Традыцыйны штотыднёвы аб’езд гарпасялковых вуліц і вытворчых тэрыторый у асноўным праходзіў па старых маршрутах – старшыня райвыканкама ставіў мэтай не толькі выявіць новыя ачагі беспарадку, але і праінспектаваць выкананне землекарыстальнікамі і зацікаўленымі службамі дадзеных раней абяцанняў. І трэба сказаць, што ў многіх месцах за прайшоўшыя пасля першага аб’езду некалькі тыдняў прыкметна пачысцела. Так, жыхары дамоў у канцы вуліцы Полацкай прыбралі ад бытавога смецця схілы навакольных пагоркаў. Непараўнальна лепш выглядае зараз тэрыторыя ДЭУ-37. Практычна зніклі шматгадовыя залежы металалому ля сядзібы на Кветкавай: па словах гаспадара, ён здаў нарыхтоўшчыкам некалькі тон другаснай сыравіны. Наведзены парадак ля дома на Калінінскай, на дрэнны выгляд якога кіраўнік раёна звяртаў увагу падчас мінулага аб’езда. Аднак не абышлося і без непрыемных відовішчаў. Так, паранейшаму “красуюцца” сметнікі за некаторымі дамамі на той жа Полацкай. Не прынесла станоўчых эмоцый “прагулка” па вуліцы
Горкага – тут шмат чаго трэба прывесці ў парадак, акультурыць, а побач з прыгожымі дагледжанымі падворкамі маюцца такія, ля якіх пануе недапушчальная антысанітарыя. Гаспадыні аднаго з тутэйшых дамоў было вынесена апошняе папярэджанне і дадзена некалькі дзён на навядзенне парадку. Што ж, калі на людзей не дзейнічаюць угаворы і заклікі – надыходзіць чарга больш важкіх аргументаў. І, па ўсім відаць, большасць ушачан ужо ўсвядоміла, што кантроль за навядзеннем парадку – не аднаразовая сезонная акцыя, а планамерная кампанія, якая будзе працягвацца.
Наталля БАГДАНОВІЧ.