэтай годнай справы далучыліся многія прадпрыемствы раёна: арганізатарамі выступілі райвыканкам і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, асноўную частку работы ўзяла на сябе УП ЖКГ, акрамя таго пасільную шэфскую дапамогу аказалі ПУП “Ляснеўшчына” і “НікСілБуд”, ААТ “Прамкамбінат”, райспажыўтаварыства, агароднінасушыльны завод, прыватныя прадпрыемствы “Тэхнакрас” і “Фалан”.

Папрыгажэла перад святам Перамогі і сядзіба ветэрана вайны Фёдара Міхайлавіча Ярмоша з вёскі Забораўна. Работнікі Ушацкага сельвыканкама і гаспадарчай брыгады ТЦСАН устанавілі тут агароджу, правялі рамонт надворнай пабудовы. Падворак удзельніка вайны Уладзіміра Іванавіча Марозава з Ушач замест старога штыкетніка цяпер абнесены новай агароджай з сеткі-рабіцы – гэты падарунак зрабіла яму замацаваная арганізацыя УП ЖКГ. Шэфы з ДРБУ-105 ліквідавалі пажаранебяспечную сухую расліннасць і зрабілі мінералізаваную паласу ля сядзібы ветэрана Васіля Мікалаевіча Казачонка з Завыдрына. Замацаваная сельгасарганізацыя ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс” выканала просьбу ветэрана з Апанаскавіч Яўгена Сямёнавіча Касьміна, даставіўшы яму на ўчастак арганічныя ўгнаенні. Падчас абследавання тры чалавекі звярнуліся з просьбай наконт устанаўлення ім І групы інваліднасці, члены камісіі хадайнічалі аб гэтым перад установай аховы здароўя, і пытанне вырашана станоўча.

Скончыць артыкул хочацца допісам, які мы атрымалі ад жыхара Масквы Аляксея Акішына: “Я – грамадзянін Расіі, але часта бываю ў Беларусі. Маё пакаленне выхавана на любові да Радзімы, павагі да яе гісторыі. Зусім не важна, што цяпер мы жывём у розных дзяржавах, фактычна мы застаёмся адным народам з братэрскімі пачуццямі і агульнай непадзельнай гісторыяй і каштоўнасцямі. Прыемна бачыць, які рэальны клопат пра ўдзельнікаў вайны праяўляе беларускае грамадства. Асабіста ведаю ветэрана Сямёна Сцяпанавіча Кляпца. Прыехаўшы напярэдадні Дня Перамогі ў вёску Пруды, быў моцна ўражаны тым, як хутка і канструктыўна было вырашана пытанне з рамонтам яго веранды. Хацелася б на старонках раённай газеты выказаць падзяку ўсім, хто прымаў удзел у добрай справе, каму неабыякавы лёс тых, хто здабываў нашу Перамогу на фронце, у тыле і ў партызанскіх брыгадах”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *