Хроника происшествий в Ушачском районе

Закон - один для всех

Злачынец шырокага профілю

15,5 грама марыхуаны ўшацкія праваахоўнікі знайшлі ў жыхара Наваполацка 1982 года нараджэння, раней судзімага за парушэнне “антынаркатычнага” заканадаўства. На гэты раз шкоднае зелле мужчына прывёз у дом сваёй мамы ў Гарбаціцу. Дарэчы, адказваць перад законам грамадзяніну давядзецца не толькі па гэтай крымінальнай справе – днямі ён пагражаў сваім цесцю і цешчы забойствам, размахваючы перад імі сякерай.

Б’е – значыць любіць біць

34-гадовая жыхарка аграгарадка Арэхаўна неаднаразова цярпела здзекі, пабоі і знявагу з боку свайго беспрацоўнага сужыцеля 1983 года нараджэння. Пасля чарговай “разборкі” жанчына вырашыла звярнуцца ў міліцыю і паведаміць аб рукапрыкладствах хатняга тырана. У адносінах яго ўзбуджана крымінальная справа, дарэчы, ужо не першая ў яго біяграфіі: у маі 2014 года мужчына быў асуджаны за аналагічнае злачынства ў адносінах гэтай жа грамадзянкі.

Нашчадак – тыран

Якім бы жорсткім не было пакаранне па ўзбуджанай у адносінах ушачаніна 1950 года нараджэння крымінальнай справе, гэтага яму ўсё роўна будзе мала. У адзін з дзён мужчына, падагрэўшыся знутры алкаголем, завітаў у госці да сваёй пажылой маці. Вось толькі агульную мову з блізкім чалавекам знайсці не змог – пачаў сварыцца, а потым увогуле пабіў 91-гадовую жанчыну.

Прыбарахліўся

У райаддзел міліцыі звярнулася мінчанка з заявай аб тым, што з яе дачнага дома ў Малых Дольцах зніклі прадметы адзення і абутку. Невядомы і, па ўсім відаць, раздзеты злодзей, тайна пранік у памяшканне, адкуль вынес бушлат, жаночыя туфлі, боты і іншае. Грамадзянцы нанесены ўрон на суму 550 тысяч рублёў. А злачынец, напэўна, дзесьці прымярае абноўкі…

“Эканомны” бацька

Крымінальная справа ўзбуджана ў адносінах жыхара вёскі Мосар 1980 года нараджэння, які з пачатку 2014 года ўхіляецца ад выплаты аліментаў на шасцігадовую дачку. На жаль, гэта ўжо не першы выпадак, калі бацькі не лічаць сваім доўгам клапаціцца пра сваіх нашчадкаў.

Крымінальны ўлоў

Пакуль невядомы злодзей залез у дачны дом жыхара вёскі Пад’язна ў Чарнаруччы, дзе яго ўловам сталі двухканфорачная пліта і іншыя рэчы на суму 520 тысяч рублёў. Па факце крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *