До и после прорыва. Из воспоминаний И.К.Подворного

70-годдзе Перамогі Листая страницы истории

І так, вельмі хутка прарыў. Ну а пакуль немцы штодзённа бамбяць і Ушачы, і вёскі. Маю Старыну пакуль не спалілі, хоць наша хата згарэла яшчэ ў 43-­м. Але працягваюцца штодзённыя налёты, хоць у вёсцы няма ніводнага партызана. Людзі хаваюцца ў бліжэйшых кустах і балоце. Аднойчы немец заўважыў у двары Данілу Пепелку. Старык забег у хлеў без даху і прыціскаўся да сцяны – той, дзе яго менш бачна з самалёта. А ён ляціць на нізкай вышыні, высочвае старога, які перабягае на супрацьлеглы бок. Так і “гуляў” з ім лётчык, пакуль не застрэліў.

Наш атрад здаў Ушачы 1 мая. Адышоў у Матырынскі лес, пакінуўшы ля моста дзве кропкі са станковымі кулямётамі: адна на скрыжаванні Ленінскай і Кастрычніцкай, другая ля млыну (Пралетарый). На першай быў мой разлік. Ноччу мы замініравалі апоры моста, вывеўшы шнур да нашай кропкі, на царкве вывесілі чырвоны сцяг, зроблены з абруса. Раніца 2 мая была яснай, пад 9 гадзін на гары, дзе зараз РДК, а тады была царква, паказаліся матацыклісты, аднак, не даехаўшы да моста, спыніліся. Напружанне жудаснае. Пачуўся гул танкаў. Матацыклісты рушыліся, і мы адкрылі кулямётны агонь, яны развярнуліся… Мы адцягнулі “максім” у двор дома, разабралі яго і выйшлі з Ушач – пакінулі нашу партызанскую сталіцу, якой яна была з кастрычніка 1942 па май 1944.

Днём 4 мая было адносна спакойна, а ў ноч увесь лес асвяцілі ракеты. На вастрыі ўдару знаходзілася 1­Антыфашысцкая брыгада пад кіраўніцтвам Гіль­Радыёнава, а па яе флангах – імя Сталіна, Панамарэнкі і Чапаева. Хоць мы і прарваліся, аднак вайна не скончылася, хуткацечныя баі працягваліся па ўсёй тэрыторыі.

У нашай вёсцы практычна не засталося хат. Мама і брат перабраліся ў лазню ля ручая, суседзі вакол ці ля комінаў пабудавалі зямлянкі. Нашы ж пасля 5 мая жылі пад пільным наглядам: на агародзе, дзе раней быў хлеў – цяпер кулямётнае гняздо з бліндажом, а ля ўцалеўшага хлява суседа Аляксея Клачка – гармата. Калі суседзі ў вёсцы маглі наведваць адзін аднаго, то да нашых нікога не пускалі і яны не маглі адыходзіць далей невялікага кавалка зямлі. Хаця больш яны – жанчына і падлетак – і не маглі б апрацаваць. І так у кожнай вёсцы. Надыходзіць час выканаць сялянскі доўг – не пакінуць незасеянай зямлі – а няма каму.

Немцы пакінулі вёску за тыдзень да прыходу Чырвонай Арміі. Бацька пасля вызвалення раёна непрацяглы час пабыў з сям’ёй, пакуль не стаў вайскоўцам І Прыбалтыйскага фронту – кулямётчыкам ручнога кулямёта. Быў тройчы паранены, вярнуўся дадому ў 1946­м са шпіталя ў Ніжнім Тагіле. За знішчэнне важнага нямецкага афіцэра і дастаўленыя ў штаб цэнныя даныя ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

А маці пасля вызвалення раёна па запыце атрымала паведамленне, што яе сыны Міхаіл і Віктар загінулі: Міхаіл у Вілейскай вобласці, Віктар пры прарыве блакады. Пра мяне бацькі даведаліся толькі ў ліпені 1945 года, калі атрымалі з Прагі трэці напісаны мной ліст…



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *