“Тэлефонная размова знаходзіцца на шляху паміж мастацтвам і жыццём. Гэта размова не толькі з чалавекам, але і з вобразам, які складваецца ў цябе, пакуль ты яго слухаеш”, – пісаў у свой час Андрэ Маруа. Французскі пісьменнік, які выказаў гэты рамантычны погляд, напэўна, быў бы ўражаны тэхнічнымі магчымасцямі новага стагоддзя, з якімі штодня даводзіцца працаваць прадстаўнікам Ушацкага раённага вузла электрасувязі. Нягледзячы на тое, што мінулы год быў вельмі напружаным, калектыў не збавіў набраных раней тэмпаў, выканаў усе паказчыкі прагнозу сацыяльнаэканамічнага развіцця, дзякуючы чаму прадпрыемства было занесена на раённую Дошку гонару. Гэтая навіна, думаецца, стала выдатным падарункам для ўсіх работнікаў вузла электрычнай сувязі да прафесійнага свята.
Ушацкі раённы вузел электрасувязі з’яўляецца структурным падраздзяленнем Віцебскага філіяла Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства электрасувязі “Белтэлекам” у складзе Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. Супрацоўнікі РВЭС займаюцца забеспячэннем бесперабойнай і якаснай работы тэлефоннай сувязі, радыё і тэлетрансляцыі.
Летась актыўна працягвалася развіццё традыцыйных паслуг сувязі. Задаволена 262 заяўкі на ўстаноўку тэлефонных апаратаў, у тым ліку насельніцтву – 158. На сённяшні дзень РВЭС абслугоўвае гарадскую тэлефонную сетку з 3388 нумарамі. У сельскай мясцовасці працуе 14 станцый, у тым ліку 7 электронных, а гэта яшчэ 3719 нумароў. Агульная працягласць кабельных ліній сувязі складае 1804,4 км.
– Зараз тэлефон – гэта не проста прыстасаванне для размовы двух чалавек. Гэта яшчэ шмат дадатковых паслуг, – кажа начальнік РВЭС А.У.Шакута. – Сярод іх – доступ у сетку інтэрнэт, падчас якога перадаецца вялікі аб’ём патрэбнай інфармацыі і захоўваецца магчымасць размаўляць па тэлефоне. З устаноўкай электронных АТС абаненты атрымалі магчымасць карыстацца хуткім танальным наборам нумара, пераадрасацыяй, кадзіраваннем і многімі іншымі карыснымі функцыямі.
Дарэчы, карыстальнікаў высокахуткаснага інтэрнэта Byfly ў нашым раёне з кожным днём становіцца больш. Так, за мінулы год да паслугі падключыліся 468 абанентаў – на 1 студзеня іх налічвалася ўжо 2782.
Як вядома, з 1 красавіка ў нашым раёне спынена трансляцыя аналагавага тэлебачання, і магчымасць падключэння лічбавага тэлевяшчання ZALA стала сапраўднай палачкайвыручалачкай для многіх ушачан, бо не патрабуе набыцця дадатковых прыбораў: дастаткова мець тэлевізар і антэну, а ўсё неабходнае абсталяванне на час дзеяння дагавора кліентам выдаецца бясплатна. Летась карыстальнікамі паслугі сталі 1329 чалавек, а на пачатак бягучага года да інтэрактыву былі падключаны ўжо 3368 абанентаў. Гэта вельмі высокі паказчык: каэфіцыент пранікнення на 100 асноўных тэлефонных апаратаў па паслузе ZALA (правадная і эфірная) склаў 50 працэнтаў пры сярэднеабласным паказчыку 28, на 100 жыхароў – 23 працэнты пры сярэднеабласных 13ці. Дарэчы, ужо ў лютым Ушаччына першай сярод сельскіх раёнаў вобласці дасягнула лічбы ў 1000 абанентаў эфірнага тэлебачання ZALA. Між іншым, гэта і не дзіўна, бо менавіта ў нашым раёне 3 кастрычніка 2013 года быў падключаны да названай паслугі першы на Віцебшчыне кліент. Адметна, што на тэрыторыі Ушаччыны размешчаны самы магутны ў вобласці рэтранслятар. Менавіта таму лічбавая эфірная ZALA можа “прыйсці” літаральна ў кожны дом нават самых аддаленых населеных пунктаў.
Як нам паведамілі ў РВЭС, у бліжэйшы час у раёне працягнецца работа па мадэрнізацыі састарэлага электраабсталявання. На 2015 год запланавана замена каардынатных станцый сувязі на больш сучасныя ў Арэхаўне, Дубраўцы, Ільюшыне. Такія меры дазволяць павялічыць хуткасць перадачы даных, дадуць магчымасць прапанаваць жыхарам раёна комплекс новых паслуг.
