У мэтах узмацнення дзяржаўнай падтрымкі насельніцтва быў прыняты Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №41 “Аб дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе”. І хоць пра асновы дакумента мы ўжо расказвалі на старонках газеты, думаецца, нялішнім будзе нагадаць некаторыя аспекты, згодна якім жыхары раёна могуць прэтэндаваць на той ці іншы від выплат. Сёння наша гутарка на гэтую тэму з загадчыцай аддзялення па аказанні адраснай сацыяльнай дапамогі ТЦСАН Ушацкага раёна С.М.САБІНАЙ.
— Святлана Мікалаеўна, нагадайце, калі ласка, якія ўмовы прызначэння штомесячнай і аднаразовай сацыяльнай дапамогі?
— Яна выдзяляецца сем’ям працуючых грамадзян (грамадзянам) пры ўмове, што іх сярэднедушавы даход за апошнія 12 месяцаў па аб’ектыўных прычынах не дасягаў найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ) пры ўмове рэалізацыі права на атрыманне ў адпаведнасці з заканадаўствам аліментаў і сацыяльных трансфертаў (пенсій, дапамог, стыпендый). Каб вызначыць штомесячную дапамогу на кожнага члена сям’і, неабходна адняць ад памеру БПМ сярэднедушавы даход. Пры павелічэнні бюджэту пераразлічваецца і сума падтрымкі.
Прызначаецца дапамога на 6 месяцаў. Пры гэтым заяўнік і члены яго сям’і, якія сумесна пражываюць і вядуць гаспадарку, павінны мець не менш 6 месяцаў заробку. У асобных выпадках складаецца план па самастойным паляпшэнні матэрыяльнага становішча для працаздольных членаў сям’і. Калі ж гэты план не выконваецца, камісіяй прымаецца рашэнне аб адмове ў выдзяленні штомесячнай адраснай дапамогі.
— Калі і як аказваецца аднаразовая дапамога?
— Яна прадастаўляецца адзін раз на працягу каляндарнага года сем’ям або грамадзянам, даход якіх ніжэйшы за 1,5 велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму, і якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Сюды адносяцца: поўная непрацаздольнасць па прычыне інваліднасці або дасягнення 80 гадоў; немагчымасць самаабслугоўвання ў сувязі з захворваннем, для лячэння якога патрабуецца працяглае прымяненне лекаў; смерць жонкі або мужа, бацькоў, дзяцей; прычыненне шкоды жыццю, здароўю, маёмасці ў выніку надзвычайных сітуацый ці супрацьпраўных дзеянняў. Памер такой дапамогі ўстанаўліваецца ў залежнасці ад сітуацыі, у якой знаходзіцца чалавек, аднак не больш за 10 БПМ. Паўторна атрымаць падтрымку на працягу года могуць грамадзяне, якія пацярпелі ад стыхійнага бедства, катастрофы, пажару і інш.
— Каму і пры якіх умовах выдзяляецца дапамога на аплату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі?
— Яна не залежыць ад сярэднедушавога дахода сям’і і аказваецца дзецям ва ўзросце да 18 гадоў, якія не прызнаны інвалідамі, але па медыцынскіх паказаннях патрабуюць такіх прылад, а таксама інвалідам 3й групы.
— Хто мае права на забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця?
— Гэта сем’і працуючых грамадзян, якія маюць сярэднедушавы даход, ніжэйшы за бюджэт пражытачнага мінімуму. Аказваецца падтрымка на кожныя шэсць месяцаў да дасягнення дзіцем 2-гадовага ўзросту на падставе рэкамендацый урача-педыятра. Пры нараджэнні двайнят або трайнят такая дапамога прызначаецца ў любым выпадку.
— Пры якіх умовах аказваецца дапамога для пакрыцця страт на набыццё падгузнікаў?
— Яна не залежыць ад даходу сям’і. Маюць права атрымаць дапамогу дзеціінваліды да 18 гадоў з 4й ступенню страты здароўя і інваліды 1й групы (акрамя тых, чыё калецтва наступіла ў выніку супрацьпраўных дзеянняў, па прычыне алкагольнага, наркатычнага, таксічнага ап’янення, калі сам сябе наўмысна пакалечыў) пасля заключэння ўрачэбнакансультацыйнай камісіі аб патрэбе ў падгузніках або індывідуальнай праграме рэабілітацыі. Неабходна мець дакументы, якія пацвярджаюць набыццё тавару (чэкі з найменнем, коштам і датай). Сума дапамогі не павінна перавышаць 1,5разовага памеру БПМ. Дапамога прызначаецца чатыры разы ў год, але не часцей за адзін раз у месяц.
— Куды неабходна звяртацца за прызначэннем дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі?
— Заява з усімі неабходнымі дакументамі падаецца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна, размешчаны ў доме Саветаў па адрасе: г.п.Ушачы, вул.Ленінская, 12 (кабінет №11) з 8 да 13 і з 14 да 17 гадзін. Рашэнне прымае раённая камісія па прызначэнні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі – у 2014 годзе іх праведзена 56. Дадатковую інфармацыю па лініі дзейнасці аддзялення адраснай сацыяльнай дапамогі ТЦСАН можна атрымаць па нумары 27444.
Даведка:
Ва Ушацкім раёне за 2014 год дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога аказана 1269 грамадзянам на суму 1167465,9 тыс.руб. У тым ліку 380 чалавекам — штомесячна, у агульнай суме атрымалася 578469,3 тыс.руб. Адзін раз дапамогу прызначылі 674 людзям на суму 124050 тыс.руб., у тым ліку на падрыхтоўку дзяцей да школы – 667 грамадзянам на 99050 тыс.руб. На набыццё падгузнікаў выдаткавана 165004,3 тыс.руб., у гэтым спісе значылася 98 чалавек. Тэхнічныя сродкі сацыяльнай рэабілітацыі аплачаны для 17 (15100,1 тыс.руб). Забяспечаны прадуктамі харчавання 100 дзяцей першых двух гадоў жыцця (284842,2 тыс.руб).
У лютым 2014га аддзяленню перададзена працэдура па аказанні матэрыяльнай дапамогі з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва – за год 339 грамадзянам выплачана 109630,8 тыс.руб. На такія выплаты могуць разлічваць непрацуючыя пенсіянеры, інваліды, дзеціінваліды, грамадзяне, якія маюць невялікі даход і аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Падрыхтавала К.КАВАЛЕЎСКАЯ.