Традыцыйны аб’езд райцэнтра, які праводзіў напачатку тыдня старшыня райвыканкама В.В.Родзіч разам з кіраўнікамі адказных за парадак у гарпасёлку службаў, меў на мэце праверыць стан як тэрыторый прадпрыемстваў, так і гарадскіх вуліц, двароў, падворкаў.
Відавочна, што гэтыя рэйды даюць свой плён: так, напрыклад, прыкметна лепш стала выглядаць тэрыторыя размеркавальных складоў райспажыўтаварыства, а пасля агучаных у мінулы раз заўваг наконт акуркаў,якія тут можна было ўбачыць паўсюдна, у двары з’явілася спецыяльна абсталяванае месца для курэння са сталом, лаўкамі, урнай. Многае зроблена камунальнікамі, каб прывесці ў прыстойны выгляд сажалкі па вуліцы Калінінскай у раёне льнозавода, аднак работы тут яшчэ непачаты край. Не ўпрыгожваюць тутэйшы пейзаж і паўразбураныя дваровыя пабудовы размешчанага паблізу прыватнага дома. На тэрыторыі ля двухпавярховага дома медработнікаў ЦРБ па вуліцы Савецкай рэжуць вока рэшткі старых цяпліц. Неахайны выгляд мае ўчастак ля прыватных адрын, што размешчаны за цэнтральнай кацельняй гарпасёлка. Некаторыя гаспадары выкарыстоўваюць іх для ўтрымання жывёлы і птушкі: справа, канечне, добрая, але ж трэба пры гэтым падтрымліваць парадак, захоўваць санітарныя нормы.
Найбольш жа ўразіў удзельнікаў рэйду стан тэрыторыі ля прыватнага прадпрыемства ТАА “БелэкаМАГ”, якое размешчана непадалёк ад райбальніцы. Напэўна, яго гаспадары спадзяваліся, што ў іх ціхі завулак кантралюючыя парадак службы не зазірнуць, бо забрудзілі вытворчую тэрыторыю і наваколле кучамі будаўнічага і бытавога смецця, адпрацаванымі шынамі. Раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выдала дырэктару таварыства прадпісанне на ліквідаванне звалак і склала пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.
У чарговы раз хочацца звярнуцца да грамадзян, якія не абцяжарваюць сябе навядзеннем парадку на прысядзібнай тэрыторыі, звальваюць побач са сваімі дамамі гаспадарчы хлам ці зносяць яго ў бліжэйшыя кусты. Рана ці позна за парушэнне санітарных і экалагічных нормаў давядзецца адказаць. І яшчэ адзін аспект: ля многіх дамоў ушачан можна ўбачыць складзеныя будаўнічыя матэрыялы. Піраміды з блокаў і шыферу, кучы пяску і шчэбеню не толькі не ўпрыгожваюць выгляд вуліцы, але часам нават перашкаджаюць хадзіць па абочыне. Падобную карціну, напрыклад, можна назіраць ля аднаго з дамоў па Полацкай, гаспадары якога згрузілі ля дарогі бетонныя кольцы, і каб абысці перашкоду, людзям трэба выходзіць практычна на праезную частку. Як патлумачыў намеснік дырэктара УП ЖКГ Д.Шасцярэнь, згодна правіл утрымання населеных пунктаў, гаспадары прыватных дамоў павінны складваць будаўнічыя матэрыялы на сваім падворку, а за парушэнне гэтага пункту можа быць назначана адміністрацыйнае пакаранне.
Наталля БАГДАНОВІЧ.