Вядома, намнога прасцей выконваць запланаваныя паказчыкі тады, калі падабраны адпаведныя кадры – і з гэтым ва Ушацкім РВЭС праблем няма. На працягу апошніх двух гадоў тут “запраўляе справамі” Аляксандр Уладзіміравіч Шакута, які дагэтуль некаторы час працаваў у Полацкім вузле электрасувязі, а з 2004га займаў пасаду намесніка начальніка РВЭС ва Ушачах. Ён не толькі валодае ўсімі патрэбнымі кіраўніку якасцямі, але і, маючы вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці інжынер па тэлекамунікацыях, выдатна разбіраецца ва ўсіх нюансах работы падначаленых, што дазваляе своечасова даць параду, дапамагчы.
Не адстае ад вопытнага калегі і моладзь. Пра інжынера электрасувязі станцыйнай групы, ураджэнца Міёршчыны Дзмітрыя Федуковіча мы некалькі гадоў таму расказвалі нашым чытачам. “Сапраўды, талковы і адказны малады чалавек. Вельмі патрэбны такія спецыялісты ва Ушачах. І, напэўна, усюды”, – такі каментарый пакінуў пад артыкулам пра Дзмітрыя адзін з наведвальнікаў сайта газеты “Патрыёт”. Адметна, што днямі, адразу пасля адкрыцця раённай Дошкі гонару, на якой па выніках работы за 2014 год адзначаны і Д.Федуковіч, на нашым сайце зноў з’явіліся станоўчыя водгукі ў адрас Дзмітрыя ад яго ўдзячных кліентаў. Напэўна, гэта і ёсць лепшы доказ запатрабаванасці і прафесіяналізму спецыяліста.
Штодня кіпіць работа ў кабінеце групы па продажы паслуг электрасувязі Н.В.Круміні і В.У.Хамянок. Званкі з пытаннямі грамадзян амаль не сціхаюць, многія асабіста прыходзяць за кансультацыяй і заключэннем дагавораў. Такі ажыятаж звязаны з пераходам тэлевяшчання на лічбавы фармат. Па словах спецыялістаў, асаблівым попытам ва ўшачан карыстаецца эфірная ZALA, бывае, за дзень яе падключае больш за 10 абанентаў. Між тым, на загружанасць і стомленасць Нона Вікенцьеўна і Вольга Уладзіміраўна не скардзяцца – прыветна сустракаюць сваіх кліентаў, дапамагаюць разабрацца ў незразумелым, вызначыцца з патрэбнай паслугай. Доказам жа іх прафесіяналізму з’яўляюцца вынікі нядаўняга абласнога конкурсу прафмайстэрства, у якім сярод спецыялістаў па продажы паслуг В.У.Хамянок заняла другое месца, а Н.В.Круміня стала першай у намінацыі “Лепшы спецыяліст сэрвіснага цэнтра”.
Няма выпадковых людзей і сярод электрамеханікаў Ушацкага РВЭС. Калі гэтыя спецыялісты бяруцца за справу – майстэрства не схаваеш! Чаруюць над старэнькімі тэлефонамі, каб яны даўжэй паслужылі гаспадарам, падключаюць абанентам інтэрнэт і інтэрактыўнае тэлебачанне, прымаюць удзел у пракладцы ліній электрасувязі, устанаўліваюць і настройваюць новыя “наварочаныя” апараты. Сціплыя і ветлівыя манцёры, як правіла, выконваюць сваю работу хутка і якасна. Не дзіўна, што яны рэгулярна адзначаюцца ў ліку лепшых як на раённым, так і на больш высокіх узроўнях. Так, па выніках работы за 2013 год на раённую Дошку гонару было занесена прозвішча электрамеханіка лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх прылад Міхаіла Мікалаевіча Лёлі, а нядаўна падзяка дырэктара Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам” аб’яўлена электрамеханіку сувязі Генадзю Генадзьевічу Арлоўскаму. Дарэчы, Ганаровай граматай філіяла сёлета ўзнагароджана таксама галоўны бухгалтар РВЭС Ларыса Аркадзьеўна Крахотка, прафесійныя абавязкі якой хоць напрамую і не звязаны з аказаннем насельніцтву паслуг электрасувязі, але іх выкананне забяспечвае стабільнасць і бесперабойную работу калектыву.
– Працоўны вопыт у дадзенай сістэме дазваляе зрабіць наступныя высновы, – кажа А.У.Шакута. – Галоўная ўзнагарода для сувязістаў – адсутнасць скаргаў абанентаў, наяўнасць заяў на развіццё сучасных сродкаў сувязі, цеснае і плённае супрацоўніцтва з іншымі арганізацыямі. Лічу, што ўсё гэта атрымліваецца, хаця не выключаю ўзнікнення нестандартных сітуацый. Аднак па іх прымаюцца аператыўныя і канкрэтныя захады, таму і працуем у планавым рэжыме. Для нашага калектыву, якім я, як кіраўнік, задаволены, 7 мая будзе звычайным рабочым днём, хаця замест звыклых прывітанняў, думаецца, часцей усё ж пачуем словы “Віншую з прафесійным святам”.
Карыстаючыся выпадкам, далучаемся да віншаванняў і мы. Жадаем работнікам Ушацкага РВЭС удалай хвалі, надзейных кантактаў, адсутнасці перашкод і заўсёды заставацца на сувязі!
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.