5 мая — День печати

Общество

У 1930 годзе выйшаў у свет першы нумар газеты “Прымежны калгаснік” – такую назву яна атрымала, бо непадалёк ад Ушач каля мястэчка Кублічы праходзіла мяжа з Польшчай. Нумары газеты адлюстроўвалі першыя крокі калектывізацыі, актыўную дзейнасць моладзі, калгаснікаў. У гады Вялікай Айчыннай вайны газета дзейнічала як орган Ушацкага падпольнага РК КПБ. Друкарня ў гэты час знаходзілася ў розных месцах. У 1943­44 гадах яна размяшчалася ў вёсцы Перадавыя (цяпер Двор Павулле) у хаце Андрэя Канстанцінавіча і Марфы Кліменцьеўны Пашковых. Рэдагаваў газету Міхаіл Гайсёнак (ён загінуў у час блакады ў 1944 годзе), адказным сакратаром быў А.Карабань, наборам і вёрсткай займаўся Віктар Чарткоў. Газета паведамляла пра баявыя дзеянні ўшацкіх партызан, друкавала зводкі Саўінфармбюро, заклікала пашыраць барацьбу з ворагамі. Праз 32 гады ў памяць аб мінулым у дзень святкавання Перамогі ў вёсцы Двор Павулле адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі на доме Пашковых (пасля смерці бацькоў там жыла іх дачка Валянціна Андрэеўна Чумакова).

На працягу свайго існавання раённая газета мяняла свае назвы: “Прымежны калгаснік”, “Сацыялістычны шлях”, “Ленінскі сцяг”, “Патрыёт”, мяняла месца знаходжання: асобны будынак каля школы, былыя будынкі ўпраўлення сельскай гаспадаркі, райвыканкама, цяпер жа рэдакцыя нашай “раёнкі” размяшчаецца ў самым цэнтры гарпасёлка, што вельмі зручна для нас, наведвальнікаў і грамадскіх карэспандэнтаў.

На працягу існавання выдання шэраг рэдактараў прысвяцілі сваё жыццё і журналісцкую дзейнасць “Патрыёту”: сярод іх В.А.Грынкевіч, З.І.Дзямешка, Г.В.Ігнаценкава, Р.К.Гладышаў, У.І.Хвошч, Ф.П.Волах. Цікавым, адпавядаючым сваёй назве быў “Патрыёт” у савецкія гады, калі ў рэдакцыі працавалі П.І.Пратасевіч, Р.Я.Грынкевіч, У.А.Первянёнак, М.Д.Васілеўскі і іншыя таленавітыя журналісты. Газета выходзіла тры разы на тыдзень, змяшчала артыкулы на розныя тэмы, рэпартажы з месцаў, нарысы. І ў новым стагоддзі выданне не страціла свой аўтарытэт: у цяперашні час у газеце склаўся працавіты творчы калектыў – даволі малады, але майстэрскі і крэатыўны. У многім гэта заслуга галоўнага рэдактара Вольгі Васільеўны Караленкі, сапраўднага патрыёта свайго раёна, якая размеркавалася ў выданне пасля заканчэння факультэта журналістыкі БДУ і прайшла ў ім шлях ад карэспандэнта да кіраўніка ўстановы.

У любое надвор’е рэдакцыйны аўтамабіль калясіць па дарогах раёна: журналістаў газеты можна сустрэць у працоўных калектывах, маленькіх вёсачках, на самых аддаленых палетках сельгаспрадпрыемстваў. Яны робяць усё, каб кожны свежы нумар “раёнкі” радаваў і захапляў чытачоў.

Жадаю “Патрыёту”, яго супрацоўнікам і далей быць актыўнымі, дзейснымі, асвятляць усе сферы жыцця Ушаччыны, набываць больш памагатых – пазаштатных карэспандэнтаў, якія сваімі артыкуламі будуць адлюстроўваць гісторыю раёна і яго сучаснасць. Калектыву рэдакцыі жадаю трымаць высокую марку, якую заслужыла газета за без малага 85 гадоў сваёй слаўнай гісторыі. Закончыць свой допіс хачу словамі нашага мясцовага паэта С.Каранеўскага, якія трапна адлюстроўваюць адносіны чытачоў да любімай газеты:

З табой я быў і застаюся,

Здалёк пачую твой зварот,

Жыві, квітней на Беларусі,

Газета наша “Патрыёт”!

І.УРБАН, даўняя падпісчыца і актыўны пазаштатны карэспандэнт газеты “Патрыёт”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *