Для ветерана Алексея Максимовича Алексеёнка май — самый особенный месяц в году

Общество

На яго кіцелі не ўбачыш медалёў. Ён нешматслоўны і вытрыманы. Наогул нягледзячы на тое, што жыве ва Ушачах, нядрэнна сябе адчувае, мае добрую памяць і самае галоўнае, яму ёсць што расказаць (партызан з 1942 года, які прайшоў прарыў) – Аляксей Максімавіч Алексяёнак нячасты госць раённых публічных мерапрыемстваў. “Я не люблю трэсці медалямі. Былі б баявыя… (Адзіным баявым – “За адвагу” былы партызан узнагароджаны за ўдзел у баявых аперацыях у складзе Чырвонай Арміі і, канечне, лічыць яго самым галоўным). Не ведаю, што  расказваць”, – гаворыць  ветэран, а расказвае вельмі цікавыя, такія індывідуальныя і простыя рэчы пра вайну.

– На маіх вачах загінуў камбрыг Караленка. Мы трымалі абарону на Валовай гары, што пад Лепелем. Шчыра кажучы, нічога ў нас не атрымлівалася. Па нашым узгорку пастаянна біў танк, кулямётчыка ўжо забіла, вырашылі, што лепш адступіць. Паміраць жа нікому не хочацца, тым больш што і сэнсу вялікага не бачылі. Адышлі недалёка, а тут на кані Д.Ц.Караленка. Вельмі строгі быў, патрабавальны да сябе і да іншых. Ён узначаліў брыгаду імя Сталіна ў снежні 1943 года, якой да гэтага кіраваў Уладзімір Елісеевіч Лабанок, які стаў на чале усёй зоны. “Тры­маць абарону”, – крычыць. Вярнуліся, а праз некалькі хвілін куля насцігла Дзмітрыя Цімафеевіча. Было гэта ўжо напярэдадні прарыву ў кастрычніку 1944 года, моцныя тады ішлі баі.

Аляксей Максімавіч быў сувязным другога атрада, які стаяў за Лепелем, а штаб брыгады знаходзіўся ў Старыне. А гэта значыць, што перадаваць данясенні ад аднаго атрада да другіх даводзілася, мінаючы Лепель, кантралюемы фашыстамі.

– Калі б сабака бегаў за маім канём, – даўно б здох, – праводзіць  паралель партызан. –  Напрамкі ж скакаць не будзешь, аб’язджаеш пункты, занятыя немцамі. Вось так да штаба ці другога атрада кіламетраў 80. Так было перад наступленнем на Лепель, пра якое я паведамляў. Толькі назад у атрад вярнуўся пад раніцу, а камандзір кажа, ну ты ж, Алексяёнак, не будзеш адзін у атрадзе, ты ж з намі. Так, не спаўшы, разам з усімі пайшоў у бой. Ну а падчас прарыву з атраду на перадавыя пазіцыі былі адабраны партызаны з кулямётамі. Пасля аб’яднання з Чырвонай Арміяй трапіў на 1-ы Прыбалтыйскі фронт, быў камандзірам аддзялення, кулямётнага разліку.

Пасля нават непрацяглага знаёмства з кнігай “Памяць. Ушацкі раён”  прыкмячаеш, што раздзел “Вярнуліся пераможцамі” намнога танейшы, чым “Загінуўшыя партызаны, падпольшчыкі” ці “Воіны-землякі”. Бо пераважная большасць мужчын, якія ўцалелі падчас таго жудаснага прарыву і напружаных баёў напярэдадні, трапілі на 1-ы Прыбалтыйскі фронт. І назаўсёды засталіся на прыбалтыйскай зямлі. Маюць магілы або не, паколькі баі там ішлі  такія, што часта не заставалася каму і хаваць таварышаў. За адзін з такіх – пры ўзяцці штурмам горада Біржая і атрымаў Аляксей Максімавіч свой медаль “За адвагу”.

І калі раней ён меў зносіны з уцалелымі баявымі таварышамі, наведваў “Прарыў”, то апошнім часам тых, з кім разам былі ў брыгадзе ці на фронце, не засталося зусім. Толькі памяць вяртае, асабліва ў майскія дні, да таго чаканага мая 45-га. Ці мая 44-га. У такую ж пару асабліва хочацца жыць. І хоць мінула ўжо столькі мірных майскіх год – у сваім доме спачатку ў Пад’язна, а цяпер ва Ушачах, былы франтавік адгукаецца на імя і прозвішча як і раней па-вайсковаму лаканічна і дакладна: “Так точна”.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *