Велосипедист — участник дорожного движения. О требованиях к велосипедистам рассказывает начальник отделения ГАИ Е.Ф.Ковнурка

Закон - один для всех

Днямі ў рэдакцыю завітаў жыхар Кубліч М.М.Матвеенка з просьбай дапамагчы разабрацца ў некаторых нюансах існуючага заканадаўства. Як высветлілася ў ходзе размовы, мужчына часта ездзіць на веласіпедзе, таму хоча дакладна ведаць патрабаванні Правілаў дарожнага руху. Канкрэтныя пытанні нашага чытача мы агучылі начальніку аддзялення ДАІ Ушацкага райаддзела міліцыі Яўгену Фёдаравічу КАЎНУРКУ. Думаецца, пачуць адказы на іх будзе карысна многім жыхарам раёна.

– Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі патрабуюць ад веласіпедыстаў наяўнасці на транспартным сродку катафотаў. Безумоўна, у цёмны час сутак гэтыя элементы, як і флікеры ў пешаходаў, неабходныя. Днём жа, думаецца, асаблівай патрэбы ў іх няма…

– Святлоадбівальнікі на вашым транспартным сродку павінны быць у любым выпадку. Гэтага патрабуе пункт 200 Правілаў дарожнага руху (далей – ПДР), згодна з якім “веласіпед павінен мець спраўную тармазную сістэму, рулявое кіраванне і гукавы сігнал, быць абсталяваны люстэркам задняга бачання, спераду – святлоадбівальнікам белага колеру, ззаду – чырвонага, а з кожнага боку – аранжавага”. Так, наўрад ці дзяржаўтаінспектары спыняць вас у светлы час сутак толькі з-за адсутнасці на транспартным сродку катафотаў. А вось санкцыі ў адносінах вас пры наяўнасці іншых здзейсненых парушэннях у выпадку правільнага абсталявання веласіпеда, думаю, будуць менш строгімі.

– Выкарыстанне святлоадбівальнай камізэлькі – патрабаванне ці ўсё ж рэкамендацыя?

– Рэкамендацыя. Але ігнараваць пытанне ўласнай бяспекі не раю. Да таго ж скажу, што на дарозе дзяржаўтаінспектары часта заплюшчваю вочы на адсутнасць тых жа катафотаў, калі веласіпедыст апрануты ў камізэльку.

– Спецыяльных веласіпедных дарожак у раёне практычна няма. Ці з’яўляецца ў такім разе рух па краі праезнай часткі парушэннем?

– У залежнасці ад сітуацыі. У пункце 148 ПДР акрэслена, што пры адсутнасці веласіпеднай дарожкі “рух на веласіпедзе павінен ажыццяўляцца па абочыне, тратуары ці пешаходнай дарожцы, не ствараючы перашкоды для бяспечнага руху пешаходаў”. Пры адсутнасці названых элементаў дарогі ці немагчымасці руху па іх дапускаецца выезд веласіпедыста на праезную частку, аднак не далей аднаго метра ад яе правага боку.

– Калі я не еду на веласіпедзе, а качу яго побач, то кім лічуся: веласіпедыстам ці пешаходам? І дзе ў такім разе патрэбна перасякаць праезную частку?

– Згодна з пунктам 2.46 ПДР фізічная асоба, якая ўдзельнічае ў дарожным руху па-за транспартным сродкам, у прыватнасці вядзе веласіпед, лічыцца пешаходам. Таму перасякаць праезную частку ў названым выпадку трэба па пешаходным пераходзе. Варта таксама ведаць, што ў цёмны час сутак і (ці) пры недастатковай бачнасці дарогі ісці па абочыне ці краі праезнай часткі з абазначаным святлоадбівальнымі элементамі веласіпедам трэба па ходзе руху транспартных сродкаў (пункт 19).

– Ёсць такое паняцце як цёмны час сутак (патрабаванні да ўдзельнікаў дарожнага руху ў гэты перыяд звычайна іншыя – больш строгія). Як вызначыць яго часавыя межы?

– Згодна з пунктам 2.63 Правілаў дарожнага руху, цёмны час сутак – гэта прамежак часу, які пачынаецца пасля заходу сонца і заканчваецца з яго ўзыходам. Зразумела, што на працягу года ён змяняецца. Прасачыць за часам заходу і ўзыходу сонца ў канкрэтныя дні можна па календары. Змяшчаецца такая інфармацыя і ў газеце “Патрыёт” у табліцы з надвор’ем.

Падрыхтавала К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *