26 апреля — день Чернобыльской трагедии. В первые месяцы после аварии в зоне радиационного загрязнения несли службу и некоторые ушачане

Общество

Дваццаць дзевяць год назад, калі з узрывам энергаблока на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі “мірны атам” вырваўся на волю, мабыць ніхто да канца не мог асэнсаваць усю сур’ёзнасць і маштаб гэтага бедства. У той час кіраўніцтва СССР прыняло рашэнне не афішаваць тэхнагенную катастрофу, але, разам з тым, сталі прымацца меры па ліквідацыі наступстваў. Да населеных пунктаў, якія аказаліся у зоне найбольшага радыяцыйнага забруджвання, сцягваліся дзясяткі тысяч людзей розных прафесій і спецыяльнасцей. Для аховы правапарадка ў адселеных гарадах і вёсках прызываліся супрацоўнікі органаў унутраных спраў, сярод якіх, улічваючы геаграфічнае становішча ЧАЭС, было шмат беларусаў, у тым ліку і ўраджэнцаў нашага раёна.

– Аляксандр Касаржэўскі, Дзмітрый Жыткі, Сяргей Дольнікаў, Мікалай Лапёнак, Дзмітрый Клачок, – прыпамінае прозвішчы саслужыўцаў адзін з ліквідатараў аварыі на ЧАЭС, ветэран органаў МУС Міхаіл Эвальдавіч Плікат. – Можа кагосьці вось так адразу і не назаву, але ў нашым РАУС працавала шмат мабілізаваных у зону забруджання. На ахову правапарадку ў Брагінскі і Хойніцкі раёны асабіста я трапіў у званні старшага лейтэнанта на пару з сяржантам Уладзімірам Захарэнкам у сярэдзіне мая 1987 года.

Успамінае мой суразмоўца, што навабранцам толкам і не тлумачылі, наколькі небяспечна радыяцыя, ды і самі камандзіры зводных атрадаў не ўсведамлялі ўсю небяспеку. Зразумела, што змагацца з ворагам, які нябачны, не мае паху і смаку, міліцыянеры не маглі. Задачы перад імі стаялі больш звыклыя – не дапускаць у зону адсялення марадзёраў і людзей, якія імкнуліся трапіць у пакінутыя дамы.

– З населеных пунктаў, якія мелі высокі радыяцыйны фон, жыхарам пры адсяленні дазвалялася браць з сабой толькі дакументы, а ўся астатняя маёмасць проста кідалася, – працягвае Міхаіл Эвальдавіч. – Без перабольшвання скажу, што людзі ў гэтых рэгіёнах да аварыі жылі куды больш заможна, чым у нас на Віцебшчыне. Гэта зараз аўтамабіль сапраўды стаў не раскошай, а ў канцы 80­-х набыць яго было няпроста нават пры наяўнасці сродкаў – людзі майго пакалення гэта выдатна памятаюць. Таму дзіка было назіраць, як у пустых населеных пунктах у адчыненых гаражах сіратліва стаяць машыны, і асэнсоўваць, што людзі раптоўна страцілі ўсё, хаця ім і выплачваліся кампенсацыі… Жудасныя карціны забыць немагчыма – населеныя пункты, некалі прыгожыя і дагледжаныя, пераўтвараліся ў вёскі­-прывіды, апусцелі свінакомплексы і малочнатаварныя фермы. Усюды трава – у чалавечы рост, ссохлыя дрэвы і здзічэлыя хатнія жывёлы!

Зводныя атрады міліцыі сачылі за тым, каб гаспадары нічога не вывозілі, так як дазіметры ўказвалі на тое, што “фаніць” кожная рэч. Расказвае мужчына, што некалькі разоў яму даводзілася несці дзяжурства і ў 30­кіламетровай зоне, калі ўздзеянне радыяцыі арганізм ужо яўна адчуваў, а асабліва цяжка было тым, хто меў лішнюю вагу.

– Павышанае потааддзяленне, пачырваненне скуры, многіх хлопцаў моцна “муціла” – прыгадвае “сімптомы” М.Э.Плікат. – Уласныя адчуванні? Запомнілася, што неяк аднойчы пастаянна хацелася піць, але “камяк” у горле не праходзіў, нават калі ўжываў вялікую колькасць вадкасці. Ужо потым даведаліся, што ў гэты дзень было рэзкае павышэнне радыяцыйнага фону з­-за новай уцечкі…

Зводны атрад Міхаіла Эвальдавіча быў у “камандзіроўцы” месяц. Камандзіры рабілі ўсё магчымае для таго, каб максімальна забяспечыць падначаленых. Супрацоўнікі атрымлівалі ўзмоцненае харчаванне, старанна змывалі з вопраткі і адкрытых участкаў цела пыл. Нягледзячы на ўсе цяжкасці ў нясенні службы зводны атрад упраўлення ўнутраных спраў Віцебскай вобласці сваю задачу па недапушчэнні распаўсюджання радыяцыі выканаў дастойна.

Колькі ж яе міліцыянеры вывезлі пасля тэрміну знаходжання на асабліва забруджаных тэрыторыях у сваіх арганізмах – сказаць цяжка. Пасля вяртання да месцаў службы здароўе кожнага паводзіла сябе па­рознаму, а многія ўжо нават пайшлі з жыцця. Міхаіл Эвальдавіч, на шчасце, асаблівых праблем са здароўем не адчуваў, што дазволіла яму паспяхова адслужыць на розных пасадах ва Ушацкім РАУС 25 год. І пасля выхаду на заслужаны адпачынак трымае сябе “ў форме”: жылісты падцягнуты мужчына ўжо 8 год працуе вартаўніком ва Ушацкім аддзяленні Дэпартамента аховы, у вольны час прыкладае рукі ля сваёй дачы ў Праніках, дапамагае будавацца сыну ды няньчыцца з унукам Яраславам.

Ільгот удзельнікам ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС зараз практычна не засталося, але ён за імі ніколі і не гнаўся: былі – карыстаўся, адмянілі – ну і Бог з імі. А на маё пытанне, ці паехаў бы ў зоны адчужэння і адсялення, калі б на той момант як цяпер ведаў аб смяротнай небяспецы “мірнага атама”, мужчына адказаў проста:

– Нашай згоды асабліва ніхто і не пытаўся – служба ёсць служба, тым больш, што мы ўсе прысягалі на вернасць Радзіме. Таму прызыў на ліквідацыю наступстваў аварыі пераважная большасць лічыла сваім доўгам перад краінай і народам.

Дзмитрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *