Дзень работы з насельніцтвам Вяркудскага сельсавета пачаўся з традыцыйнага прыёму грамадзян па асабістых пытаннях. Прычым старшыня райвыканкама В.В.Родзіч праводзіў прыём у тым самым населеным пункце, што і падчас свайго першага прыёму ў раёне – у Дубраўцы. Людзей прыйшло меней, чым у 2013 годзе, ды і пытанні насілі ў асноўным асабісты характар – прыватызацыя ведамаснага жылля, працаўладкаванне. Калектыўным можна лічыць толькі просьбу аб тым, каб была наладжана аўтобусная сувязь з Полацкам увечары пятніцы і нядзелі.
А вось старэйшына вёскі Уладзімір Васільевіч Паўловіч прыйшоў ад імя усіх вяскоўцаў падзякаваць кіраўніку раёна за тое, што захавана паштовае аддзяленне, запатрабаванае насельніцтвам, а таксама старшыні ААТ “Дземенец” за тое, што забяспечыў усіх зернем. Больш жа часу размова вялася пра мінулае і будучае вёскі. Уладзімір Васільевіч пасялянску мудра разважаў: “Было 500 кароў, з іх 500 цялят – вось і грошы. Тэлевізар за зарплату мог купіць той, хто працаваў. А зараз які выхад цялят, якія прывагі…”. Трэба працаваць – адзінае выслоўе, з якім пагадзіліся ўсе. У тым ліку і па навядзенні парадку ў вялікай і раскіданай вёсцы. Многае зроблена ў гэтым населеным пункце, аднак вельмі многае засталося прывесці ў парадак.
Ліквідацыя несанкцыянаваных звалак, пра якія дакладвалі практычна ўсе кіраўнікі працоўных груп, перш за ўсё сведчыць пра адсутнасць сістэмнай работы з насельніцтвам. Схема – у кожнай вёсцы, дзе няма кантэйнераў, павінна быць адведзена месца ўтылізацыі адходаў – пакуль не працуе. Таму яшчэ раз варта нагадаць жыхарам: калі такога месца пакуль няма, звяртайцеся да старшыні свайго сельвыканкама, і яно будзе адведзена. Бо ў выпадку, калі сметнік будзе выяўлены ля вашага дома – давядзецца заплаціць штраф.
Больш складаная работа па прывядзенні ў парадак або ліквідацыі кінутых дамоў. Па Вяркудскім сельсавеце іх таксама нямала.
Паступалі пытанні па якасці вады – як вядома, утрыманне жалеза па раёне практычна ўсюды перавышае норму, а будаўніцтва станцый абезжалезвання ў бліжэйшы час не плануецца. Таму самае лепшае – набыць фільтры для ачысткі пітной вады. Гэта не будзе лішнім і для тых, хто карыстаецца калодзежнай. Намнога горш увогуле застацца без вады, а адно такое месца ў Гарбаціцы ёсць – ля старой школы, праблему будуць нейкім чынам рашаць.
Увогуле ж людзі практычна не задавалі падобных вострых пытанняў. Медыкі іх наведваюць, аўталаўка забяспечвае як харчовымі, так і прамысловымі таварамі, пенсія прыходзіць своечасова, працуюць сацыяльныя работнікі. Адным з самых праблемных лічыцца Вяркудскі сельвыканкам у крымінагенным плане, тут нямала раней судзімых асоб, проста непрацуючых, ёсць і наркаманы, багаты прыгожы азёрны край на браканьераў.
Дэталёвае абмеркаванне, у тым ліку і на мясцовасці, датычылася правядзення раённых “Дажынак”, якія будуць сёлета праходзіць у аграгарадку Вяркуды.
Вольга КАРАЛЕНКА.