На заседании Ушачского райисполкома рассмотрены итоги социально-экономического развития района в первом квартале 2015 года

Общество

Вынікі сацыяльна-­эканамічнага развіцця раёна ў першым квартале 2015 года былі прадметам абмеркавання на чарговым пасяджэнні Ушацкага райвыканкама.

Адметна, што ў названы адрэзак часу была забяспечана станоўчая дынаміка развіцця ўсіх галін эканомікі ў параўнанні з адпаведным леташнім перыядам. Выкананы заданні па ўдзельнай вазе запасаў гатовай прадукцыі ў сярэднямесячным аб’ёме вытворчасці, па рознічным тавараабароце гандлю, экспарце тавараў без уліку рэспубліканскіх арганізацый (136% пры квартальным заданні 85%). Разам з тым, не забяспечана выкананне задання па экспарце паслуг без уліку рэспубліканскіх арганізацый (42,9% пры заданні 100%), намінальнай налічанай сярэднямесячнай зарплаце, мэтавым паказчыку па энергазберажэнні, прамых замежных інвестыцыях.

Экспарт тавараў на тэрыторыі раёна ў студзені­лютым ажыццяўлялі толькі 3 суб’екты гаспадарання – райспажыўтаварыства, ААТ “Твестуба” і “Форэстгандаль”, у цэлым экспарт склаў 38 тысяч долараў ЗША (137,2% да мінулагодняга), сальда знешняга гандлю таварамі адмоўнае ў памеры 14,3 тысячы долараў.

Невыкананне паказчыка па экспарце паслуг звязана найперш з эканамічнымі працэсамі ў Расійскай Федэрацыі. Так, за першыя два месяцы бягучага года экспартная выручка па санаторыі “Лясныя азёры” склала толькі 40­-45% ад мінулагодняй.

У першым квартале 2015 года прамысловымі прадпрыемствамі раёна выраблена прадукцыі на 14,9 мільярда рублёў, што на 3,7% больш, чым летась. Па выніках за люты і сакавік выкананы даведзеныя аблвыканкамам штомесячныя заданні па аб’ёмах вытворчасці прамысловай прадукцыі.  Індэкс фізічнага аб’ёму па раёне склаў 97%, ніводным прадпрыемствам не забяспечаны мінулагодні ўзровень па гэтым паказчыку (бліжэй за ўсіх да выканання было УП ЖКГ – 99,3%). Запасы гатовай прадукцыі на 1 красавіка склалі 1452 мільёны рублёў або 29,4% да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці пры заданні 30%. Рэнтабельнасць продажу па прамысловых прадпрыемствах раёна за два першыя месяцы склала “мінус” 1,8% пры заданні “плюс” 5%. За першы квартал выканана заданне па росце рознічнага тавараабароту: 107,2% пры заданні 107% – гэта самы высокі паказчык па вобласці.

У першым квартале 5 сельгасарганізацый па вытворчасці валавай прадукцыі спрацавалі вышэй узроўню 2014 года: гэта ААТ “Агра­Селішча” (107,5%), “Дземенец” (118,6%), КУСГП “Вялікадолецкае” (118,4%), “Кублічы” (115,3%), “Глыбачаны” (102,9%). Значна ніжэй за мінулагодні перыяд спрацаваў “Ушацкі райаграсэрвіс”. У шасці гаспадарках вытворчасць малака і прадукцыйнасць дойнага статку павялічыліся да адпаведнага леташняга перыяду (на 23% больш выраблена малака ў “Дземенцы”, на 22% – у “Вялікадолецкім”, на 20% – у “Кублічах”). Удой на карову склаў 601 кілаграм (“плюс” 69 кг). А вось сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы ў сярэднім па раёне знізіліся і склалі 510 грамаў. За першы квартал рэалізавана малака дзяржаве 2255 тон (103% ад леташняга), таварнасць малака склала 87% (“плюс” 2,2%). Усе сельгасарганізацыі па выніках работы за 2 першыя месяцы года мелі станоўчы фінансавы вынік ад рэалізацыі прадукцыі.

Тэмп росту інвестыцый у асноўны капітал за студзень­люты склаў усяго 58,4% пры заданні 103%. Па выніках работы за два месяцы па раёне дапушчаны чыстыя страты ў суме 771 мільён рублёў, тры арганізацыі з’яўляліся стратнымі: ПМС, ПМК­66 і райспажыўтаварыства.

За студзень­люты сярэднямесячная зарплата па раёне склала 4005,6 тысячы рублёў (89,2% ад задання). Самая вышэйшая ў рэальным сектары эканомікі яна была ў работнікаў гандлю (4020,2), ніжэйшая – у сельскай гаспадарцы (2791,5). У цэлым па раёне тэмп росту заработнай платы на 0,4 працэнтныя пункты апераджаў тэмп росту выручкі.

Актуальным у 2015 годзе застаецца пытанне нарыхтоўкі другасных матэрыяльных рэсурсаў. Па стане на 1 красавіка справы абстаяць наступным чынам:

– адходаў паперы і кардона пры квартальным заданні 95 тон нарыхтавана 41,4 тоны (43,6 %);

– адходаў шкла пры заданні 35,1 нарыхтавана 20,3 тоны (57,8 %);

– палімерных адходаў пры заданні 5,1 нарыхтавана 4,0 тоны (78,4 %);

– тэкстыльныя адходы пры заданні 1,2 тоны не нарыхтоўваліся;

– зношаныя шыны пры заданні 11,4 не здаваліся, але нарыхтаваныя ў аб’ёме 12,6 тоны;

– металалому пры заданні 395 тон здадзена толькі 91 тона (23,0 %).

УП ЖКГ заданне першага квартала выканала ў поўным аб’ёме, чаго не скажаш пра райспажыўтаварыства. Не прыступілі да работы па здачы металалому ПМК­66, Ушацкае ПМС, ДРБУ­105, лясгас, некаторыя сельгаспрадпрыемствы. Суб’ектам гаспадарання раёна неабходна актывізаваць работу па нарыхтоўцы і здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў, а не чакаць апошняга кварталу года.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *