У суботу на вуліцах райцэнтра было панезвычайнаму для выхаднога дня мнагалюдна, ушачане выйшлі на адно з самых масавых мерапрыемстваў вясны – рэспубліканскі суботнік. Плённа папрацаваць не перашкодзіла нават пахмурнае дажджлівае надвор’е.
Адным з важных і сімвалічных аб’ектаў суботніка ва Ушачах стала закладанне Алеі Перамогі на ўездзе ў гарадскі пасёлак. Працоўны дэсант на чале са старшынёй райвыканкама В.В.Родзічам і старшынёй раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнкай высадзілі 70 маладых дрэўцаў – 35 ліп і 35 бяроз у гонар 70годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Калі пасаджаныя дрэўцы падрастуць, яны заменяць старыя таполі, што стаяць зараз уздоўж дарогі.
У цэнтры гарпасёлка таксама кіпела работа. Меліяратары разам з дарожнікамі і будаўнікамі пачалі выкладваць тратуарную плітку, а работнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях – бардзюры. Камунгасаўцы бялілі дрэвы, убіралі смецце, а таксама рабілі пандусы на скрыжаванні Ленінскай і Савецкай з усіх бакоў пешаходных пераходаў. Дарэчы, гэтую патрэбную работу ўжо ацанілі маладыя мамы: “Так нязручна было раней з каляскай ці дзіцячым веласіпедам пераадольваць бардзюр на гэтым ажыўленым пераходзе, дзе заўсёды шмат машын, цяпер жа зусім іншая справа!” – гаварылі на наступны дзень пасля суботніка задаволеныя ўшачанкі.
Папрыгажэла і любімае месца адпачынку нашых грамадзян – пляж каля рэчкі. Тут ачысцілі прыбярэжную зону ад смецця і абсталявалі пясочніцу. Хочацца спадзявацца, што чысціня на пляжы захаваецца надоўга, а новая пясочніца стане месцам для гульні дзяцей, а не выгульвання сабак.
Шмат іншых работ па навядзенні парадку было зроблена ў гэты дзень у райцэнтры, многія калектывы займаліся добраўпарадкаваннем вытворчых тэрыторый, працавалі на сваіх рабочых месцах.
Заробленыя падчас рэспубліканскага суботніка сродкі прадпрыемствам і арганізацыям раёна варта пералічваць на спецыяльны рахунак фінансавага аддзела райвыканкама №3642011740017 у філіяле №216 ААТ “АСБ Беларусбанк” г.Полацк, МФА 150801648, УНП 300007180.
Кіпела праца і ў сельскай мясцовасці. Тут у асноўным займаліся добраўпарадкаваннем населеных пунктаў, тэрыторый ля ваенных помнікаў, зон адпачынку, ліквідаваннем несанкцыянаваных сметнікаў. Узначальвалі і арганізоўвалі работу сельвыканкамы. Шмат намаганняў для таго, каб навесці парадак на вялікай тэрыторыі аграгарадка Глыбачка, прыклалі работнікі мясцовых арганізацыі, камунгасаўцы, жыхары населенага пункта. “Працавалі ўсёй грамадой, не шкадуючы сіл, таму здолелі зрабіць многае, – расказвае старшыня Глыбачанскага сельвыканкама Л.В.Храмцова. – Навялі парадак за аўтобусным прыпынкам, ля брацкай магілы загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай воінам і партызанам, на мясцовых могілках. Хочацца выказаць падзяку ляснічаму Глыбачанскага лясніцтва П.В.Быкаву за тое, што ён накіраваў для работ па добраўпарадкаванні аграгарадка працаўнікоў са спецыяльным інвентаром”.
Шмат карысных спраў было зроблена на тэрыторыі Жарскага сельсавета. Значна пачысцелі за гэты дзень вуліцы і двары Ільюшына, быў наведзены парадак у парку і ля прыпыначнага пункта ў Жарах. Работнікі Ільюшынскай школы і дзіцячага сада прыводзілі ў парадак пладовы сад мясцовага сельгаспрадпрыемства, абразалі кусты на вуліцы Маладзёжнай у аграгарадку.
Як заўсёды кіпела работа ў дзіцячым аздараўленчым лагеры ў Турасполлі: прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму прыводзілі ў парадак тэрыторыю, фарбавалі падлогу і вокны ў спальным корпусе і клубе.
Адным з самых маштабных аб’ектаў стаў вялікі яблыневы сад ля Дубраўкі – прывядзеннем яго ў належны выгляд займаліся работнікі раёна электрычных сетак, ДРБУ105. “Працуем тут ужо другі дзень: абразаем сучча, белім ствалы, – расказаў начальнік РЭС В.М.Варанько. – Прыемна паўдзельнічаць у добрай справе: хочацца, каб гэтае прыгожае месца радавала вока і жыхароў вёскі, і тых, хто праязджае побач па ажыўленай трасе”.
Тэрыторыю ля былой слабадской школы, дзе ўстаноўлены помнік воінам і партызанам, загінуўшым у гады вайны, прыводзіў у парадак дружны калектыў раённага цэнтра дзяцей і моладзі. “На такіх святых для кожнага чалавека аб’ектах проста нельга працаваць без запалу і энтузіязму”, – выказаў агульную думку работнік установы Пётр Алексяёнак.
А вось эмоцыі прадстаўнікоў райспажыўтаварыства і ЦРБ, якія сумеснымі намаганнямі ўбіралі звалкі на могілках ля павароту на Крывушчына, былі зусім не такімі ўзнёслымі. “Як можна прывезці з дому смецце і выкінуць яго на могілках?! У людзей, якія гэта зрабілі, проста няма сумлення!” – абураліся ўдзельнікі суботніка. А работнік АСП “Харчгандаль” Мікалай Хадан заўважыў: “Да тых, хто зневажае памяць продкаў і засмечвае наш прыгожы раён, трэба прымаць самыя жорсткія меры!”
Работа на суботніку не толькі дазваляе сабраць сродкі на грамадскакарысныя справы і адчуць задавальненне ад стваральнай калектыўнай працы, але і мае пэўны выхаваўчы аспект: чалавек, які шчыраваў на ўборцы і добраўпарадкаванні грамадскіх месцаў, наўрад ці сам потым зламае лаўку ў парку ці панясе ў кусты мяшок са смеццем.
В.КАМАРКОВА, Н.БАГДАНОВІЧ.