Ушачский район принимал автопробег «Никто не забыт, ничто не забыто!» в честь 70-летия Великой Победы

70-годдзе Перамогі Общество

У нядзелю Ушачы прымалі ўдзельнікаў трохдзённага аўтапрабега “Ніхто не забыты, нішто не забыта!”, які быў арганізаваны Віцебскай абласной арганізацыяй ветэранаў вайны ў Афганістане і прысвечаны 70­-годдзю Вялікай Перамогі. Каб падкрэсліць велічнасць подзвіга савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і аддаць даніну памяці загінуўшым, афганцы, прадстаўнікі ваенна­патрыятычнага клуба “Пошук”, ужо ў другі раз праводзілі мерапрыемства. У мінулым годзе яно было прысвечана 70­-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка­фашысцкіх захопнікаў.

Стартаваў жа сёлетні марафон 24 красавіка ў Віцебску каля помніка ў гонар воінаў­інтэрнацыяналістаў “Боль”, пасля чаго экіпажы адправіліся “калясіць” па раёнах Віцебшчыны. Праграма аўтапрабега была даволі насычанай. Мяркуйце самі – за тры дні яго маршрут прайшоў праз Віцебск, Бешанковічы, Лепель, Докшыцы, Глыбокае, Шаркаўшчыну, Браслаў, Міёры, Верхнядзвінск, Наваполацк, Полацк, Ушачы і Обаль. Удзельнікі патрыятычнай акцыі наведвалі памятныя месцы баявой славы, сустракаліся з ветэранамі, моладдзю і іншым насельніцтвам Віцебшчыны. Да прыезду ў наш райцэнтр яны ўжо паспелі праехаць больш за паўтысячы кіламетраў. Візіт на Ушаччыну пачаўся з мітынгу і ўскладання кветак і вянка да помніка воінам і партызанам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны.

– Час усё больш аддаляе нас ад тых ваенных падзей, але напярэдадні 70­-годдзя Вялікай Перамогі мы лічым сваім доўгам таксама ўнесці лепту ў захаванне гістарычнай памяці аб Перамозе. Мы ніяк не маглі абмінуць увагай гераічную Ушаччыну, і быць сёння на гэтай зямлі для нас вялікі гонар,  – адзначыў старшыня абласной арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане Валяр’ян Альбінавіч Мацкевіч.

Карыстаючыся ўрачыстым момантам сустрэчы, ён уручыў ваеннаму камісару Ушацкага раёна У.Я.Пальчэху і галоўнаму спецыялісту аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама І.В.Бельскай памятны знак “За заслугі” – за актыўную дапамогу і падтрымку раённага грамадскага аб’яднання ветэранаў вайны ў Афганістане.

Прадоўжылася мерапрыемства наведваннем музея народнай славы імя У.Е.Лабанка, дзе для гасцей раёна была праведзена экскурсія. Прыемна, што разам з былымі воінамі­афганцамі на Ушаччыну прыбылі іх родныя, дзеці і нават унукі. Яны з цікавасцю прагледзелі экспазіцыю нашага музея, пасля чаго падзяліліся сваімі ўражаннямі:

– Унікальнае месца, вельмі салідны музей, можна нават сказаць, што самы лепшы сярод многіх у вобласці. Мы вельмі рады, што нам давялося тут пабываць, прыемна і тое, што ў музеі ёсць куток, прысвечаны загінуўшым воінам­афганцам.

Удзельнікі аўтапрабега падарылі музею матэрыял для папаўнення гэтага стэнда. Не засталіся без падарунка і госці – аб візіце на Ушаччыну ім будуць нагадваць кнігі “Памяць. Ушацкі раён”, якія ўручыла намеснік старшыні райвыканкама Н.М.Марковіч.

Ну і, канечне, шлях аўтапрабега “Ніхто не забыты, нішто не забыта!” не мог не прайсці праз галоўнае месца баявой славы Ушаччыны – мемарыяльны комплекс “Прарыў”, дзе была таксама ўшанавана памяць загінуўшых у гады вайны.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *