Мария Николаевна Поцейко

Ими гордятся

Адкрытая, шчырая, добразычлівая, зараджае сваёй прыемнай і светлай усмешкай. Менавіта так характарызуюць сваю калегу Марыю Мікалаеўну Пацэйка работнікі раённага камбіната бытавога абслугоўвання. Гэта калі коратка. На самой справе яны могуць расказаць пра яе вельмі многае, і гэта будуць добрыя словы.SDC12231

Адно толькі тое, што Марыя Мікалаеўна працуе закройшчыцай швейнага цэха ўжо больш трыццаці гадоў, выклікае павагу. Такі працяглы перыяд працы на адным месцы сведчыць, што чалавек любіць сваю работу, яна блізкая сэрцу. І гэта сапраўды так. М.М.Пацэйка шчыра гаворыць, што ёй падабаецца, кожны дзень хочацца ісці на рабочае месца і быць карыснай іншым. Яе маці таксама займалася швейнай справай, а таму можна сказаць, што гэта спадчыннае.

У 1979 годзе М.М.Пацэйка скончыла Віцебскае тэхнічнае вучылішча №19 і стала працаваць ва Ушачах. Нават у самыя нялёгкія часы заставалася вернай свайму прадпрыемству. Сёння яна прызнаецца, што за гэты час ніколі нават думка не ўзнікала, каб змяніць месца працы і род дзейнасці, нягледзячы на нізкую заработную плату.

За час работы жанчына неаднаразова ўзнагароджвалася грашовымі прэміямі і Ганаровымі граматамі Ушацкага райвыканкама, а ў 2007 годзе імя Марыі Мікалаеўны было занесена на раённую Дошку гонару.

Кіраўніцтва РКБА характарызуе М.М.Пацэйка як добрасумленнага і адказнага работніка, граматнага і высокакваліфікаванага спецыяліста. Яна вызначаецца высокай дысцыплінаванасцю, заўсёды выконвае, а часта і перавыконвае планы работ, паважліва адносіцца да кліентаў.

Прафесійнае майстэрства дазваляе жанчыне вельмі якасна выконваць сваю работу, праяўляць фантазію. А калі ёсць вольны час, не супраць і дома заняцца швейнай справай.

У гэтым годзе праца Марыі Мікалаеўны была ацэнена на яшчэ больш высокім узроўні. За шматгадовую добрасумленную працу ў сферы бытавога абслугоўвання яна ўзнагароджана Ганаровай граматай Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, якая была ўручана ёй на мінулым тыдні. Днямі М.М.Пацэйка адзначыла свой юбілей. Шчырыя віншаванні і пажаданні, добрыя словы ад блізкіх, калег і знаёмых сталі найлепшым падарункам.

В.ПОЛАЗАВА.

На здымку:М.М.Пацэйка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *