Елена Сазонова, преподаватель Ушачской детской школы искусств: «Наши дети — самые талантливые!»

Ими гордятся Экономика и малый бизнес

Трыццаць гадоў таму ў дзверы Ушацкай музычнай школы ўвайшла маленькая, але вельмі самастойная дзяўчынка: “Хачу іграць на фартэпіяна. Дзе тут у вас экзамены прымаюць?”. Як аказалася, бацькі не вельмі адобрывалі жаданне сямігадовай Лены паступіць у музычную школу: у звычайнай працоўнай сям’і Салавей не было асаблівых творчых традыцый і музыка не лічылася вартай увагі справай. Але ўжо тады ў характары дзяўчынкі праяўляліся адметныя рысы – упэўненасць у сабе і ўменне дабівацца пастаўленай мэты.

Праўда, у клас фартэпіяна яна ўсё ж не трапіла: педагогі выявілі ў Лены выключны слых і накіравалі на “элітнае” скрыпічнае аддзяленне. Не засталіся незаўважанымі і яе цудоўныя вакальныя даныя: на працягу сямі год вучобы ў музычнай школе Лена была нязменнай салісткай хору. Аднак звязваць сваё дарослае жыццё з музыкай і спевамі не збіралася і, напэўна, абрала б зусім іншую прафесію, калі б у школу не прыйшла харавік­дырыжор Жанна Віктараўна Савіцкая. “Ужо на першым занятку я зразумела: хачу быць такой, як мая новая настаўніца – апантанай сваёй справай, упэўненай, гарманічнай”, – расказвае Алена.

Далей была вучоба ў Наваполацкім музвучылішчы на аддзяленні акадэмічных спеваў і харавога дырыжыравання, пасля заканчэння якога перад таленавітай дзяўчынай адкрывалася шмат заманлівых перспектыў (у тым ліку кар’еры опернай спявачкі). Аднак лёсам было наканавана вярнуцца ў родныя Ушачы і, дарэчы, трапіць як раз на месца падштурхнуўшай яе да музычнай прафесіі настаўніцы: два першыя гады, пакуль Жанна Віктараўна была ў дэкрэтным водпуску, Алена Сазонава (такое прозвішча яна носіць пасля замужжа) узначальвала клас харавога дырыжыравання. Калі ж ва Ушацкай музычнай школе было адкрыта першае ў краіне эстраднае аддзяленне, дырэктар установы С.В.Парашкін прапанаваў маладой амбіцыйнай настаўніцы яго ўзначаліць. І атрымаў згоду, бо распачынаць нешта новае, незвычайнае – гэта шанс даказаць сабе і іншым, чаго ты сапраўды варты.

Пачыналася ўсё няпроста: не было напрацаваных методык выкладання, тэхнічнай базы і нават свайго кабінета (пазней, з прыходам у аддзяленне выкладчыка Алега Іванова, працаваць стала куды лягчэй). Набор у першы эстрадны клас праходзіў без ажыятажу – гэта зараз жадаючыя сюды трапіць праходзяць строгі адбор і нават чакаюць чаргі, бо штогод на аддзяленне прымаюць толькі 1­2 чалавек. Спачатку ж “на эстраду” набіралі ўсіх, хто быў згодны, тым не менш ужо ў першым сваім выпуску Алена Анатольеўна падрыхтавала стыпендыятку Прэзідэнцкага фонду Наталлю Філімонаву, якая скончыла потым эстраднае аддзяленне Дзяржаўнага каледжа мастацтваў у Мінску. Увогуле для многіх былых навучэнцаў эстрада стала прафесіяй. Вось і выпускніца мінулага года Святлана Полазава зараз вучыцца на эстрадным аддзяленні Брэсцкага каледжа мастацтваў і з’яўляецца салісткай гарадскога аркестра. Ёсць у Алены Анатольеўны і паслядоўнікі: аналагічнае аддзяленне, адкрытае ў Смалявіцкай дзіцячай школе мастацтваў, узначальвае Алена Атрашкевіч. Ну а пра наваполацка­ушацкую юную зорку, пераможцу шматлікіх эстрадных конкурсаў і, дарэчы, таксама атрымальніцу Прэзідэнцкай стыпендыі Дар’ю Крупскую мы неаднаразова расказвалі чытачам на старонках газеты.

Дарэчы, на тэме конкурсаў хацелася б спыніцца асобна. Напэўна, мала хто ведае, што дзевяць год таму Алена Сазонава магла б прадстаўляць нашу краіну на “Еўрабачанні”. На рэспубліканскім тэлепраекце “Фэст”, які быў адборам для конкурсу, наша зямлячка выступала ад Віцебскай вобласці. Яна паспяхова прайшла два туры, аднак перад фіналам даведалася, што чакае дзіця. У выніку на пляцоўцы галоўнага песеннага шоу Еўропы ў той год “запальвала” Паліна Смолава, а ў сям’і Алены Сазонавай з’явілася прыгажуня­Палінка, што, вядома ж, куды важней за любыя творчыя дасягненні.

Зрэшты, хапае ў Алены Анатольеўны і апошніх. Яна з’яўляецца пераможцам шматлікіх конкурсаў у складзе народнага калектыву “Натхненне”, пакарае сваім сапрана слухачоў самых буйных канцэртных залаў краіны. Настаўніца пастаянна ўдасканальвае сваё прафесійнае майстэрства: атрымала дзве вышэйшыя адукацыі, скончыўшы педуніверсітэт імя П.М.Машэрава і ўніверсітэт культуры і мастацтва ў Мінску, дзе яе выкладчыцай была прыма беларускай аперэты Наталля Гайда. Нашай таленавітай зямлячцы паступалі прапановы пераехаць у сталіцу, аднак яна выбрала жыццё і работу на сваёй малой радзіме, якую вельмі любіць. Падабаецца тут і яе мужу, прыехаўшаму ва Ушачы з Гродна.

“У правінцыі жывуць добрыя, шчырыя, не спешчаныя багаццем людзі. А дзеці ў нас самыя таленавітыя і працавітыя! – лічыць Алена Анатольеўна. – Для многіх выхаванцаў нашага аддзялення паездка на конкурс у вялікі горад – унікальная магчымасць праявіць сябе, атрымаць яркія ўражанні. А як прыемна, што наш маленькі райцэнтр, назву якога раней на сталічных канцэртах вядучыя рэдка вымаўлялі правільна, зараз ужо мае аўтарытэт – арганізатары ведаюць, што з намі варта лічыцца. І я ўпэўнена, што на дыпломах самых прэстыжных конкурсаў будуць зноў і зноў з’яўляцца ўшацкія прозвішчы”. Імя ж самой Алены Анатольеўны Сазонавай было занесена летась на раённую Дошку гонару.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *