На працягу мінулага тыдня па ўсёй краіне праходзіла акцыя “Чысты вадаём”. Ініцыятары мерапрыемства – Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў – ставілі на мэце прывесці ў парадак прыбярэжную зону водных аб’ектаў напярэдадні адкрыцця сезона масавага адпачынку насельніцтва на прыродзе.
Не абмінула гэта традыцыйная акцыя і наш багаты на азёры і рэкі край. Работнікі Ушацкай раённай арганізацыі “БТПР” прывялі ў парадак прыбярэжныя зоны сажалкі Старасельскай, азёр Люкташ і Ваўчо. Дарэчы, на апошнім была сабрана найбольшая колькасць смецця – хоць возера невялікае, папрацаваць тут прыйшлося не адну гадзіну. Пустымі бутэлькамі і іншымі адходамі, якія пакідаюць пасля свайго знаходжання людзі, быў напоўнены не адзін мяшок (на здымку).
Далучыцца да мерапрыемства было прапанавана ўсім нераўнадушным грамадзянам, аднак актыўнасць праявілі толькі некаторыя паляўнічыя і рыбаловы, якія з’яўляюцца членамі таварыства. Хочацца спадзявацца, што пасля ўборкі берагі названых вадаёмаў (ды і ўсіх астатніх) будуць заставацца ў прыемным чыстым выглядзе, а людзі, якія прыйдуць адпачываць на іх, не пакінуць пасля сябе новае смецце і адходы.
Вольга КАМАРКОВА.